Заказ
бiлетаў:

  • +375 (176) 55-55-55 — гарадскi
  • +375 (29) 175-27-84 — вэлком
  • +375 (29) 853-27-84 — мтс
kvitki.by

7360

iнфармацыя
i заказ бiлетаў

Навiны

Чалавек з вялікай літары


         Напярэдадні фестывалю вядучы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Юлія Кішкурна расказала карэспандэнту “Авацыі” аб значнасці фігуры Коласа для Беларусі, яго творчай дзейнасці і які скарб ён пакінуў нашчадкам.
       - Якуб Колас – адзін з класікаў і заснавальнікаў новай беларускай літаратуры. Як яго творчасць паўплывала на сённяшнюю беларускую літаратуру і мову?
       - Самы галоўны ўнёсак, які зрабіў Якуб Колас для нашай нацыі, – гэта фарміраванне і ўдасканаленне беларускай літаратурнай мовы, стварэнне яе літаратурнай формы. Сваёй пісьменніцкай працай, лінгвістычнай даследчыцкай дзейнасцю, мастакоўскай падрыхтоўкай маладых пісьменнікаў, вучняў, студэнтаў, усіх чытачоў яго мастацкіх твораў Колас натхняў сучаснікаў (а сёння – і сваіх нашчадкаў) карыстацца роднай мовай як эфектыўным сродкам мыслення і зносін.
       - Якуб Колас дасканала ведаў, чым заклапочаны беларускі народ, яго мары і думкі. Раскажыце, калі ласка, як паўплывала глыбокае веданне псіхалогіі сялянства на творчасць беларускага класіка?
      - Мастацкая практыка Якуба Коласа наглядна дэманструе, што менавіта ўласны духоўны свет пісьменніка з’яўляецца зыходным пунктам пазнання нацыянальнага характару. Глыбокая сувязь пісьменніка з вясковай рэчаіснасцю, засвоеныя ім з дзяцінства маральна-этычныя ўяўленні, павага да чалавека працы як стваральніка матэрыяльна-духоўных каштоўнасцей свету – стала першаснай асновай творчасці пісьменніка, што яскрава выражана Коласам у адлюстраванні сялянскага свету (напрыклад, паэмы “Новая зямля” і Сымон-музыка”). Выдатны пісьменнік Алесь Адамовіч, аўтар адной з лепшых прац пра паэму “Новая зямля” – “Беларускі вершаваны раман”, ставіў пытанне: “Калі б нам удалося звязацца з іншапланецянамі, якую б найбольш поўную інфармацыю пра беларусаў трэба паслаць ім?” І адказваў: “Новую зямлю” Якуба Коласа. Там усё пра нас сказана…”
       - Уплыў народнага паэта Беларусі на сваю творчасць прызнавалі Аляксандр Твардоўскі, Міхаіл Ісакоўскі і інш, а англійская перакладчыца Вера Рыч, нават, параўноўвала “Новую зямлю” з творамі У. Шэкспіра. Скажыце, калі ласка, наколькі сёння мы маем каштоўныя творы пісьменніка для сусветнай культуры ў цэлым?
       - Літаратурная дзейнасць Якуба Коласа стала асновай і матэрыялам для з’яўлення твораў у самых розных галінах мастацтва – у тэатры, кіно, музыцы, выяўленчым мастацтве, ужытковай творчасці. Сцэнічная гісторыя твораў Коласа пачынаецца з 1919 г., калі ў Мінску пачалі ставіць яго драмы “Антось Лата” і “На дарозе жыцця”. З той пары і да сённяшняга часу не сыходзяць з тэатральных падмосткаў героі твораў Якуба Коласа: у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы праходзіць спектакль “Сымон-музыка” (рэж. М. Пінігін). Творчасць Якуба Коласа на працягу стагоддзя сілкавала і выяўленчае мастацтва, даючы натхненне майстрам жывапісу, графікі, скульптуры. Уражвае нават пералік ілюстратараў, кожны з якіх знаходзіць у творах пісьменніка водгулле ўласнага светаадчування: В. Ціхановіч, С. Раманаў, Ю. Пучынскі, В. Шаранговіч, Г. Паплаўскі, А. Паслядовіч, І. Немагай, А. Сапетка, Л. Прагін, А. Дзямарын, В. Сахненка, Э. Агуновіч, М. Бельскі, В. Александровіч, Ю. Зайцаў, Л. Пятруль. Нельга не адзначыць месца і ролю ў развіцці скульптуры работ З. Азгура, С. Селіханава, А. Глебава, прысвечаных Якубу Коласу. Не абыйшоўся без Якуба Коласа і беларускі кінематограф, нарадзіўшы вялікія двухсерыйныя работы – “Першыя выпрабаванні” У. Корш-Сабліна і “Новая зямля” У. Траццякова.
За межамі Беларусі з творчасцю Якуба Коласа знаёмыя жыхарым ногіх краін свету. Яго творы (пераважна паэтычныя) перакладзены больш чым на 40 замежных моў, у тым ліку на англійскую, нямецкую, французскую, іспанскую, кітайскую. Асобае месца сярод перакладаў твораў займаюць выданні на славянскіх мовах – рускай, польскай, украінскай. На рускай мове ў розны час выходзілі тры зборнікі твораў Якуба Коласа.
       - Усе ведаюць Якуба Коласа як народнага паэта Беларускай ССР. Але ж ён займаўся і навуковай дзейнасцю – рэгулярна праходзяць Міжнародныя навуковыя канферэнцыі, прысвечаныя яго творчасці. Раскажыце, калі ласка, падрабязней менавіта пра гэты кірунак у дзейнасці Коласа, за які ён у 1944 годзе стаў Заслужаным дзеячам навукі.
       - Каля трыццаці гадоў жыцця Якуба Коласа былі цесна звязаны з дзейнасцю Акадэміі навук Беларусі. Паэт увайшоў у першы састаў сапраўлных членаў (акадэмікаў) Беларускай Акадэміі навук (1928 г.), а на наступны год К.М. Міцкевіч быў выбраны віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук і з’яўляўся ім да апошніх дзён жыцця, а таксама пісьменнік нязменна ўваходзіў у састаў Прэзідыума Акадэміі навук. У пратаколах пасяджэнняў Прэзідыума Акадэміі навук зафіксаваны шматлікія факты, якія характырызуюць навукова-арганізацыйную дзейнасць віцэ-прэзідэнта К. М. Міцкевіча, напрыклад, рашэнні аб прызначэнні Коласа адказным за будаўніцтва новых будынкаў Акадэміі навук (1932 г.), уключэнне ў склад рэдкалегіі часопіса “Запіскі Беларускай Акадэміі навук” (1933 г.), зацвярджэнне старшынёй Камісіі па пераглядзе і ўдасканаленні беларускага правапісу (1949 г.).
       - Вядома, што Якуб Колас з’яўляўся старшынёй Беларускага рэспубліканскага камітэта абароны міру. Раскажыце падрабязней пра грамадскую дзейнасць пісьменніка.
       - З другой паловы 1920-х пачынаецца час актыўнай грамадскай дзейнасці Якуба Коласа: паэт быў кандыдатам у члены Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў 1927-1929 гг., членам ЦВК у 1929-1931, 1935-1938 гг. Якуб Колас удзельнічаў у рабоце 1-га Усебеларускага з’езда савецкіх пісьменнікаў і 1-га Усесаюзнага з’езда савецкіх пісьменнікаў у Маскве (1934 г.), дзе быў абраны ў кіруючыя органы творчых саюзаў літаратараў. У 1935 г. ён выступаў з прамовай на Сусветным кангрэсе абароны культуры ў Парыжы. Пасля вайны, з сярэдзіны 1940-х гг. і да канца жыцця Якуб Колас выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР і Вярхоўнага Савета БССР, членам Цэнтральнага Камітэта на XX-XXII з’ездах Камуністычнай партыі Беларусі і ўсесаюзнага Камітэта па Дзяржаўных прэміях у галіне літаратуры і мастацтва, віцэ-старшынёй Усеславянскага антыфашысцкага камітэта, старшынёй Беларускага і членам Савецкага камітэта абароны міру – і гэта была не фармальная праца. У Якуба Коласа заўсёды знаходзілі водгук праблемы асобных грамадзян, паслядоўна адстойваў ён інтарэсы і ўсёй беларускай нацыі.
      - Вядома, што ў Коласа было шмат аўтамабіляў, але сам ён іх не вадзіў і ездзіў толькі з кіроўцамі. Кожны новы аўтамабіль Якуба Коласа сімвалізаваў пачатак пэўнага кола ў жыцці пісьменніка. Раскажыце, калі ласка, пра гэтыя жыццёвыя этапы.
      - У Якуба Коласа было шэсць аўтамабіляў, і амаль кожны з іх – новая веха, новы круг у жыцці пісьменніка – рэпрэсіі 1930-х гг., якія не абыйшлі родных і блізкіх беларускага песняра, Вялікая Айчынная вайна, калі пісьменнік апошні раз бачыўся са сваім сынам Ю.К. Міцкевічам, пасляваеннае адраджэнне краіны. У 1936 г. у сувязі з 30-годдзем творчай дзенасці Якуба Коласа паэту быў выдадзены аўтамабіль “М-1”. У гэты час Канстанцін Міцкевіч знаходзіцца пад пільнай увагай органаў дзяржбяспекі, адна за адной фабрыкуюцца справы. Былі арыштаваны і рэпрэсіраваны блізкія сваякі паэта – дзядзька па матчынай лініі, грамадскі і палітычны дзеяч, мовазнавец Язэп Лёсік, родны брат жонкі Коласа Аляксандр Каменскі. У канцы 1939 г. Якуб Колас замест “М-1” атрымаў трафейны аўтамабіль маркі “Шэўрале”. 24 чэрвеня 1941 г. пасля моцнага налёту нямецкіх самалётаў Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч з сям’ёй на сваёй машыне дабіраецца да ўскраіны горада. Сусед Міцкевічаў, які вывез сям’ю з палаючага Мінску, на машыне зноў вярнуўся ў горад, каб дапамагчы сваім родным. Як стала потым вядома з ліста сярэдняга сына Якуба Коласа Юрыя (загінуў у канцы 1941 г. на фронце), машыну ён бачыў ў варонцы з ўзарваным бакам. У снежні 1944 г. Якуб Колас вяртаецца з эвакуацыі ў Мінск, дзе пісьменніку выдалі трафейны аўтамабіль “Опель-Алімпія” васільковага колеру. Паездкі па гораду ў Коласа былі амаль штодня – сесіі, пасяджэнні, мітынгі, тэрміновая работа. У 1947 г. Панцеляймон Панамарэнка падараваў Якубу Коласу “Опель-Адмірал” чорнага колеру. У 1953 г. для сям’і быў набыты аўтамабіль “Победа”. У Якуба Коласа не было вадзіцельскага пасведчання, таму за руль ён ніколі не садзіўся. Аўтамабілем часцей карысталася нявестка Якуба Коласа, жонка старэйшага сына Данііла Міцкевіча – Зарына і сам Данііл Канстанцінавіч. Зараз аўтамабіль належыць унуку Якуба Коласа – Андрэю Даніілавічу Міцкевічу. У 1955 г. ад Акадэміі навук Якубу Коласу сярод некаторых іншых акадэмікаў быў выдадзены службовы аўтамабіль “ЗІМ”.
       - У 1957 годзе была выпушчана паштовая марка СССР з выявай Коласа, Цэнтральны банк Расіі ў памяць паэта ў 1992 годзе выпусціў манету, у Беларусі да 120-годдзя з дня нараджэння літаратурнага класіка – манета і марка. Якія памятныя знакі будуць да 135-гадовага юбілею?
       - Да 135-гадовага юбілею Якуба Коласа з памятных знакаў будзе выпушчана марка і канверт.
       - Падзяліцеся, калі ласка, мала вядомымі фактамі з жыцця і творчасці Якуба Коласа, аб якіх мы яшчэ не ведаем.
       - Пра Якуба Коласа сёння нічога новага сказаць амаль што нельга. Усе факты біяграфіі і творчасці вядомыя. На жаль, вельмі рэдка ўпамінаецца, што народны паэт быў чалавекам шчодрым і пры кожнай магчымасці дапамагаў не толькі родным, сябрам, але і нават незнаёмым людзям. Напрыклад, не многія ведаюць, што таленавітаму, але нікому невядомаму студэнту Заіру Азгуру Якуб Колас у свой час плаціў яшчэ і асабістую стыпендыю. Падтрымліваў пісьменнік і сціплую маладую дзяўчынку Ларысу Аляксандраўскую, ды і не толькі яе. На адрас “Мінск. Народнаму паэту Беларусі Якубу Коласу” штодня прыходзілі дзясяткі лістоў з просьбамі з усяго Савецкага Саюза. У пісьменніцкім доме на вуліцы Пушкіна дзверы ніколі не зачыняліся. Кожнага пры ўваходзе сустракаў ахоўнік Васіль, а праводзілі 2 памочніцы па хаце – удаўцу Яубу Коласу яны былі абавязковымі па статусе.
       - Для Вас асабіста, што значыць фігура Коласа?
       - Якуб Колас – гэта Чалавек з вялікай літары, які годна пранёс праз сваё жыццё “званне” грамадзяніна, творцы, сем’яніна, бацькі трох сыноў. Якуб Колас любіў людзей, сваю родную краіну і выразіў свае пачуцці праз лепшы свой “скарб” – слова.

        Гутарыла Надзея СТАНКЕВІЧ.
        Фото з архіва Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Я.Коласа.

Вярнуцца да спiса навiн