Дата фестывалю: 11, 12 чэрвеня
Галоўная пляцоўка: летні Амфітэатр
Галоўная падзея: фестываль прысвечаны дваццатай юбілейнай даце
Маладзечанцы як і жыхары ўсёй краіны чакалі гэтай падзеі два гады.
Юбілейны дваццаты фестываль “Маладзечна – 2021” пачаўся з адкрыцця выставы “Фестываль.Духоўнасць.Культура”. Гэта прэзентацыя гісторыі фестывальнага жыцця ад вытокаў да нашых дзён у выглядзе экспрэс-панарамы, якая змяшчала 17 тэматычных модулей, звязаных адзін з адным у храналагічным парадку.
Горад з самай раніцы напоўніўся яркімі фарбамі і беларускімі мелодыямі. На Цэнтральнай плошчы і ўздоўж вуліцы Прытыцкага разгарнулася пляцоўка “Творчы квартал Міншчыны”. Прадстаўнікі ўсіх раёнаў Мінскай вобласці прыехалі на фестываль, каб прэзентаваць багатыя культурныя традыцыі свайго рэгіену, а таксама парадаваць гасцей творчымі нумарамі і работамі дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва.
“Горад майстроў” адно з традыцыйных і вельмі чаканых мерапрыемстваў. Маладзечанцы і шматлікія госці лічаць сваім абавязкам наведаць гэту выставу-кірмаш. У юбілейны фестываль пляцоўка была як ніколі разнастайнай. Майстры і рамеснікі – маладзечанцы і прыезджыя з усіх гарадоў нашай краіны не толькі прадставілі свае цудоўныя вырабы, але і радавалі гледачоў выдатна аформленымі экспазіцыямі, майстар-класамі. Яны ў чарговы раз пацвердзілі бясспрэчную ісціну, што беларуская зямля багатая на таленты.
Чацвёрты фестываль запар ва ўтульнай зале Палаца культуры прайшоў праект “Асобы эпохі”. Госцяй творчай імпрэзы ў гэтым годзе стала народная артыстка Беларусі Анастасія Масквіна. Яна з’яўляецца лаўрэатам Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, узнагароджана медалём Францыска Скарыны. З 2002 года – салістка Вялікага тэатра Беларусі, якая валодае моцным, прыгожым і мяккім сапрана. Шмат аматараў музычнага мастацтва сабраліся, каб пранікнуцца атмасферай творчасці. Сустрэча атрымалася цікавай і запамінальнай. Паміж гледачамі і народнай артысткай адбыўся жывы дыялог. Таксама Анастасія Ігараўна, дзякуючы мультымедыйным матэрыялам, акунула ўсіх у вір памяці свайго творчага жыцця. Непаўторная энергія жанчыны захапіла ўсіх прысутных.
Падчас творчага форуму “Маладзечна – 2021” адбыўся канцэрт харавога ансамбля “Concertino” Беларускага саюза кампазітараў. Мерапрыемства прайшло ў рамках культурна-адукацыйнага праэкту “Музыка беларускіх кампазітараў – пакаленню XXI стагоддзя” ў касцёле Святога Юзафа. Вакалісты выступілі з канцэртам беларускай харавой музыкі, прадставілі прэм’еры новых і добра вядомых твораў, якія сталі сапраўды “народнымі”, творы беларускіх кампазітараў-класікаў. У выкананні ансамбля “Concertino” прагучалі кампазіцыі Алены Атрашкевіч, Аліны Безенсон, Віктара Кісцені, Дзмітрыя Лыбіна, Яўгена Паплаўскага, Аляксандра Рашчынскага, Ігара Янкоўскага. Творчае мерапрыемства дазволіла слухачам блізка пазнаёміцца з беларускай музыкай, ацаніць яе высокі мастацкі ўзровень.
Упершыню на фестывалі на Цэнтральнай плошчы прайшоў парад духавых аркестраў Мінскай вобласці. Падчас творчага мерапрыемства “Фанфары Міншчыны” зводны аркестр, у які ўвайшлі два аркестры са Слуцка (дзіцячы і дарослы), па адным са Смалявічаў, Вілейкі, Маладзечна і Старых Дарог, з двух бакоў падышоў да цэнтральнай плошчы горада, дзе выканаў пяць агульных нумароў. Затым кожны з іх прадставіў сольны нумар. Удзельнікаў зводнага аркестра суправаджалі тры групы мажарэтак з Вілейкі, Стоўбцаў і Слуцка.
Увечары ў летнім Амфітэатры прайшло урачыстае адкрыццё юбілейнага ХХ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2021”. Па традыцыі яно пачалося з віншавальнага прывітання ад кіраўніка дзяржавы і ўзнагароджвання пераможцаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. У конкурсе прыняло ўдзел 20 юнакоў і дзяўчат з усіх абласцей краіны і горада Мінску. Уладальнікам Гран-пры і спецыяльнага прыза Уладзіміра Мулявіна стала прадстаўніца Віцебскай вобласці Ніколь Фургал. Рашэннем журы першую прэмію і званне лаўрэата атрымаў Дзяніс Чуракоў (Магілёўская вобласць), другую – Ганна Цітовіч (Брэсцкая вобласць), а трэцюю – Ангеліна Васілеўская (г.Мінск).
Жыхарам і гасцям горада была прадстаўлена прэм’ера канцэрта “Талака”, прысвечаная творчасці класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча і генія беларускай песні Ігара Паліводы, у выкананні Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор – народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесар Міхаіл Фінберг.
У гонар 20-га юбілею завяршэннем першага святочнага дня стаў яркі феерверк. Узнёсла і велічна загучала знакамітая песня Ігара Паліводы “Маладзечна”, якая абвесціла аб правядзенні фестывалю.
На другі дзень фестывальная сталіца Маладзечна працягвала жыць святам беларускай песні і паэзіі. На сцэне Палаца культуры адбыўся гала-канцэрт “Маладзічок” запальвае зоркі” лаўрэатаў IX адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок – 2021”. Маладыя таленты стварылі на сцэне сапраўднае дзіва. Чыстыя звонкія галасы і яркія цікавыя вобразы ўразілі гледачоў, пакінулі адчуванне незабыўнага свята. Ззянне юных зорачак разбудзіла душу і дакрынулася да сэрцаў кожнага.
Аўтарскі праект “Суразмоўцы” пісьменніка, заслужанага дзеяча культуры Навума Гальпяровіча з выязной версіяй праграмы тэлеканала “Беларусь 3” прайшоў у зале ўрачыстасцяў Палаца культуры. З пачатку свайго існавання “Суразмоўцы” трымаюцца на тым, што да размовы запрашаюць цікавых асоб, якія вызначыліся ў сваёй прафесіі, зрабілі значны ўклад у культурную, навуковую сферы жыцця краіны...Гасцямі праграмы ў Маладзечне сталі старшыня Саюза кампазітараў Беларусі Алена Атрашкевіч, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах і намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі, дырэктар па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Аляксандр Суша. Творчая сустрэча яшчэ раз падкрэсліла, наколькі шчырыя, таленавітыя, адданыя сваей Радзіме людзі жывуць у Беларусі.
Аматары літаратурнага і музычнага мастацтва горада Маладзечна падчас ХХ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі сталі ўдзельнікамі музычна-паэтычнай гасцёўні “Святло Радзімы. Радасць Перамогі”. Вялі імпрэзу ў малой зале Палаца культуры першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, журналістка, паэтэса Алена Стэльмах і старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, празаік, мовазнавец Міхась Пазнякоў. Апладысментамі гледачы сустракалі заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Навума Гальпяровіча, беларускіх паэтаў Уладзіміра Мазго, Віктара Шніпа, Валерыя Максімовіча, Таццяну Атрошанка і многіх іншых вядомых беларускіх паэтаў, якія вызначаюцца сваёй самабытнасцю і непаўторнасцю. Іх вершаваныя радкі – сама шчырасць, лірычнасць, само каханне, любоў да Радзімы, бясконцы душэўны боль за лёс Бацькаўшчыны. А беларуская мова такая, што замілоўвае і слых, і душу.
Адным з упрыгожванняў Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2021” стала адноўленая “Паўлінка”. Найстарэйшы спектакль у рэпертуары Купалаўскага тэатра прайшоў на сцэне канцэртнай залы Палаца культуры.
Адноўленая прэм’ера адбылася ў сакавіку гэтага года, ёю па традыцыі адкрылі новы сезон – 101-й. Пастаноўку ўзнавілі і амаладзілі, у трупу прыйшло маладое пакаленне артыстаў. Вядома ж, час ідзе, і прыўносіць ў гэты спекталь нешта новае. Персанажы вельмі адрозніваліся у залежнасці ад таго, хто іх гуляў, аднак Паўлінка заўсёды была звонкая і пявучая. Маладзечна – гэта не толькі горад з багатай культурнай гісторыяй, гэта яшчэ і пачатковая кропка ў біяграфіі новай Паўлінкі Купалаўскага тэатра Анастасіі Варанковай. У цяперашняй выканаўцы галоўнай ролі родам з Маладзечна вельмі добры голас, яна вельмі чыста спявае. А яшчэ адна найважнейшая рыса пастаноўкі – цеплыня. Менавіта атмасферу чалавечай цеплыні і ветлівасці тэатр прывёз з сабой на фестываль.
Заключны гала-канцэрт дваццатага юбілейнага фестывалю “Маладзечна – насустрач шлягерам” у Амфітэатры адкрылі народныя артысты Беларусі Анастасія Масквіна і Уладзімір Громаў.
На сцэне сустрэліся беларускія паэты, кампазітары і артысты, якія на працягу 20 гадоў бралі ўдзел у жыцці фестывалю, песні якіх упрыгожвалі канцэрты фестывальных дзён. Сярод іх народны артыст Беларусі, кампазітар Васіль Раінчык, заслужаныя артысты Беларусі Аляксандр Саладуха, Жанет, Алёна Ланская, Вікторыя Алешка, кампазітар Алена Атрашкевіч, лаўрэаты конкурсу маладых выканаўцаў розных гадоў і іншыя. Завяршыўся вечар пад песню “Прыязджайце да нас у Беларусь” заслужанага дзеяча мастацтваў Алега Елісеенкава. Падчас яе на сцэну выйшлі ўсе, хто выступаў на канцэрце. Гледачы апладзіравалі артыстам стоячы.
Пасля закрыцця фестывалю “Маладзечна – 2021” культурнае жыццё горада не спынілася. Жыхароў раённага цэнтра чакаў культурны сюрпрыз у выглядзе канцэртнай праграмы “Прысвячэнне Песняру” дзяржаўнага ансамбля “Песняры”.
У вялікай зале Палаца культуры прайшоў канцэрт знакамітага беларускага калектыву, які быў прысвечаны 80-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна. Мелодыі новых і раней вядомых твораў не пакінулі раўнадушнымі наведвальнікаў урачыстага мерапрыемства.
Яшчэ адна яркая старонка ўвайшла ў гісторыю нашай культуры.