Заказ
бiлетаў:

  • +375 (176) 55-55-55 — гарадскi
  • +375 (29) 175-27-84 — вэлком
  • +375 (29) 853-27-84 — мтс
kvitki.by

7360

iнфармацыя
i заказ бiлетаў

Пра фестываль

«Маладзечна» – 2001

“МАЛАДЗЕЧНА – 2001”

 

            У 2001 годзе дзякуючы падтрымцы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі фестываль у Маладзечна атрымаў статус нацыянальнага і агульнадзяржаўнага культурнага свята. У тым жа годзе ў фестываля беларускай песні і паэзіі з'явіўся свой ​​юбілейны каляндар, звязаны з лёсамі кампазітараў, паэтаў, выканаўцаў. З фестывальных сцэн гучалі вершы Янкі Купалы і Янкі Лучыны, Максіма Багдановіча і Уладзіміра Дубоўкі, Аркадзя Куляшова і Пімена Панчанкі.

            Першы вялікі фестывальны канцэрт у 2001 годзе быў названы радком з верша знакамітага беларускага паэта Уладзіміра Дубоўкі “О, Беларусь, мая шыпшына…”

            Фестывальная праграма “Маладзечна – 2001” складалася з шасці канцэртаў. Разам з Дзяржаўным канцэртным аркестрам Рэспублікі Беларусь выступілі вядомыя калектывы, сярод якіх Нацынальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны Міхаіла Дрынеўскага, Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р. Шырмы, мастацкі кіраўнік якой народная артыстка Рэспублікі Беларусь Людміла Ялфімава, Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр імя І. Жыновіча і яго мастацкі кіраўнік народны артыст Беларусі Міхаіл Казінец, ансамбль “Бяседа”, створаны народным артыстам Беларусі Леанідам Захлеўным, а таксама народныя артысты СССР Ігар Лучанок і Уладзімір Мулявін, народныя артысты Беларусі Анатоль Ярмоленка, Валерый Іваноў, Васіль Раінчык.

            Тры дні на вуліцах, плошчах, у парку гучала беларускае слова – вершаванае і пакладзенае на музыку. У рамках гэтага фэсту адбыліся сустрэчы з Вольгай Іпатавай, Навумам Гальпяровічам, Міколам Шабовічам, Алесем Пісьмянковым, Леанідам Дранько-Майсюком. Паэты чыталі вершы, адказвалі на шматлікія пытанні гараджан.

            Па выніках конкурсу маладых выканаўцаў перамогу атрымаў Дзмітрый Качароўскі, якому былі ўручаны ключы ад аўтамабіля.

            Да мерапрыемства шмат было зроблена па добраўпарадкаванні горада, мастацкаму афармленню плошчы, праспекта. Працаваў “Горад майстроў”, быў арганізаваны выяздны гандаль.