Заказ
бiлетаў:

  • +375 (176) 55-55-55 — гарадскi
  • +375 (29) 175-27-84 — А1
kvitki.by

7360

iнфармацыя
i заказ бiлетаў

Пра фестываль

«Маладзечна» – 2021

11 – 12 чэрвеня 2021

Галоўная пляцоўка: летні Амфітэатр.

Галоўная падзея: фестываль, прысвечаны дваццатаму юбілею, арт-праект “Фестывальны шлях”, “Роднае слова”.

       Юбілейны ХХ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2021”  пачаўся з адкрыцця выставы “Фестываль. Духоўнасць. Культура”.  Гэта прэзентацыя гісторыі фестывальнага жыцця ад вытокаў да нашых дзён у выглядзе экспрэс-панарамы, якая змяшчае 17 тэматычных модулей, храналагічна звязаных адзін з адным, а таксама дакументальных матэрыялаў – выпускаў газет “Маладзечанская газета” і газета “Авацыя” Палаца культуры, прысвечаных фестывалям розных гадоў, праграм, афіш, календароў, запрашальных білетаў і іншых.

       Ужо з самай раніцы горад напоўніўся яркімі фарбамі і беларускімі мелодыямі. На Цэнтральнай плошчы і ўздоўж вуліцы Прытыцкага разгарнулася пляцоўка “Творчы квартал Міншчыны”. Прадстаўнікі ўсіх раёнаў Мінскай вобласці прыехалі на фестываль, каб прэзентаваць багатыя культурныя традыцыі свайго рэгіену, а таксама парадаваць гасцей сакавітымі творчымі нумарамі і работамі дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва.

     “Горад майстроў” адно з традыцыйных і вельмі чаканых мерапрыемстваў, маладзечанцы і шматлікія госці лічаць сваім абавязкам наведаць гэту выставу-кірмаш. У юбілейны год пляцоўка была як ніколі разнастайнай. Майстры і рамеснікі – маладзечанцы і прыезджыя з усіх гарадоў нашай краіны не толькі прадставілі свае цудоўныя вырабы, але і радавалі гледачоў выдатна аформленымі экспазіцыямі, майстар-класамі.

     У канцэртнай зале Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага адбыўся аўтарскі праект кампазітара Дзмітрыя Лыбіна “Гісторыя і сучаснасць. Музычныя інструменты розных эпох”.

     Чацвёрты фестываль запар ва ўтульнай зале Палаца культуры прайшла творчая сустрэча з народнай артысткай Беларусі Анастасіяй Масквіной у рамках праекта “Асобы эпохі”.

       У касцёле Святога Юзафа адбыўся канцэрт харавога ансамбля “Concertino” Беларускага саюза кампазітараў. Мерапрыемства прайшло ў рамках культурна-адукацыйнага праэкту “Музыка беларускіх кампазітараў – пакаленню XXI стагоддзя”.

         Упершыню падчас фестывалю на Цэнтральнай плошчы прайшоў парад духавых аркестраў “Фанфары Міншчыны”.

      Увечары ў летнім Амфітэатры прайшло урачыстае адкрыццё юбілейнага ХХ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2021”. Па традыцыі яно пачалося з віншавальнага прывітання ад кіраўніка дзяржавы і ўзнагароджвання пераможцаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. У конкурсе прыняло ўдзел 20 юнакоў і дзяўчат з усіх абласцей краіны і горада Мінску. Уладальнікам Гран-пры і спецыяльнага прыза Уладзіміра Мулявіна стала прадстаўніца Віцебскай вобласці Ніколь Фургал. Рашэннем журы першую прэмію і званне лаўрэата атрымаў Дзяніс Чуракоў (Магілёўская вобласць), другую – Ганна Цітовіч (Брэсцкая вобласць), а трэцюю – Ангеліна Васілеўская (г.Мінск).

       Жыхарам і гасцям горада была прадстаўлена прэм’ера канцэрта “Талака”, прысвечаная творчасці класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча і генія беларускай песні Ігара Паліводы, у выкананні Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”. Мастацкі кіраўнік і галоўны  дырыжор – народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесар Міхаіл Фінберг.

         У гонар 20-га юбілею завяршэннем першага святочнага дня стаў яркі феерверк.

      ∗∗∗

     На другі дзень фестывальная сталіца Маладзечна працягвала жыць святам беларускай песні і паэзіі. На сцэне Палаца культуры адбыўся гала-канцэрт “Маладзічок” запальвае зоркі” лаўрэатаў IXадкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок – 2021”.

        Аўтарскі праект “Суразмоўцы” пісьменніка, заслужанага дзеяча культуры Навума Гальпяровіча з выязной версіяй праграмы тэлеканала “Беларусь 3” адбыўся ў зале ўрачыстасцяў Палаца культуры. Гасцямі праграмы ў Маладзечне сталі старшыня Саюза кампазітараў Беларусі Алена Атрашкевіч, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах і намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі, дырэктар па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Аляксандр Суша. Творчая сустрэча ў зале ўрачыстасцяў Палаца культуры яшчэ раз падкрэсліла, наколькі шчырыя, таленавітыя, адданыя сваей Радзіме людзі жывуць у Беларусі.

       Сёлета на фестывалі уражвала  гледача і колькасць канцэртаў акадэмічнай музыкі беларускіх кампазітараў. Адным з такіх мерапрыемстваў стала “Сімфанічная рапсодыя”, дзе ў выкананні маладых талентаў прагучала музыка розных эпох. Канцэртная праграма прайшла ў зале музычнага каледжа імя М.К.Агінскага.

         Аматары літаратурнага і музычнага мастацтва сталі ўдзельнікамі музычна-паэтычнай гасцёўні “Святло Радзімы. Радасць Перамогі”.

         Адным з упрыгожванняў творчага форуму стала адноўленая “Паўлінка”.

      Заключны гала-канцэрт ХХ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі пад назвай “Маладзечна – насустрач шлягерам” у Амфітэатры адкрылі народныя артысты Беларусі Анастасія Масквіна і Уладзімір Громаў. На сцэне сустрэліся беларускія паэты, кампазітары і артысты, якія на працягу 20 гадоў бралі ўдзел у жыцці фестывалю, песні якіх упрыгожвалі канцэрты фестывальных дзён. Сярод іх народны артыст Беларусі, кампазітар Васіль Раінчык, заслужаныя артысты Беларусі Аляксандр Саладуха, Жанет, Алёна Ланская, Вікторыя Алешка, кампазітар Алена Атрашкевіч, лаўрэаты конкурсу маладых выканаўцаў розных гадоў і іншыя. Завяршыўся вечар пад песню “Прыязджайце да нас у Беларусь” заслужанага дзеяча мастацтваў Алега Елісеенкава.

      Пасля закрыцця фестывалю культурнае жыццё горада не спынілася. Жыхароў раённага цэнтра чакаў культурны сюрпрыз у выглядзе канцэртнай праграмы “Прысвячэнне Песняру” дзяржаўнага ансамбля “Песняры”. У вялікай зале Палаца культуры прайшоў канцэрт знакамітага беларускага калектыву, які быў прысвечаны 80-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна. Мелодыі новых і раней вядомых твораў не пакінулі раўнадушнымі наведвальнікаў урачыстага мерапрыемства.