Заказ
бiлетаў:

  • +375 (176) 55-55-55 — гарадскi
  • +375 (29) 175-27-84 — вэлком
  • +375 (29) 853-27-84 — мтс
kvitki.by

7360

iнфармацыя
i заказ бiлетаў

Пра фестываль

«Маладзечна» – 2019

ХІХ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2019”

Больш за чвэрць гадоў Маладзечна гасцінна збірае аматараў і прыхільнікаў творчасці на адно з самых значных культурных падзей горада і краіны – Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна”.

У чарговы раз урачыстае мерапрыемства парадавала прысутных насычанай праграмай на працягу 7 – 8 чэрвеня. На галоўных гарадскіх пляцоўках адбыліся шматлікія творчыя сустрэчы, цікавыя выставы, тэатральныя пастановы і самае галоўнае – конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні.

Сёлетняя маштабная падзея была прысвечана 75-годдзю з дня вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама Году малой радзімы.

7 чэрвеня

Чыстыя галасы, натхнёныя асобы, любоў і беражлівае стаўленне да беларускага слова, яркія сцэнічныя касцюмы, запамінальныя выступы – усё гэта Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, які жыхары і госці горада сустрэлі разам з фестывалем беларускай песні і паэзіі “Маладзечна”.

У першы дзень канцэртная зала Палаца культуры запрасіла гасцей фестывалю на ІІ тур рэспубліканскага этапу Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Пачынаючыя артысты прадставілі ўсе вобласці краіны і горад Мінск (усяго 21 удзельнік – па тры прадстаўнікі ад кожнай вобласці і сталіцы).

А ўжо III тур рэспубліканскага этапу Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні прайшоў на сцэне Палаца культуры ў 15.00 у суправаджэнні Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Працу з народным артыстам Беларусі, прафесарам Міхаілам Фінбергам маладыя спевакі лічаць выдатнай школай прафесійнага майстэрства.

Як вядома, на гэтым дзівосным свяце аднымі з галоўных дзейных асоб з’яўляюцца мэтры прыгожага слова – паэты, чыя ўзнёслыя радкі глыбока кранаюць, радуюць, напаўняюць сэрца чуллівым хваляваннем.

“Мой родны кут, як ты мне мілы” – такую назву атрымала паэтычная пляцоўка з удзелам беларускіх паэтаў, якая прайшла ў канцэртнай зале Маладзечанскай ДШМ. Літаратурная імпрэза, прысвечаная самым дарагім мясцінам, якія заўсёды застаюццца ў патаемных куточках сэрцаў.

У малой зале Палаца культуры прайшло інтэрв’ю з вядомымі асобамі ў рамках аўтарскай праграмы “Суразмоўцы” пісьменніка Навума Гальпяровіча. У бяседзе са знакамітымі гасцямі Навум Якаўлевіч закрануў актуальныя праблемы сучаснасці, развіццё беларускай літаратуры, ролю роднай мовы ў фарміраванні грамадскай свядомасці і культуры. У якасці гасцей былі запрошаны заслужаны дзеяч мастацтваў, беларускі драматург Аляксей Дудараў і паэт-песеннік Уладзімір Мазго.

Дакрануцца да гісторыі можна было падчас выставы “Аб вайне і Перамозе” Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, прысвечанай 75-годдзю з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Другая сусветная вайна стала цяжкім трагічным выпрабаваннем для ўсіх народаў былога Савецкага Саюза. Гісторыя вызвалення Беларусі будзе прадстаўлена ў гістарычных дакументах, франтавым жывапісе, графіцы, ваенных здымках і газетах. У рамках рэспубліканскай акцыі “Беларусь помнит” Беларускі саюз жанчын ініцыяваў правядзенне маштабнай акцыі “Беларусь помнит. Женское лицо Победы” пры падтрымцы Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальнага архіва Беларусі. У цэнтры ўвагі акцыі – Жанчына і яе подзвіг.

Фотавыстава “Беларусь помнит. Женское лицо Победы” прайшла ў выставачнай зале Палаца культуры, дзе былі прадстаўлены партрэты жанчын-франтавікоў, герояў вайны, якія, негледзячы на крохкі стан і юнацтва, вытанчанасць і далікатнасць праяўлялі сілу духу і характар, мужна змагаліся дзеля Вялікай Перамогі. Падчас мерапрыемства таксама прайшла прэзентацыя трох кніг з навукова-папулярнай серыі “Беларусь. Трагедыя і праўда памяці.”

Аматары літаратурнага і музычнага мастацтва сустрэліся з вядомымі паэтамі, кампазітарамі, дзеячамі культуры Беларусі. У канцэртнай зале Палаца культуры адбылася музычна-паэтычная гасцёўня “Пад небам Бацькаўшчыны роднай”. У ёй прынялі ўдзел паэты, якія з вялікай прыхільнасцю ставяцца да малой радзімы і іх творчасць у значнай ступені прысвечана гэтай тэме. Яны зачыталі свае лепшыя творы, якія ўвайшлі ў зборнік паэзіі і прозы “Мая Радзіма”. Ён рыхтуецца да выдання у рэдакцыйна-выдавецкай установе “Выдавецкі дом “Звязда”. Пад адной вокладкай сабраны вершы – прызнанні ў адданай любові сваёй Айчыне – азёрнаму краю з тысячамі блакітных вачэй, якімі пазірае ён на Млечны шлях. У мерапрыемстве прынялі ўдзел заслужаны дзеяч мастацтваў Алег Елісеенкаў і Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь сімфанічны аркестр музычнага каледжа імя М.К.Агінскага, галоўны дырыжор – Рыгор Сарока.

Мінскі абласны драматычны тэатр запрасіў на спектакль “Не пакідай мяне” – баладу па п’есе Аляксея Дударава, якая прысвечана трагічным ваенным падзеям. Спектакль стаў візітнай карткай сталічнага Драматургічнага тэатра Беларускай арміі, якім пэўны час кіраваў сам аўтар п’есы. Спектакль “Не пакідай мяне” як раз і расказавае пра тое, як учарашнія школьніцы, маладыя дзяўчаты, апынуліся ў самай гушчы баявых дзеянняў, не шкадуючы сябе, стараліся выканаць ускладзеную на іх крохкія жаночыя плечы місію… Наіўнае, часам яшчэ дзіцячае светаўспрыманне гераінь сутыкаецца з суровай, крывавай праўдай вайны – на гэтым і закручана асноўная спружына дудараўскага твора.

На сцэне летняга Амфітэатра прайшло ўрачыстае адкрыццё фестывалю. Жыхары і госці Маладзечна змаглі пабачыць прэм’еру канцэрта “Песні вайны”. Музычнае мерапрыемства было прысвечана 75-годдзю з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Праграму прадставілі салісты Заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор – Міхаіл Фінберг. Падчас канцэрта быў зачытан прывітальны адрас Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнка. Таксама адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Пераможцай стала прадстаўніца Мінскай вобласці Яна Мармыш

Святочны феерверк стаў яркай кропкай першага фестывальнага дню.

8 чэрвеня

Другі дзень музычнага свята адкрыў канцэрт акадэмічнай музыкі творчых калектываў Заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор – народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесар Міхаіл Фінберг. Выступленне артыстаў адбылося ў канцэртнай зале Маладзечанскай школы мастацтваў.

Працягнуў насычаную праграму культурнага дня гала-канцэрт “Маладзічок” запальвае зоркі” лаўрэатаў VІІІ Адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок – 2019”.

Конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок” праходзіць з 2005 года. Ён папулярызуе дзіцячую і юнацкую эстрадную творчасць, павышае мастацкі ўзровень юных выканаўцаў эстраднай песні. “Маладзiчок” дае магчымасць раскрыць і падтрымаць новыя таленты, праявіць творчыя здольнасці асобы, а таксама развіць духоўны, інтэлектуальны і культурны патэнцыял моладзі. Журы конкурсу складаецца з заслужаных дзеячаў культуры Рэспублікі Беларусь, кампазітараў і артыстаў. Сярод іх мастацкі кіраўнік адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок”, старшыня ГА “Саюз кампазітараў Рэспублікі Беларусь”, старшыня камісіі “Мастацтва эстрады” Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, кіраўнік узорнай студыі эстраднай песні “Спяваем разам” Палаца культуры г. Маладзечна Алена Віктараўна Атрашкевіч.

Мінскі абласны краязнаўчы музей запрасіў на выставу мастацкіх вырабаў са шкла “Гармонія шкла”. Упершыню ў Маладзечне прадэманстравалі творы Пятра і Таццяны Арцёмавых. Гэта аўтарскія вырабы з каляровага і безколернага крышталя: шматфігурныя кампазіцыі, дэкаратыўныя напольныя і настольныя вазы, посуд. Мастакі ствараюць вобраз за кошт формы, колера, геаметрычнага гранення і шліфавання. Іх прамысловыя распрацоўкі і творчыя працы экспанаваліся ў Будапешце, Брно, Познані, Варшаве, Лондане, Парыжы, Токіо, Осацы, Хельсінкі, Нью-Дэлі. Эксклюзіўныя кампазіцыі “Купалле” і “Планета” упрыгожваюць інтэр’еры ААН у Нью-Йорку. Пётр і Таццяна Арцёмавы з’яўляюцца аўтарамі прызоў Міжнароднага фестывалю “Славянскі базар”. У Рэспубліцы Беларусь творы мастакоў знаходзяцца ў калекцыях Нацыянальнага мастацкага музея, Мінскага і Віцебскага абласных музеяў, Барысаўскага аб’яднанага музея.

Працягваючы тэму высокага мастацтва, Чысцінскі сельскі Дом культуры сустракаў гасцей нацыянальнага фестывалю на канцэрце джазавай песні ў выкананні Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”.

Для тых, хто любіць цёплыя сустрэчы і душэўныя размовы, трэці год запар праходзіць праект “Асоба эпохі”, дзе героямі становяцца жанчыны-легенды. Тут можна паслухаць цікавыя гісторыі з іх жыцця, задаць пытанні і вынесці для сябе сакрэты поспеху. У гэтым годзе гераіняй праекта стала заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, вядомая спявачка Надзея Мікуліч. Сустрэча з яркай і цікавай асобай эпохі прайшла ў малой зале Палаца культуры.

Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр прадставіў спектакль “Янка Купала: жыццё ў свеце маланак”. Музычная драма-версія, заснаваная на свабоднай трактоўцы падзей з жыцця класіка беларускай літаратуры. Гэта гісторыя адной няпростай любові – народнага паэта Беларусі Янкі Купалы і Паўліны Мядзёлкі. Тут і закаханасць, і запал, і смутак. Рэжысёр-пастаноўшчык – Міхаіл Кавальчык. У Год малой радзімы гэты спектакль з’яўляецца данінай павагі вялікаму беларускаму паэту.

Яскравым завяршэннем фестывалю ў Маладзечне стаў канцэрт-закрыццё ХІХ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2019”, які прайшоў на галоўнай пляцоўцы – летнім Амфітэатры. Жыхары і госці горада змаглі атрымаць асалоду ад юбілейнай канцэртнай праграмы “Зорны карагод” Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Беларусі з удзелам артыстаў беларускай эстрады. Галоўны матыў канцэртнай праграмы “Зорны карагод” – творчая садружнасць ансамбля з лепшымі выканаўцамі краіны, якая складаецца ў зорную повязь рухаў, мелодый і жанраў. Дзяржаўны акадэмічны ансамбль танца Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны Валянціна Дудкевіча 60 гадоў з’яўляецца лепшым калектывам краіны. Ён абавязковы ўдзельнік Міжнародных фестываляў мастацтва ў Беларусі і за яе межамі, прадстаўнік культуры Беларусі ў розных краінах свету, зорка святочных і знакавых мерапрыемстваў краіны.

7-8 чэрвеня

На працягу двух фестывальных дзён разгарнулі працу адкрытыя пляцоўкі, якія размясціліся на Цэнтральнай плошчы, вуліцы Прытыцкага, у гарадскім парку культуры і адпачынку імя Перамогі. Так, “Фестывальная талака” прапанавала гараджанам і гасцям горада выступленні творчых калектываў Маладзечанскага рэгіёна. Народныя майстры, умельцы горада і раёна, майстры-госці фестывалю змогуць прыняць удзел у раённым конкурсе па дэкаратыўна-прыкладному мастацтву “Вытокі майстэрства”. Пачаў сваю работу АРТ-ФЭСТ “ЛянОК”. Работа пляцоўкі была прысвечана аднаму з сімвалаў нашай краіны, адзінай прадзільнай культуры ў рэспубліцы – льну. Многія айчынныя дызайнеры і рамеснікі актыўна ўвасабляюць у жыццё свае ідэі, выкарыстоўваючы нацыянальную культуру. У рамках арт-фэсту прайшла канцэртная праграма, а таксама творчая дэманстрацыя “ЭкаСтыль”.Так, кожны змог назіраць і ацаніць прамысловыя і дызайнерскія калекцыі мадэляў жаночага, мужчынскага, маладзёжнага, дзіцячага адзення і аксесуараў з ільну. Стыльным і цікавым стала дэфіле льяной вопраткі.

Магчымасць набыць тавары народнага спажывання з’явілася на выставе-продажу “Беларускі пачастунак”. Пабачыць беларускія краявіды, каларытнае багацце краіны, рэалістычныя і сімвалічныя рысы, уласцівыя беларускай прыродзе, атрымаць асалоду ад беларускіх пейзажаў можна было падчас “Мастацкага пленэру”.

Знайшлі сабе занятак у святочныя дні дзеці і моладзь фестывальнага Маладзечна, наведаўшы творчыя пляцоўкі “Тэрыторыя дзяцінства” і “Арт-старт”.