Навiны
Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні
Разам з фестывалем беларускай песні і паэзіі
“Маладзечна-2017” адбудзецца і Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў
беларускай эстраднай песні. Сустрэчы з маладымі артыстамі адбудуцца 2 чэрвеня ў 12.00
у Палацы культуры, а ў 17.00 і 21.30 – у Амфітэатры.
З першага фестывалю, які прайшоў у 1993 годзе, адной з галоўных падзей
праграмы традыцыйна застаецца конкурс маладых выканаўцаў. Нязменнымі з’яўляюцца
і яго мэты: далучэнне да нацыянальных каштоўнасцей беларускай культуры, прапаганда
роднай мовы і папулярызацыя твораў беларускіх кампазітараў і паэтаў, раскрыццё і падтрымка
маладых талентаў.
Па традыцыі, конкурс праводзіцца
ў тры этапы: першы (раённы, гарадскі) і другі (абласны, Мінскі гарадскі) з’яўляюцца
адборачнымі і праводзяцца аддзеламі і галоўнымі ўпраўленнямі ідэалагічнай работы,
культуры і па справах моладзі, а трэці (рэспубліканскі) з’яўляецца заключным
і праводзіцца Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі падчас Нацыянальнага
фестывалю беларускай песні і паэзіі. Да ўдзелу ў трэцім этапе конкурсу кожная вобласць
і горад Мінск накіроўваюць па тры маладых выканаўцы ва ўзросце ад 16 да 31 года, якія
пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Сёлета ў Маладзечна прыедуць маладыя артысты, якія прафесійна займаюцца вакалам з
ранніх гадоў, амаль усе маюць музычную адукацыю і з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі
шматлікіх канцэртных праграм, дабрачынных мерапрыемстваў, лаўратамі рэспубліканскіх
і міжнародных конкурсаў і фестываляў. Выступленне на маладзечанскім фестывалі яны
лічаць для сябе поспехам, а працу з Заслужаным калектывам “Нацыянальны акадэмічны
канцэртны аркестр Беларусі” пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара
Міхаіла Фінберга – выдатнай школай прафесійнага майстэрства. Лепшых канкурсантаў,
а таксама ўладальніка спецыяльнага прыза імя Уладзіміра Мулявіна – крышталёвай
гітары – вызначыць журы.
Жадаем усім канкурсантам поспехаў і ўдалага выступлення,
а вам, паважаныя чытачы, прапануем бліжэй пазнаёміцца з маладымі артыстамі.
Брэсцкая вобласць
Кацярына Сычэўская – рэжысёр
заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь тэатра эстрады “Капелька”
Мірскага дома культуры. У 2014 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры
і мастацтва.
Прымала ўдзел у розных конкурсах і фестывалях і дасягнула высокіх
творчых вынікаў. Двойчы станавілася ўладальніцай заахвочвальнай прэміі спецыяльнага
фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
Юлія Логвін у 2014 годзе ўжо прымала ўдзел
у конкурсе маладых выканаўцаў у Маладзечне. Юлія скончыла Брэсцкі дзяржаўны музычны
каледж імя Р. Шырмы па класе “Эстрадныя спевы”. Займалася ў народным тэатры
“Зеркало”. Зараз супрацоўнічае з Белавежскай дзіцячай школай мастацтваў,
дзе выкладае тэатральную гульню.
У рэпертуары спявачкі песні на рускай, беларускай,
украінскай і англійскай мовах. З’яўляецца лаўрэатам шматлікіх абласных конкурсаў
і фестываляў.
Аляксандра Гесь –
салістка заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь тэатра эстрады “Капелька”.
Вучыцца на другім курсе Баранавіцкага дзяржаўнага музычнага калежда.
Яркая і
эмацыйная спявачка неаднаразова была пераможцай рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў,
конкурсаў і творчых праектаў. У складзе вакальнай групы “Акварель”, а
таксама сольна прымала ўдзел у Фестывалі Саюзнай дзяржавы “Творчество юных”.
Віцебская вобласць
Вольга Мазго навучэнка
2 курса Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў па спецыяльнасці “Харавая
музыка”.
Творчая біяграфія маладой спявачкі налічвае шмат розных фестываляў
і конкурсаў. Вольга актыўная ўдзельніца канцэртных праграм Віцебска і вобласці, мае
разнапланавы рэпертуар з народных песень, твораў беларускіх аўтараў, кавер-версій
з рэпертуару папулярных выканаўцаў.
Юлія
Кудлакова спяваць пачала з 2008 года ў народнай студыі эстрадных спеваў “Креатив”.
За час заняткаў у студыі Юлія дасягнула высокіх вышынь. У яе творчай скарбонцы перамогі
ў конкурсах міжнароднага, рэспубліканскага і абласногаўзроўняў. Маладая спявачка мае
досвед працы з Jazz Band, любіць імправізаваць, прымае актыўны ўдзел у гарадскіх,
раённых і абласных мерапрыемствах як сольная выканаўца, так і ў складзе вакальнага
ансамбля.
Юлія Латковіч з 2002 года
была салісткай дзіцячай вакальнай студыі пры Першамайскім аддзеле Дэпартамента аховы
г. Віцебска МУС Рэспублікі Беларусь, а з 2005 года стала салісткай ВІА “Вікторыя”.
Атрымоўвала вышэйшую адукацыю ў Міжнародным інстытуце працоўных і сацыяльных адносін
па спецыяльнасці “Менеджмент”. Рэгулярна прымае ўдзел у раённых, абласных,
рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах і фестывалях.
Гомельская вобласць
Мілана Урбановіч пачала займацца вакалам з чатырох гадоў.
Вучыцца ў СШ №19 г.Гомеля, з’яўляецца салісткай “Студыі 7” пры Гарадскім
цэнтры культуры. Марыць спець на адной сцэне з Ірынай Дарафеевай.
Мілана –
лаўрэат і дыпламант вакальных конкурсаў і конкурсаў юных піяністаў. З’яўляецца
ўладальніцай прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы
таленавітай моладзі, узнагароджана прэміямі Гомельскага гарвыканкама і аблвыканкама
па падтрымцы таленавітай моладзі.
Вячаслаў
Гаршкоў – кіраўнік эстраднай студыі “Музычны лабірынт”
у Брагінскім раённым Доме культуры. У 2011 годзе скончыў Гомельскі дзяржаўны каледж
мастацтваў імя Н.Ф. Сакалаўскага па класу “Спевы”.
Вячаслаў іграе
на гітары, у рэпертуары мае творы ўласнага сачынення. У 2012 годзе на конкурсе маладых
выканаўцаў у Маладзечне стаў лаўрэатам ІІІ ступені.
Данута Швед заняткі музыкай палюбіла ў дзіцячым садку. З 5 гадоў
стала ўдзельніцай эстраднага вакальнага калектыву Гарадскога цэнтра культуры, а ў
6 год упершыню выступіла на вакальным конкурсе. Іграе на фартэпіяна. На музычным інструменце
выконвае класічныя творы, мелодыі з кінафільмаў і сучасныя песні.
Яе творчая
скарбонка мае больш за 40 дыпломаў з розных музычных конкурсаў і фестываляў. Сёння
яна выпускніца ДУА “Гімназія г.Жыткавічы імя А.А.Ліхоты”, сакратар БРСМ
ўстановы і актыўная ўдзельніца гарадскіх і раённых мерапрыемстваў.
Гродзенская вобласць
Валерыя Жэкайла
– навучэнка Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў аддзялення “Мастацтва
эстрады (спевы)”. Таленавітая і працавітая дзяўчына, пра што сведчыць выдатная
вучоба, дасягнула вялікіх поспехаў на розных вакальных конкурсах. Валерыя смела спрабуе
сябе ў самых розных песенных стылях.
Крысціна
Сайко – студэнтка Варшаўскага ўніверсітэта. З маленства праяўляла
творчыя здольнасці. Спявачка з’яўляецца нязменнай удзельніцай канцэртаў, што
праходзяць на самых прэстыжных эстрадных пляцоўках Гомельшчыны. За сваю творчую дзейнасць
была неаднаразова адзначана граматамі, падзячнымі лістамі і памятнымі падарункамі.
Вынікам творчай дзейнасці сталі сольныя канцэрты Крысціны.
Вадзім Лукашэвіч – студэнт 4 курса факультэта
музычнага мастацтва “Харавая музыка (акадэмічная)” БДУКіМ. Актыўнае
творчае жыццё канкурсанта пачалося са школьных гадоў. Будучы старшакласнікам, арганізаваў
і стаў кіраўніком вакальнай групы польскай песні “Mihael” пры касцёле
св.Міхаіла Архангела. За плячыма канкурсанта шмат конкурсаў і фестываляў рознага ўзроўню,
на якіх ён неаднаразова быў адзначаны дыпломамі пераможцы.
Мінская вобласць
Кацярына Лазука – студэнтка
2 курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Скончыла Мінскі
дзяржаўны каледж мастацтваў па спецыяльнасці “Мастацтва эстрады (спевы)”.
Пастаянная ўдзельніца культурна-масавых мерапрыемстваў установы, горада і раёна.
Маладая спявачка з’яўляецца ўладальніцай сертыфікатаў лаўрэата раённых, абласных
і рэспубліканскіх конкурсаў. У вольны час займаецца спортам.
Аляксей Грыневіч вучыўся ў Мінскім дзяржаўным
каледжы мастацтваў па спецыяльнасці “Мастацтва эстрады”. З 2012 па
2016 гг. з’яўлялся салістам Акадэмічнага ансамбля Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Зараз – саліст Ансамбля памежнай службы Рэспублікі Беларусь. Малады спявак пастаянны
ўдзельнік конкурсаў і фестываляў рознага ўзроўню.
Вольга Булай – навучэнка Мінскага дзяржаўнага
каледжа мастацтваў па спецыяльнасці “Мастацтва эстрады (спевы)”. Актыўна
ўдзельнічае ў канцэртным жыцці каледжа, у прафарыентацыйных канцэртах, а таксама ў
раённых, гарадскіх і рэспубліканскіх мерапрыемствах.
У 2016 годзе Вольга прымала
ўдзел у знакавым канцэрце “Маладзечна – культурная сталіца Беларусі”,
стала стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы
таленавітай моладзі.
Мінск
Вадзім Авіжыч
– студэнт факультэта мастацтваў па спецыяльнасці “Мастацтва эстрады (спевы)”
Інстытута сучасных ведаў імя А.М Шырокава. Канкурсант валодае прыгожым голасам і акцёрскім
майстэрствам.
Прымае актыўны ўдзел ва ўсіх сацыяльных мерапрыемствах і праграмах,
якія праводзяць інстытут і адміністрацыя Першамайскага раёна г. Мінска. Канцэртная
дзейнасць спевака і яго ўклад ва ўкараненне моладзевых творчых праектаў адзначаны
падзякамі кіраўніцтва інстытута і адміністрацыі Першамайскага раёна г.Мінска.
Андрэй Апонік вучыцца ў магістратуры
Інстытута сучасных ведаў імя А.М Шырокава па спецыяльнасці “Прадзюсарства ў
сферы мастацтва”. Ён актывіст ПАГА “БРСМ” і штогод арганізоўвае
акцыю “Будзь з намі, накіраваную на павышэнне іміджавай прывабнасці БРСМ”. Андрэй
узнагароджаны прэміяй Мінгарвыканкама за ўклад у культурнае і навуковае жыццё сталіцы,
падзякамі кіраўніцтва інстытута і адміністрацыі Першамайскага раёна г.Мінска.
Дарья Хмяльніцкая – артыстка духавога аркестра Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС, выкладчык кафедры мастацтва эстрады БДУКіМ.У першы раз выйшла на сцэну ва ўзросце 4 гадоў. У 2016 годзе з адзнакай скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці “Мастацтва эстрады (спевы)”. Зараз вучыцца ў магістратуры БДУКіМ па спецыяльнасці “Мастацтвазнаўства”.Штогод з’яўляецца ўдзельніцай урадавых канцэртаў, а таксама рэспубліканскага і міжнароднага значэння. Дарья – дыпламант спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
Магілёўская вобласць
Ганна Трубяцкая першыя крокі па сцэне дзяўчына зрабіла
ў 6 гадоў. Сёння яна студэнтка 4 курса Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў
па спецыяльнасці “Мастацтва эстрады (спевы)”.
Канкурсантка прымае
актыўны ўдзел у гарадскіх, абласных і рэспублікаскіх мерапрыемствах. Ганна з’яўляецца
салісткай гарадскога духоўнага аркестра і знаходзіцца ў пастаяным творчым пошуку.
Аляксандр Малашэнка першыя крокі па
сцэне ў якасці выканаўцы зрабіў у тры гады. У 2013 годзе паступіў у Магілёўскі дзяржаўны
каледж мастацтваў на спецыяльнасць “Мастацтва эстрады (спевы)”.
Малады
чалавек штогод прымае ўдзел у гарадскіх і абласных мерапрыемствах і конкурсах. У 2016
годзе прымаў удзел у Нацыянальным конкурсе маладых ваканаўцаў беларускай эстраднай
песні.
Дар’я Правашынская
пачала свой творчы шлях у сярэдняй школе. Зараз дзяўчына з’яўляецца студэнткай
Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў па спецыяльнасці “Мастацтва эстрады
(спевы)”. З першага курса прымае актыўны ўдзел у культурным жыцці ўстановы,
а таксама ў гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах і канцэртах.