Заказ
бiлетаў:

  • +375 (176) 55-55-55 — гарадскi
  • +375 (29) 175-27-84 — вэлком
  • +375 (29) 853-27-84 — мтс
kvitki.by

7360

iнфармацыя
i заказ бiлетаў

Навiны

Ігар Лучанок: “Калі застануцца хаця б адна-дзве мае песні, тады і я буду жыць”

   Наш зямляк, народны артыст Беларусі, народны артыст СССР, лаўрэат шматлікіх прэмій, самы вядомы беларускі кампазітар, аўтар усенародна любімых песень, такіх як “Спадчына”, “Мой родны кут”, “Алеся”, “Вераніка”, першы беларус, які стаў уладальнікам імянной зоркі на Плошчы зорак эстрады ў Маскве – Ігар Лучанок.

  Пачуўшы гэта імя, адразу ўзнікае асацыяцыя з Мінскай ратушай. Менавіта там ужо 14 год кожную гадзіну адбіваюць куранты мелодыю “Песні пра Мінск”, якую ўсе лічаць народнай. І гэта адна з прыкмет сапраўднага майстра.

  Нарадзіўся таленавіты музыкант у Мінску ў сям’і ўрача і настаўніцы. Некаторы час пасля вайны сям’я жыла ў Мар’інай горцы, але  Ігар Міхайлавіч называе сябе сапраўдным мінчаніным і вельмі ганарыцца гэтым.

  Кампазітар з дзяцінства шануе родную зямлю і свае карані. У адным з інтэрв’ю ён адзначыў, што кожны чалавек павінен памятаць і ведаць, кем былі яго продкі. І сам вельмі ганарыцца тым, што ведае свой род да сёмага калена па бацькавай лініі і да дзясятага – па матчынай. Карані артыста з матчынага боку паходзяць са старажытнага дваранскага роду Жук, які мае свой герб.

  Любоў да творчасці Ігару Міхайлавічу  перадалася ад бацькі, Міхаіла Лукіча, які таксама з дзяцінства захапляўся музыкай: самастойна навучыўся граць на самаробнай дудцы, а пасля і на скрыпцы. Нейкі час музыкант-самавука нават працаваў у Беларускім дзяржаўным вандроўным тэатры БССР пад кіраўніцтвам Уладзіслава Галубка.

  Як і бацька, маленькі Ігар з дзяцінства палюбіў музыку. Першыя ўрокі музычнай граматы даваў яму бацька, пасля наведваў заняткі, якія вяла суседка. Шмат часу займаўся самастойна, асвоіў акардэон, цымбалы і піяніна. У 13-гадовым узросце бацькі аддалі хлопца ў музычную школу-дзесяцігодку ў Мінску. Пры паступленні паказаў усе свае ўменні і быў залічаны ў клас цымбалістаў, дзе за тры гады вучобы стаў адным з лепшых вучняў. На другім годзе навучання яго залічылі артыстам аркестра народных інструментаў, якім кіраваў Іосіф Жыновіч. І нейкі час малады хлопец сумяшчаў вучобу і працу.

  Але неўзабаве і аркестр пакінуў, і школу скончыў на год пазней. А справа ў тым, што пад канец вучобы музыка сур’ёзна захапіўся кампазіцыямі, прасіў кіраўніцтва, каб перавялі ў клас фартэпіяна. І яго перавялі, але з умовай, што прыйдзецца стаць другагоднікам. Будучы кампазітар згадзіўся і па заканчэнні школы атрымаў ужо другую спецыяльнасць.

  Зразумела, што талент даецца ад Бога, але ж калі яго не развіваць і не ўмацоўваць, то можна і загубіць. І хлопец дастаткова рана зразумеў, што для таго каб максімальна рэалізаваць свой прыродны творчы патэнцыял, трэба шмат працаваць. Не ляніцца, не распыляцца, не раскідвацца на дробязнае, другаснае, а многа і сур’ёзна вучыцца. За плячыма маэстра тры кансерваторыі.

  Адразу пасля музычнай ён школы паступіў у Беларускую дзяржаўную кансерваторыю імя  А.В.Луначарскага. Вучыўся адразу на двух факультэтах: у класе кампазіцыі і выканальніцкага майстэрства. Некалькі гадоў быў ленінскім стыпендыятам. Пад час вучобы займаўся і даследчыцкай работай. Актыўна ўдзельнічаў у навуковым студэнцкім таварыстве, выступаў з лекцыямі, ездзіў у фальклорныя экспедыцыі.

  Яго дыпломнай працай у кансерваторыі стала кантанта “Курган” па аднайменнай паэме народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Адначасова была напісана другая кантанта “Балада пра салдацкае сэрца” – першы твор кампазітра на ваенную тэму, пра якую ён ведае не па чутках…

  Нягледзячы на тое, што яму не спойнілася і трох гадоў,вайна пакінула свой след у чулай творчай душы. Перад самай вайной сям’я жыла ў Магілёве, бацька Лучанка паспеў узяць дазвол на эвакуацыю. У адным са сваіх інтэрв’ю Ігар Лучанок успамінае: “Ехалі ў таварным вагоне. Людзей – як мурашак. Над намі ляталі самалёты, кідалі бомбы. Цягнік часта спыняўся, загружалі раненых”.  Высадзілі іх недалёка ад Сталінграда, а ў хуткім часе здарыўся цуд – бацька, якога вайна прывяла на Сталінградскі фронт, адшукаў іх і забраў да сябе. Канец вайны сям’я сустрэла ўжо ў Сальску.

  Няпроста перажыць голад і холад, калі на вачах гінуць людзі і побач узрываюцца снарады, але дзяцінства ёсць дзяцінства. Ёсць у кампазітара і прыемныя ўспаміны, і адзін з іх – сустрэча з роднай Беларуссю, якую ён ведаў мала, але ніколі не забываў.

  У Мар’інай Горцы і прайшло яго бесклапотнае дзяцінства аж да паступлення ў музычную школу. Таму, мабыць, некаторыя крыніцы называюць месцам нараджэння кампазітара Мар’іну Горку.

  Вечны вучань

  Пасля заканчэння кансерваторыі выпускніка размеркавалі ў Гомель выкладчыкам музычнага вучылішча, хоць ён і быў ужо дастаткова вядомым, таленавітым кампазітарам. Так, малады маэстра акунуўся ў рэальнае жыццё, адчуў усе яго плюсы і мінусы, што для творчага чалавека вельмі важна. Тут у Ігара Міхайлавіча сталі завязвацца творчыя кантакты з мясцовай інтэлігенцыяй, з’явіліся задумы новых музычных твораў. Але, на жаль, з-за пагаршэння здароўя вымушаны быў вярнуцца ў Мінск, дзе яго паклалі ў бальніцу. Пасля з дапамогай сяброў уладкаваўся выкладчыкам кафедры музыкі ў Мінскі педагагічны інстытут.

  А праз год нечакана апынуўся ў Ленінградзе. Як прыкмеціў аднойчы сам Лучанок, яму заўсёды шанцавала на добрых людзей, клапатлівых настаўнікаў. Выдатны кампазітар Уладзімір Алоўнікаў, які на той час быў рэктарам кансерваторыі, прапанаваў паехаць на стажыроўку ў Ленінградскую кансерваторыю.

  Там Ігар Міхайлавіч атрымаў благаслаўленне генія музыкі Дзмітрыя Шастаковіча, які прымаў у яго экзамен. Пазнаёміўшыся з некаторымі творамі маладога Лучанка, геній цвёрда заявіў: “Вы — кампазітар”. І Ігар Лучанок з удзячнасцю і гонарам нясе гэтую высокую адзнаку праз усё сваё жыццё.

  Але і на гэтым вучоба маладога кампазітара не спінілася. Дзвюх вышэйшых музычных устаноў яму паказалася мала, захацелася скончыць аспірантуру пры Маскоўскай кансерваторыі. Выпускныя экзамены здаў на выдатна, а ў якасці дысертацыі напісаў кантату “Невядомы салдат”, якая была якая высока ацэнена беларускімі музыказнаўцамі.

  Шлях да прызнання

   Ігар Лучанок даволі рана атрымаў прызнанне як кампазітар. Першыя яго музычныя творы, напісаныя яшчэ студэнтам кансерваторыі, былі заўважаны крытыкай, пра яго пісалі рэспубліканскія газеты, часопісы, яго любілі здымаць фотакарэспандэнты, запрашалі на радыё. Але ўсесаюзнае прызнанне прыйшло, калі яго песня “Памяць сэрца” атрымала першую прэмію на ўсесаюзным конкурсе савецкай песні. Сам старшыня журы – легендарны Леанід Уцёсаў высока ацаніў работумаладога кампазітараі выказаў цёплыя словы ўдзячнасці. Ігару Лучанку было на той час 28.

  Праз год яму была прысуджана прэмія Усесаюзнага камсамола, яшчэ праз пяць – прэмія Ленінскага камсамола, у 38 – Дзяржаўная прэмія БССР. Ён узнагароджаны ордэнамі “Знак Пашаны”, Кастрычніцкай рэвалюцыі, Дружбы народаў, Францыска Скарыны, шматлікімі медалямі.

  Усе самыя высокія званні атрымаў, калі яму не было яшчэ і 50-ці. Заслужаны дзеяч мастацтваў, народны артыст БССР, народны артыст СССР. Мае ганаровае званне заслужанага дзеяча культуры Польшчы. У свой час прымаў актыўны ўдзел як член журы ў фестывалі савецкай песні ў польскім горадзе Зялёна Гура. І стаў ініцыятарам і арганізатарам адпаведнага фестывалю, але ўжо польскай песні ў Беларусі. Зараз гэты фестываль, крыху змяніўшы канцэпцыю і ўзяўшы за аснову ідэю славянскай еднасці, збліжэння нацыянальных культур, называецца “Славянскі базар”.

  У песні галоўнае – мелодыя

   Ігар Міхайлавіч працуе ў розных жанрах: вакальна-сімфанічным, камерна-інструментальным, камерна-вакальным, але найбольш плённа – у песенным.

  Песня – галоўнае ў яго жыцці. Без яго кампазіцый немагчыма сёння ўявіць музычнае жыццё нашай краіны. Яны закранаюць самые патаемныя струны сэрца, абуджаюць дабро, свет і каханне. І такіх песень дзясяткі, сотні: “Спадчына”, “Жураўлі на Палессе ляцяць”, “Алеся”, “Зачараваная мая”, “Мой родны кут”, “Полька беларуская”… Можна пералічваць і пералічваць.Шмат з іх сталі народнымі і любімымі ў кожнай хаце. А для кампазітара гэта сапраўдная перамога.

  Творы Ігара Лучанка вядомы не толькі ў Беларусі. Песні маэстра праслаўлялі край блакітных азёр далёка за яго межамі. Кампазітар пабываў у многіх краінах, але ніколі не хацеў застацца на чужбіне. Як і жураўлі на Палессе ляцяць, ён, верны сын свайго народа, заўсёды вяртаўся на радзіму. А гэтыя паездкі дапамагалі яму глыбей разумець і цаніць прыгажосць і багацце роднай зямлі.

  Наогул у сваіх творах Ігар Міхайлавіч апіраецца на народную аснову, бо памяць для яго – вялікая каштоўнасць. “У Беларусі народная песня захавалася. І гэта песня прыносіць нам памяць вякоў, памяць пакаленняў, памяць сэрца. Славянскі фальклор – ён жывучы. Чалавек нараджаецца, жыве, памірае… Пакаленні мяняюцца, а песня застаецца”,  – выказаўся аднойчы кампазітар.

  І ў горы, і ў радасці

  Нельга не адзначыць у станаўленні асобы кампазітара  ролю яго любай жанчыны. Са сваёй жонкай Аляксандрай Чэканавай ён пазнаёміўся ў Пухавічах. Маладыя людзі адразу зразумелі, што не могуць адзін без аднаго. Спачатку жылі на два гарады. Яна вучылася ў Брэсцкім музычным вучылішчы, Ігар Міхайлавіч – у Ленінградскай кансерваторыі. Праз некаторы час вырашылі пажаніцца, і з таго моманту сталі неразлучныя. Два гады назад муж і жонка адзначылі залаты юбілей. За гэтыя паўвека Аляксандра была і застаецца вернай спадарожніцай свайго таленавітага мужа, праехала з ім дзясяткі тысяч кіламетраў, пабывала на ўсіх яго аўтарскіх канцэртах у многіх краінах свету, прапусціла праз сваё сэрца ўсе яго радасці і беды. “Гэта яна, мая Саша, натхніла мяне на мае лепшыя песні – “Алеся”, “Вераніка”, “Зачараваная мая” і многія іншыя. Яна – першы слухач кожнай маёй новай песні і першы, самы патрабавальны крытык, а часам і першы выканаўца пад мой акампанемент”, – прызнаўся аднойчы Ігар Міхайлавіч.

  Ганарыцца кампазітар і сваімі сапраўднымі, шчырымі сябрамі. Гэта Іосіф Кабзон і Аляксандра Пахмутава, Мікалай Дабранраваў і Леў Лешчанка. Сяброўсія адносіны звязваюць яго з касманаўтамі Пятром Клімуком і Уладзімірам Кавалёнкам. Усё жыццё сябраваў вялікі кампазітар с Уладзімірам Мулявіным.  

  Шматгранная натура

   У гісторыі сучаснага мастацтва Ігар Лучанок увайшоў не толькі як выдатны кампазітар, але і як музыкант, педагог і грамадскі дзеяч. З 1980 года ён узначальвае Беларускі саюз пісьменнікаў. З 1982 па 1986 гады працаваў рэктарам Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. На працягу 10-ці гадоў быў старшынёй федэрацыі Беларусі па цяжкай атлетыцы. Аказваў сапраўдную падтрымку і дапамогу спартсменам, пісаў песні пра спорт, спартсменаў і рэкорды.

  Ігар Лучанок быў абраны намінантам на прэмію Сюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за цыкл патрыятычных песень, услаўляючых брацтва народаў Расіі і Беларусі (да 70-годдзя з Дня Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне).

  Вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Ліпскі напісаў пра жыццё і творчасць слыннага кампазітара дзве цудоўныя кніжкі – “Басанож па зорках” і “Мелодыя душы”.

  Маэстра аднойчы сказаў: “Буду шчаслівы, калі застануцца хаця б адна-дзве мае песні. Тады і я, кампазітар, буду жыць”. А гэта ўжо здарылася! Ігар Лучанок стварыў для сваёй краіны неўміручую песенную спадчыну, якая ад прадзедаў з пакон вякоў будзе саграваць і радаваць сэрцы сваіх беларусаў…

   Інфармацыйны аддзел Палаца культуры

 

Вярнуцца да спiса навiн