Заказ
бiлетаў:

  • +375 (176) 55-55-55 — гарадскi
  • +375 (29) 175-27-84 — вэлком
  • +375 (29) 853-27-84 — мтс
kvitki.by

7360

iнфармацыя
i заказ бiлетаў

Пра фестываль

«Маладзечна» – 1993

“МАЛАДЗЕЧНА – 1993”

 

          Актыўна і мэтанакіравана вялася работа па падрыхтоўцы да аднаго з маштабнейшых мерапрыемстваў у гісторыі горада – І Рэспубліканскага фестывалю песні і паэзіі, які ўпершыню праходзіў у Маладзечне ў 1993 годзе з 4 па 6 чэрвеня. Гэты фестываль і стаў стартавай пляцоўкай на шляху новай добрай традыцыі. Галоўнай пляцоўкай фестывалю быў выбраны гарадскі стадыён на восем тысяч месцаў.

         У матэрыялах прэсы таго часу можна было прачытаць такія радкі: “Усё выглядала шыкоўна з першай да апошняй хвіліны свята… Маладзечанцы падарылі сабе і свету сапраўдны фэст, cапраўднае агульнанароднае музычнае свята. І не толькі музычнае. Усе фестывальныя дні на пляцоўках кіпела і пералівалася рознымі фарбамі творчасць. Маладзечанцы і госці горада ў поўнай меры атрымалі “і хлеб, і відовішча”.

         Прафесійныя мастакі і народныя ўмельцы, юныя майстры разгарнулі сапраўдны вернісаж сваіх работ. Была задзейнічана імправізаваная сцэна ля былога ўжо магазіна “Юбілейны”, дзе выступалі калектывы мастацкай самадзейнасці. Музычным стрыжнем фестывалю стала выступленне Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, які, дарэчы, суправаджаў усе творчыя нумары артыстаў.

         Сюжэты пра Маладзечна трансліраваліся па тэлебачанні, у рэспубліканскіх газетах і часопісах з’яўляліся артыкулы пра фестываль.

         У горад завітала шэраг знакамітых людзей, зорак расійскай эстрады: у нас у гасцях былі Марына Хлебнікава, Марына Цхай, Фёдар Брадаржынскі. Нашу краіну з гонарам прадстаўлялі Віктар Вуячыч, Вадзім Касенка, Аляксандр Саладуха, Ліка Ялінская, Іна Афанасьева, “Сябры”, “Верасы”, “Ражство”. Пашчасціла заявіць пра сябе на ўсю Беларусь маладым выканаўцам – Іне Галімавай, Алене Дзіва, Аксане Пятровай, Андрэю Дэбышу, Анжаліцы Ют, Марыі Зіміной і інш.

         У фестывальныя дні прайшлі канцэрты песні народаў рэспублікі, рок-гуртоў, сучаснай беларускай песні, “Джаз апоўначы”. Прайшлі сустрэчы беларускіх паэтаў і пісьменнікаў з маладзечанцамі і гасцямі горада.

         Фестывальныя дні запомніліся не толькі яркім феерверкам і дажджом з руж і гваздзікоў, які “праліўся” на трыбуны, поўныя гледачоў.

         Падчас свята прайшлі два туры конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні, дзе вызначылася пераможца – Алена Сауленайтэ, якая атрымала галоўны прыз – ВАЗ 2109 разам з пераходным прызам “Залатая галінка папараці”, выкананым па эскізе маладзечанскага мастака Юрыя Герасіменкі-Жызнеўскага. Дарэчы, падрыхтоўкай да самага першага фестывалю, афармленнем афіш, буклетаў і лістовак займаліся маладзечанскія мастакі. Імі была распрацавана галоўная эмблема фестывалю, а таксама выява птушкі, якая спявае і вось-вось узляціць увысь. Гэты вобраз быў надрукаваны на значках і медалях фестывалю, і таксама рэалізаваны ў выглядзе сувенірных фігурак.

         У час працы аргкамітэта фестывалю на абмеркаванне выносіліся шматлікія пытанні: пытанні рэкламы, ілюмінацыі, парадку ў горадзе, стварэння значкоў, медалёў, талісманаў, вымпелаў, буклетаў, забеспячэння ўсім неабходным прэс-цэнтра, арганізацыі работы ў ім акрэдытацыі, пражывання і харчавання журналістаў, забеспячэння іх неабходнай інфармацыяй. Кіраўніком прэс-цэнтру ў 1993 годзе быў абраны галоўны рэдактар “Маладзечанскай газеты” Аляксандр Хазянін.

         Што датычыцца прызавога фонду фестываля “Маладзечна – 1993”, то прадугледжвалася яго раздзяліць наступным чынам: адзін прыз за 1 месца, два за другое, тры за трэцяе. Спецыяльныя прызы меркавалася ўручыць за лепшую песню (за музыку – кампазітару, за вершы – паэту), а таксама аўтару аранжыроўкі песен, самаму маладому ўдзельніку, лепшаму калектыву-выканаўцу і інш.

         Па словах старшыні Фонду фестывалю ў 1993 годзе Ідэльчыка Яфіма Аронавіча, першы фестываль не насіў камерцыйнага характару – галоўнай яго мэтай было стварыць умовы для адраджэння нацыянальнай культуры, даць гэтай вялікай справе новы імпульс, выявіць маладыя таленты. Да таго ж усе фестывальныя расходы ляглі на спонсараў. Прычым актыўны ўдзел у фінансаванні свята прынялі не толькі камерцыйныя структуры, а і дзяржаўныя прадпрыемствы.

         Па дадзены, апублікаваных у прэсе, падчас фестывалю было акрэдытавана каля 100 работнікаў тэлебачання, звыш 40 журналістаў радыё, газет і часопісаў… Вяліся прамыя рэпартажы на тэлебачанні ў краінах СНД. Трансляцыя з Маладзечна праз спадарожнік вялася на абодва ўзбярэжжы ЗША.

         Першы фестываль атрымаў рэзананс у прэсе: у газеце “Рэспубліка” адзначаны высокі мастацкі ўзровень фестывалю, багаты кампазітарскі патэнцыял і багацце нашай песеннай скарбонкі, мілагучнасць роднай матчынай мовы.

         У “Знамени юности”, акурат пасля фестывалю, вядомымі творчымі людзьмі ўжо тады вялася гаворка, што “такі фестываль, што адбыўся ў Маладзечне, трэба рабіць міжнародным”, адзначаецца дружалюбная атмасфера свята, высокі ўзровень культуры маладзечанцаў.