Заказ
бiлетаў:

  • +375 (176) 55-55-55 — гарадскi
  • +375 (29) 175-27-84 — вэлком
  • +375 (29) 853-27-84 — мтс
kvitki.by

7360

iнфармацыя
i заказ бiлетаў

Пра фестываль

"Маладзечна" - 2016"

"Маладзечна - 2016”

           Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна” адбыўся сёлета ў шаснаццаты раз. Напрацягу двух дзён з 10 па 11 чэрвеня на галоўных канцэртных пляцоўках горада прайшлі шматлікія творчыя сустрэчы.

           Лейтматывам фестывалю ў гэтым годзе была знакавая дата – 75-годдзе з дня нараджэння савецкага і беларускага музыканта, выканаўцы, кампазітара, аранжыроўшчыка, заснавальніка і мастацкага кіраўніка беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры” Уладзіміра Мулявіна. Менавіта гэтаму таленавітаму чалавеку былі прысвечаны асноўныя мерапрыемствы фестывалю

           У першы фестывальны дзень у выставачным фае Палаца культуры адбылася творчая прэзентацыя выставы “Я заўсёды з вамі…Мулявін” да 75-годдзя з дня нараджэння народнага артыста СССР Уладзіміра Мулявіна з фондаў Нацыянальнага музея імя Ул.Г.Мулявіна. Таксама была прадстаўлена фотавыстава “Невядомыя фатаграфіі Уладзіміра Мулявіна” лаўрэата прэмій World Press Photo, Саюза журналістаў Беларусі, “Золотая Литера” Юрыя Іванова. Усе жадаючыя змаглі пазнаёміцца з такім Мулявіным, якім яго бачылі толькі самыя блізкія людзі: вясёлым, усміхаючымся, з пачуццём гумару, і самае галоўнае – чалавекам, які так любіў жыццё.

          10 чэрвеня Заслужаны калектыў “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэата прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесара Міхаіла Фінберга запрасіў жыхароў і гасцей фестывальнага Маладзечна на II і ІІІ туры рэспубліканскага этапу Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні.

          Урачыстае адкрыццё песенна-музычнага форуму прайшло на сцэне летняга Амфітэатра 10 чэрвеня. У канцэрце-адкрыцці “Песенная спадчына Уладзіміра Мулявіна” адбылася прэм’ера канцэрта Заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”. Галоўны дырыжор – Міхаіл Фінберг.

          Падчас канцэрта прайшла цырымонія ўзнагароджвання лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Галоўная ўзнагарода – прыз Ул.Мулявіна – крышталёвая гітара. Яе атрымаў малады спявак, прадстаўнік Мінскай вобласці Аляксандр Саванец.

          Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі па традыцыі прапаноўваў гасцям музычнага свята цікавыя канцэртныя праграмы з рознымі дзеячамі культуры і мастацтва. Не стаў выключэннем і сёлетні форум – на канцэрт “Вясёлая сямейка” запрасіў Нацыянальны цэнтр музычнага мастацтва імя Ул.Мулявіна Маладзёжнага тэатра эстрады.

          11 чэрвеня на сцэну летняга Амфітэатра выйшлі вакалісты, пераможцы і лаўрэаты міжнародных конкурсаў і фестываляў. Падтрымліваў юных зорачак вакальна-харэаграфічны ансамбль “Заранак”.

          Насычаная фестывальная праграма прапанавала аматарам сцэнічнага мастацтва наведаць спектакль “Пясняр”, які адбыўся ў Палацы культуры г.Маладзечна 11 чэрвеня. Пастаноўку па п’есе драматурга Васіля Дранько-Майсюка прадставіў Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М.Горкага. Рэжысёр – заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Валянціна Еранькова.

          У спектаклі прагучалі песні ансамбля “Песняры”. Дзеля гэтага былі выбраны артысты з самых спяваючых труп сярод драматычных тэатраў Беларусі. Ролю “Пясняра” выканаў артыст тэатра і кіно Сяргей Жбанкоў. Убачылі гледачы і заслужаных артыстаў Рэспублікі Беларусь Сяргея Чэкерэса, Ганну Маланкіну, Андрэя Душачкіна, а таксама Аляксандра Ждановіча, Сяргея Юрэвіча, Андрэя Захарэвіча, Івана Стральцова, Вераніку Пляшкевіч, Уладзіміра Глотава і многіх іншых.

          Яскравым завяршэннем фестывалю ў Маладзечне стаў канцэрт-закрыццё XVI Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2016” “Беларусь – крыніца натхнення” з удзелам зорак беларускай эстрады.

          У апошні фестывальны дзень на сцэну Амфітэатра выйшлі заслужаныя артысткі Рэспублікі Беларусь Іна Афанасьева, Ірына Дарафеева, Вікторыя Алешка, Дзяржаўны ансамбль танца Рэспублікі Беларусь, Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь вакальная група “Чысты голас”, фальклорны гурт “Палац”, Вольга Вронская, Аляксандр Сухараў і іншыя.

         Акрамя асноўных мерапрыемстваў, фестывальная праграма прапаноўвала гледачам і ўдзельнікам музычна-паэтычнага свята шэраг цікавых мерапрыемстваў:

             - канцэрт акадэмічнай музыкі “Бліскучыя меласферы беларускіх майстроў” у выкананні творчых калектываў Заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі;

            - выстава твораў выяўленчага мастацтва Беларусі (з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея “Вобразы мілыя роднага краю”;

           - канцэрт песні “Цудоўныя музычныя фарбы ў родных кутках бацькаўшчыны” ў выкананні Заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”. Салісты-лаўрэаты міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў: заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Наталля Тамела, Таццяна Глазунова, Галіна Грамовіч, Аляксандр Салаўёў, Яўген Цымбаліст і многія іншыя;

           - паэтычная гасцёўня “Малітва за Беларусь” з удзелам беларускіх паэтаў;

         На працягу двух фестывальных дзён разгарнулі працу адкрытыя пляцоўкі, якія размясціліся на Цэнтральнай плошчы, вуліцы Прытыцкага, у гарадскім парку культуры і адпачынку імя Перамогі. Так, “Фестывальная талака” прапанавала гараджанам і гасцям горада выступленні творчых калектываў Маладзечанскага рэгіёна. Выстава дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва народных майстроў і ўмельцаў горада і раёна, майстроў-гасцей фестывалю была прадстаўлена на пляцоўцы “Фестывальная сядзіба”. Знайшлі сабе занятак у святочныя дні дзеці і моладзь фестывальнага горада наведаўшы творчыя пляцоўкі “Свет дзяцінства” і “Арт-старт”.