Заказ
бiлетаў:

  • +375 (176) 55-55-55 — гарадскi
  • +375 (29) 175-27-84 — вэлком
  • +375 (29) 853-27-84 — мтс
kvitki.by

7360

iнфармацыя
i заказ бiлетаў

Навiны

Пясняр беларускага народа

          У кожнага народа ёсць песняры, прарокі, якія сілай свайго паэтычнага таленту вызначаюць не толькі шляхі развіцця роднай мовы, літаратуры, культуры, але і фарміруюць нацыянальную самасвядомасць, увасабляюць нацыянальную ідэю, даючы мэту і сэнс існавання не аднаму пакаленню. Яны становяцца сімваламі свайго народа. Для беларусаў такім сімвалам з’яўляецца Янка Купала.
         Шэраг мерапрыемстваў XVII Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2017” будуць прысвечаныя народнаму паэту Беларусі, 135-гадовы юбілей якога адзначаецца сёлета.
         Спецыялісты Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы вучоны сакратар Галіна Варонава і загадчык аддзела культурна-адукацыйнай работы Вольга Пархімовіч расказалі нашаму выданню аб значнасці фігуры Купалы для Беларусі.
         - У беларускім Нацыянальным гістарычным архіве ў анкеце прызыўніка Івана Дамінікавіча Луцэвіча ўказаны яго веравызнанне – рымска-каталіцкае і нацыянальнасць – рускі. Аднак у сваёй аўтабіяграфіі Купала прызнаўся, што канчаткова вырашыў: “Я беларус… маё прызначэнне служыць свайму народу ўсімі сіламі сваёй душы і сэрца”. Што дапамагло пісьменніку асэнсаваць сваю нацыянальнасць?
        В.П. - Усе родныя Янкі Купалы, як і многія заходнія беларусы, былі каталікамі і таму мова, якой добра валодалі ў сям’і, была польская. Менавіта на ёй былі напісаны першыя вершы Янкі Купалы, прачытаўшы якія беларускі пісьменнік Ядзвігін Ш сказаў: “Добра…Але трэба пісаць па свайму”. Янка Купала згадвае сваё знаёмства з пісьменнікам як лёсавызначальнае. Ён упершыню сутыкнуўся з чалавекам, які быў пісьменнікам, друкаваўся, але пісаў і па-беларуску. У нашым музеі захоўваецца рукапіс верша на польскай мове “Кабеце”, які датуецца 14 ліпеня 1904 года, а на адваротным баку гэтага ліста на наступны дзень, 15 ліпеня 1904 года, аўтар напісаў знакаміты беларускамоўны твор “Мая доля”.
        Словы паэта, якія вы цытуеце ў пытанні: “Я беларус… маё прызначэнне служыць свайму народу ўсімі сіламі сваёй душы і сэрца”, – былі напісаны ў 1904 годзе пасля знаёмства з беларускамоўнымі рэвалюцыйнымі брашурамі, а яшчэ паэт падкрэслівае, і на маю думку гэта галоўнае, што ён заўсёды адчуваў блізкасць да народа, з якім даводзілася дзяліць і гора, і радасць, зацікаўленасць народнай творчасцю, якая скіроўвала жыць і думаць па-беларуску.
        ​А вось што Янка Купала пісаў Л.М.Клейнбарту пра свой першы верш на беларускай мове: “Первое стихотворение на белорусском языке я написал, если можно так выразиться, случайно. Ехал я в Минск. Передо мной ехали известные мне бырышни высшего от моего класса. Вдруг они выпали из повозки довольно в пикантных позах. Вот этот эпизод и толкнул меня написать юмористическое стихотворение. Написано оно было, насколько помню, очень слабо в смысле поэтики, но меня самого удивило то, что и я могу сочинять “вершы”. С этого времени я и начал писать”.
       - Ці звязаны выбар літаратурнага імя з народным святам Купалле?
       В.П. - Псеўданім Янка Купала – работа рэдактара першага зборніка “Жалейка” Браніслава Ігнатавіча Эпімах-Шыпілы, выдатнага беларускага выдаўца і мовазнаўцы. У выбары псеўданіма ёсць, канешне, і міфалагічны складнік, бо Іван Луцэвіч народжаны ў містычны час, у купальскую ноч, у дзень летняга сонцастаяння, час актывізацыі ўсіх сіл прыроды.
       Дарэчы, адзін з першых псеўданімаў Янкі Купалы – Вайдэлота – паганскі святар, адказны за зніч – нязгасны агонь.
      - Як творчасць Янкі Купалы адлюстравалася на беларускай літаратуры і мове, якой мы карыстаемся сёння?
      Г.В. - Класічная літаратура гэта той падмурак, на якім стаіць увесь будынак прыгожага пісьменства. Творчасць класікаў – арыенцір для паслядоўнікаў, тая планка, да якой імкнуцца, якую мараць пераўзысці. Таму спадчына пісьменнікаў-класікаў прысутнічае ў жывой літаратурнай плыні заўсёды. Гэта працяг тэм і палемікі, распачатай творцамі, развіццё вобразаў, цытаты прамыя і ўскосныя, асацыятыўныя адсылкі. Творчасць прызнаных класікаў уваходзіць у жыццё чалавека яшчэ ў дзяцінстве, падчас навучання, фарміравання асобы. Яна – неад’емная частка культуры, самасвядомасці. Таму творчасць Янкі Купалы заўсёды прысутнічае ў беларускай літаратурнай прасторы. Бо нават для таго, каб скінуць класікаў “з парахода сучаснасці”, як гэта абвясцілі рускія футурысты на чале з Маякоўскім, трэба найперш каб яны былі. Сёння беларускі пісьменнік, а тым больш паэт можа адчуць сябе вучнем Янкі Купалы або аспрэчваць яго, прапануючы ўласную сістэму паэтычных вобразаў. Адзінае, чаго ён не можа, гэта не ведаць Янкі Купалы.
      Янка Купала і яго сучаснікі, сябры і паплечнікі Якуб Колас, Максім Багдановіч, Максім Гарэцкі, Кузьма Чорны, Змітрок Бядуля – кропка адліку ў беларускай літаратурнай сістэме каардынат. Без іх яна проста перастане існаваць. Гэтым жа вызначаецца і ўплыў на развіццё мовы. Нашых класікаў яднае і геаграфічная блізкасць. Яны нарадзіліся ў арэале распаўсюджання мінска-маладзечанскіх гаворак. І той факт, што іх творы атрымалі максімальную чытацкую аўдыторыю, стаў прычынай таго, што менавіта гаворка цэнтральнай Беларусі стала ўспрымацца ўсімі носьбітамі мовы як узор, як норма, стала асновай сучаснай літаратурнай мовы.
     - У 1926 годзе праходзіла Акадэмічная канферэнццыя па рэформе беларускага правапісу і алфавіту. Вядома, што Янка Купала прымаў у ёй удзел. Якая яго была роля?
       Г.В. - Канферэнцыя 1926 года стала вынікам шматгадовай працы беларускіх вучоных, пісьменнікаў, а найперш тэрміналагічнай камісіі, у склад якой ад пачатку яе працы ўваходзіў і Янка Купала. Перад імі была пастаўлена тытанічная задача: за кароткі тэрмін (некалькі гадоў) распрацаваць беларускую тэрміналогію па ўсіх галінах ведаў, каб беларуская мова не толькі на паперы, але рэальна магла стаць дзяржаўнай мовай. І пачыналі яны працу фактычна з нуля, бо ім трэба было пераадолець разрыў мінімум у 2 стагоддзі, калі беларуская мова паступова выцяснялася з пісьмовага ўжытку, выкарыстоўвалася на побытавым узроўні. Трэба было вырашыць і праблему адсутнасці агульнапрынятай граматыкі, графікі. Менавіта таму навуковая канферэнцыя, што адбылася ў лістападзе 1926 года мае такое вялікае значэнне: ад моманту яе правядзення мы можам гаварыць пра літаратурную, а не толькі нацыянальную беларускую мову.
     Янка Купала быў абраны ў прэзідыум канферэнцыі. Яго не было сярод дакладчыкаў, але Купалаў галоўны ўнёсак і ў справу канферэнцыі, і ў станаўленне беларускай мовы –творчасць. Прыгожае пісьменства – гэта праца над словам, бесперапынная шліфоўка і строгі адбор лексікі, граматычных і сінтаксічных форм і канструкцый. Калі ж закрануць паэзію, то гэта яшчэ і выпрацоўка арфаэпіі. Чым большы талент творцы, чым больш у яго чытачоў, тым больш яго выбар слова становіцца агульным для ўсіх носьбітаў мовы. Але Янка Купала не абмяжоўваўся толькі гэтым. Вынік яго працы як даследчыка лексікографа – слоўнік літаратуразнаўчай тэрміналогіі.
     - Творы беларускага песняра перакладзены амаль на 100 замежных моў. Толькі верш “А хто там ідзе?” гучыць на 84 мовах народаў свету. Скажыце, калі ласка, наколькі сёння мы маем каштоўныя творы пісьменніка для сусветнай культуры ў цэлым?
        В.П. - Дзякуючы шматлікім перакладам творы Янкі Купалы прэзентуюць беларускую культуру ў свеце, а верш “А хто там ідзе…” на сённяшні дзень перакладзены ўжо на 85 моў. Пасля выдання кнігі аднаго верша да 100-годдзя з дня нараджэння паэта ў 1982 годзе, у якой быў змешчаны верш на мове арыгінала і пераклады на 81 мову, з’явілася яшчэ некалькі: на карацінскую мову (пераклаў слен СПБ Хізры Асадулаеў, на славацкую мову (пераклаў дыпламат Марыян Серватка), на мову фарсі (падарунак Пасольства Ісламскай Рэспублікі Іран да дня роднай мовы ў 2015 годзе) і апошні пераклад на іўрыт (падарунак Пасольства Дзяржавы Ізраіль да дня роднай мовы ў 2017 годзе). Дарэчы, у Ізраільскім горадзе Ашдод у снежні 2015 года быў адкрыты памятны знак, прысвечаны Янку Купалу.
       У гэтым годзе плануецца адкрыццё мемарыяльных дошак у Славакіі ў тых гарадах, дзе быў Янка Купала ў складзе дэлегацыі савецкіх пісьменнікаў і журналістаў: Браціслава, Пешцяны, Святы Юр, Модра, а таксама ў Фінляндыі ў г. Іматра побач са знакамітым вадаспадам, якому Янка Купала ў 1910 годзепрысвяціў цудоўны верш “Над Іматрай”.
       У выніку міжнароднага выставачнага праекта музея “Янка Купала ў дыялогу культур” завязаліся цёплыя стасункі з грузінскімі калегамі і музей у 2016 годзе прэзентаваў выстаўку ў г. Цхалтуба, дзе Янка Купала штогод, пачынаючы з 1937 лячыўся і адпачываў у санаторыі.
       У лютым гэтага юбілейнага года адбылося адкрыццё выстаўкі з фондаў музея ў Парыжы ў Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Французскай Рэспубліцы. На ўрачыстым адкрыцці прысутнічаў знакаміты мастак Барыс Забораў, раннія работы якога таксама былі прадстаўлены.
       Што тычыцца тэатральнага мастацтва, то гэта, перш за ўсё, “Паўлінка” Нацыянальнага акадэмінага тэатра імя Янкі Купалы, якая больш 100 гадоў не сыходзіць з тэатральнай сцэны, а тэкст п’есы беларусы ўжо даўна разабралі на цытаты. І канешне, “Адвечная песня” – візітная картка Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургі, які ў 2016 годзе паставіў новы спектакль па п’есе “Раскіданае гняздо”, а да 130-годдзя паэта – дакументальную алегорыю “Кругі раю”. Штогод да дня нараджэння паэта і пры падтрымцы музея тэатр ладзіць святочную імпрэзу “Святкуем Купалле разам з Купалам”: адкрываем выстаўку, праводзім віктарыны і акцыю “Чытаем Купалу разам”.
       - Вядома, што Купала з 1917 да 1930 года некалькі разоў “упадаў у маўчанне”. З чым гэта было звязана: ўнутраным пратэстам, перажываннямі пісьменніка?
      Г.В. - У творчасці Янкі Купалы ёсць адзін вялікі перапынак: верасень 1915 – кастрычнік 1918. Ён прыпадае на гады Першай сусветнай вайны і рэвалюцыйных падзей 1917 года. З-за набліжэння фронту паэт вымушаны быў спыніць выданне “Нашай нівы”, якую на той час узначальваў, і выехаць з Вільні. Увосень 1915 Янка Купала паступіў на вучобу ў Маскоўскі гарадскі народны ўніверсітэт імя А.Л. Шаняўскага, але хутка з-за матэрыяльнай нястачы з ліку студэнтаў перайшоў у вольныя слухачы.
       Падчас вучобы аднавіліся блізкія адносіны з Уладзіславай Станкевіч, якая таксама вучылася ва ўніверсітэце. 23 студзеня яны абвянчаліся ў касцёле Пятра і Паўла. Неўзабаве паэта прызвалі ў войска. Ён служыў у дарожна-будаўнічым атрадзе № 16 Варшаўскай акругі шляхоў зносін. Спачатку ў Мінску, пазней у Полацку і Смаленску, дзе і заспеў паэта 1917 г. Зноў нястача, няпэўнасць будучыні, пошук працы, цяжкая хвароба ўлетку 1918 г. Хуткія змены жыццёвых абставін, цяжкая праца, жахлівыя падзеі на франтах Сусветнай вайны, акупацыя значнай часткі Беларусі не спрыялі паэтычнаму натхненню, тонкай рабоце душы, якой вымагае паэзія.
       Кастрычніцкай рэвалюцыя 1917 таксама не прынесла светлых перспектыў для Беларусі. Дастаткова згадаць пазіцыю Абласнога выканаўчага камітэта Заходняй вобласці, які прадстаўляў для Беларусі ўладу бальшавікоў, які знаходзіўся, дарэчы, у Смаленску. Яго кіраўнікі не тое што не спрыялі нацыянальнаму самавызначэнню беларусаў, але не прызнавалі сам факт існавання іх як самастойнага народа. Гэтыя падзеі не маглі не легчы цяжкім каменем на душу песняру, які з самага пачатку прысвячаў свой талент Беларусі і яе народу.
       Пэўна, душэўны стан Янкі Купалы можна было б ахарактарызаваць словамі “рукі апускаюцца”. Але, верагодна, у бядотным становішчы Беларусі ў першыя гады ўжо Грамадзянскай вайны, у няспраўджаных надзеях БНР знаходзіцца тое, што дапамагло паэту пераадолець творчы крызіс. Не выпадкова першы верш, які ён напісаў пасля працяглага маўчання, – “Для Бацькаўшчыны”: “Я зноў заснуўшую было жалейку / Бяру і пробую ў ёй галасоў…”. У ім яшчэ адчуваецца водгулле душэўнага разладу (“пачынаю йграць з трывогай нейкай”), але мэта і апраўданне творчасці ўжо вызначана: “Для Бацькаўшчыны-маці буду йграць!”.
       Можна меркаваць, што ў гэтым знойдзеным праз цяжкі духоўны пошук вызначэнні паэт будзе знаходзіць падтрымку і пазней. Бо нават у самыя змрочныя часы 1930-х гадоў яго творчасць можа змяншаць інтэнсіўнасць да аднаго –двух вершаў на год, але не замірае зусім. Там, дзе Янка Купала будзе вельмі жорстка абмежаваны як паэт, ён выкажацца як перакладчык, праз творы Тараса Шаўчэнкі, праз “Меднага конніка” Аляксандра Пушкіна.
       - Купала лічыцца трыбутам Нацыянальнага Адраджэння. Публіцыстычныя выступленні закраналі праблемы нацыянальнай самасвядомасці. А ў 1922 г. у трагікамедыі “Тутэйшыя” прагучала ідэя нацыянальнай незалежнасці Беларусі ў вострай сатырычнай форме. Можна лічыць, што Купала заклаў першую цагліну ў рапрацоўку нацыянальнай ідэі і канцэпцыю беларускай незалежнай дзяржавы?
       Г.В. - Янка Купала прыйшоў не на пустое месца. У сваіх аўтабіяграфічных лістах да Льва Клейнбарта ён з удзячнасцю згадвае Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і Францішка Багушэвіча, сярод яго любімых паэтаў Адам Міцкевіч, творчасць якога натхнёная Беларуссю. Вялікі ўплыў на фарміраванне поглядаў юнака аказалі размовы з колішнім удзельнікам паўстання 1863 года Зыгмунтам Чаховічам, знаёмства з гістарычнай і мемуарнай літаратурай, прысвечанай гэтым гістарычным падзеям. Але працэс станаўлення беларускай ідэі ў ХІХ ст. не вызначаўся масавасцю, паслядоўнасцю. У пачатку ХХ ст. за адзінкамі-энтузіястамі прыйшла цэлая кагорта будзіцеляў, будаўнікоў беларускага дома. Менавіта гэты феномен мы завём сёння нашым Адраджэннем.
      Янка Купала быў адным з самых яркіх, актыўных прадстаўнікоў гэтага руху ў нашай літаратуры. Пафас адраджэння нацыянальнай годнасці беларусаў, будаўніцтва самастойна дзяржавы быў не толькі ў яго публіцыстычных выступленнях. Ён літаральна працінаў насквозь паэтычны свет яго вершаў і паэм. Нават прыродныя з’явы сталі паэтычным сродкам асэнсавання з’яў нацыянальнага жыцця Бацькаўшчыны. Па сутнасці, публіцыстыка Янкі Купалы як ідэолага беларускай дзяржавы гэта арганічны працяг яго паэзіі. Вобраз песняра-прарока, які звяртаецца да кожнага беларуса, заклікаючы яго прыняць удзел у адраджэнні сваёй старонкі, адзін з тых, што праходзіць праз усю творчасць Купалы. І сам ён быў названы прарокам беларускага адраджэння яшчэ пры жыцці. Менавіта такую ацэнку даў яго творчаму ўкладу Антон Луцкевіч – адзін з самых глыбокіх беларускіх крытыкаў першай паловы ХХ ст.
       У сваім бачанні беларускай дзяржаўнасці Янка Купала сыходзіў з высокіх прынцыпаў гуманізму і лепшых духоўных здабыткаў беларускага народа. Ён бачыў Беларусь роўнай іншым еўрапейскім краінам, з пачуццём нацыянальнай годнасці і добразычлівым стаўленнем да іншых народаў. І для дасягнення гэтага ідэалу трэба было, каб беларусы ўсвядомілі сябе менавіта беларусамі, народам з глыбокімі каранямі, багатай культурай, слаўнай гісторыяй. Каб яны адчулі пачуццё нацыянальнай годнасці як працяг годнасці ўласнай. Адсюль і неспакой паэта за лёс спадчыны продкаў, сатырычныя вобразы тутэйшых, якія, страціўшы бацькаўшчыну, страцілі самі сябе. Сёння мы працягваем рух па шляху да Беларусі, які акрэсліваў у свой час Янка Купала. Таму і яго ідэі знаходзяць адбітак у ідэалогіі беларускай дзяржавы ў ХХІ ст.
       - Вядома, што ў Якуба Коласа было 6 аўтамабіляў, кожны з якіх сімвалізаваў пачатак пэўнага кола ў жыцці пісьменніка. А ці былі такія “колы жыцця” ў Янкі Купалы?
       В.П. - Ёсць, канешне, цікавыя рэчы, якія былі падараваны паэту альбо якія ён набыў сам у розны перыяд свайго жыцця. Не магу сцвярджаць, што яны сімвалізуюць пачатак пэўнага кола жыцця паэта, але характэрызуюць яго дакладна.
Цікавыя гісторыі можна пачуць ад супрацоўнікаў музея, напрыклад, пра абставіны атрымання будучых экспанатаў. У 1927 годзе ў фонды Беларускага дзяржаўнага музея былі перададзены грамадзянінам Янкам Луцэвічам тры прадметы: сярэбраны крыжык выкладзены туркусамі (біруза), шкляное баккара цыліндрычнай формы і жалезны замок трыкутнай формы мясцовай старасвецкай работы. Згаданыя прадметы Янка Купала не проста перадаваў у фонды музея, а прапанаваў абмен на столік з устаўленай мармуровай шахматнай дошкай.
І яшчэ цікавая гісторыя, якую апісаў у сваіх успамінах Сяргей Грахоўскі: “У даваенным Мінску на рагу Ленінскай і пляцу Волі, побач з гасцініцай “Еўропа”, быў вялізны пасудны магазін. У ім Купала сустрэў вядомага хірурга, у якога не раз лячыўся, Мікалая Іванавіча Бобрыка і яго жонку Кацярыну Іванаўну. Узрадаваўся сустрэчы і папрасіў яе дапамагчы выбраць добры сервіз. “Цалкам спадзяюся на ваш густ”. Жанчына прыдзірліва аглядала самыя лепшыя наборы і спынілася на прыгожым графінчыку, далікатных фужэрах і чарачках з зеленаватым адлівам. Спытала: “Гэта падыдзе, Іван Дамінікавіч?” “А вам падабаецца?” “Вельмі”. “Тады бяру”. Разам выйшлі з магазіна. Купала адчыніў дзверцы: “Сядайце, падвязу дадому”. “Што вы, дзякуем. Мы трамваем”. “І гаварыць няма чаго. Паехалі”. І павёз іх на Газетны завулак. Развітваючыся каля дому, падаў пакунак з сервізам Кацярыне Іванаўне: “Вам гэта падабаецца. Прыміце на ўспамін пра нашу сустрэчу”. Сёння гэтыя кубачкі знаходзяцца на экспазіцыі музея.
       У час Вялікай Айчыннай вайны Янка Купала ехаў у эвакуацыю, спыняўся ў Чэбаксарах. Жыхары горада, ведаючы пра прыезд паэт і пра тое, што ён хворы прынеслі яму бялёныя валёнкі – шыкоўны падарунак паважанаму чалавеку. Валёнкі зараз таксама прадстаўлены ў экспазіцыі.
       Наш музей стаіць на тым месцы, дзе да вайны з 1926 па 1941 год жыў Янка Купала. З паэтам жыла і сястра Леакадзія Раманоўская. Яна згадвала: “Купала вельмі любіў ружы. Сам іх садзіў, дбайна даглядаў. Раслі яны, як дрэўцы, і мелі адзін ствол. На вершалінцы ж распускаўся цэлы букет ружаў. Янка Купала не любіў зрываць кветкі і другім не дазваляў гэтага рабіць. Але калі бачыў, што ў вачанятах загараліся агеньчыкі, нічога не шкадаваў. Браў нажніцы, зразаў кветкі і аддаваў дзецям”. Прайшоў час і кожны год у дзень нараджэння паэта дзеці ўскладаюць кветкі да помніка Янку Купалу, часцей за іншыя – белыя ружы.
       Яшчэ Янка Купала заўсёды сачыў за модай, вылучаўся элегантнасцю і стылем. Адзін з любімых аксэсуараў паэта – кій. Паэт іх набываў сам і нават атрымліваў як падарунак. Так было ў 1926 годзе ў Ялце, калі калегі-пісьменнікі падаравалі Янку Купалу кій з выявай Ластаўкінага гнязда. А другі кій ён называў “Мой конь” за тое, што яго наверша было зроблена ў выглядзе галавы каня і, дарэчы, з срэбра.
       - У 1992 годзе Банк Расіі выпусціў манеты наміналам 1 рубель, прысвечаныя 110-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы, а ў 2002 годзе ўжо Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь выпусціў манету наміналам 1 рубель, прысвечаную 120-годдзю з дня нараджэння пісьменніка. Якія памятныя знакі будуць да 135-гадовага юбілею?
         В.П. - Я ведаю, што Белпошта выдае серыю марак да юбілея Янкі Купалы і Якуба Коласа, выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі” плануе шэраг новых выданняў: творы паэта, у тым ліку і для дзяцей з ілюстрацыямі, і нават дзіцячую энцыклапедыю.
       - Падзяліцеся, калі ласка, мала вядомымі фактамі з жыцця і творчасці Янкі Купалы, аб якіх мы яшчэ не ведаем.
         В.П. - Янка Купала – Іван Дамінікваіч Луцэвіч паходзіў з дваранскай сям’і, якая мела свой герб “Навіна”;
         - у Мінску з 1921-1923 года Янка Купала жыў у доме, які сёння вядомы як музей першага з’езда РСДРП.
         - рукапіс знакамітай паэмы “Курган” захоўваецца ў Лондане ў бібліятэцы імя Францыска Скарыны;
         - адна з любімых страў Янкі Купалы смажаныя грыбы, хруст, пончыкі з вішнямі і … зайцоў з падліўкай (з ліста Шыманскага М.І. да У.Ф. Луцэвіч ад 4.1.1951: “Я сейчас в отпуске. Хожу на охоту – убил 4-х зайчиков. Очень хороши с “хорошей” подливкой. Вспоминаю дядьку Янку – любил он погрызть лапку”;
         - у Янкі Купалы была звычка пасля адпачынку на моры прывозіць каменьчыкі і рассыпаць іх на падлозе ў рабочым кабінеце. Паэт называў такую інсталяцыю “Маё маленькае мора”, часта перабіраў каменьчыкі, згадваючы лета і адпачынак;
         - жонка паэта Уладзіслава Станкевіч па паходжанні па маці францужанка. Эмілія Манэ нарадзілася ў Парыжы і была ў сваяцтве з вядомым мастаком-імпрэсіяністам Клодам Манэ;
         - усе героі знакамітага твора “Паўлінка” мелі сваіх прататыпаў, якія былі гледачамі спектакля падчас прэм’еры ў Радашковічах 15 жніўня 1913 года;
         - падчас жыцця ў Смаленску ў 1917 годзе Янка Купала быў слухачом курсаў Смаленскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстытута, цікавіўся нумізматыкай. Часта бываў на блашыных рынках і шукаў там старыя манеты, многія з якіх сёння захоўваюцца ў фондах нашага музея;
        - абутак Янка Купала не купляў, а шыў па замове ў шаўцоў. А лыжка для абутку ў яго была знакамітай фірмы “Salamander”.
        - Творы Купалы натхнялі кампазітараў, драматургаў… А для Вас асабіста ён з’яўляецца крыніцай натхнення?
        В.П. - Безумоўна! Я працую ў аддзеле культурна-адукацыйнай работы. Натхняючыся творамі Янкі Купалы, яго асобай мы ствараем новыя інтэрактыўныя праграмы, літаратурна-музычныя вечарыны, Ночы музеяў, перформансы, прэзентацыі, квэсты і многае-многае іншае. Мы не перастаем здзіўляцца: на ўсе выпадкі жыцця, на любыя тэмы ў Янкі Купалы ёсць альбо паэтычныя радкі, альбо вельмі трапныя выказванні.
       - Што значыць фігура Янкі Купалы для Беларусі?
       Г.В. - У хіміі ёсць паняцце каталізатара – рэчыва, якое не прымае ўдзелу ў хімічнай рэакцыі, але без яго сама рэакцыя немагчымая. На маю думку, Янка Купала для беларусаў як сучаснай еўрапейскай нацыі, для Беларусі як суверэннай дзяржавы і з’яўляецца такім каталізатарам. Яго творчасць прасякнута душэўным неспакоем за лёс сваёй Бацькаўшчыны, якая сустракала “Вясну народаў” мяжы ХІХ–ХХ стст. у незайздросным стане. Права на нацыянальнае і дзяржаўнае самавызначэнне Беларусі трэба было даводзіць найперш самім беларусам. Акадэмік Яфім Карскі вызначыў этнічныя межы Беларусі, паэт Янка Купала акрэсліваў межы беларускага духу. Ён распавядаў беларусам пра іх край і народ, адкрываючы схаваную ў няпамяці Атлантыду. У сваёй справе ён не быў адзінокі, але пэўна ж менавіта яго слова найбольш адгукалася ў сэрцах беларусаў. Невыпадкова, калі і сёння запытацца ў людзей пра беларускіх паэтаў, большасць першым прыгадвае Купалу. Калі б Янкі Купалы не было ў гістарычным лёсе Беларусі, то цяжка сказаць ці была б сёння суверэнная еўрапейская краіна Рэспубліка Беларусь, але дакладна яна была б значна бяднейшая на фарбы, на паэзію. У маім ўяўленні, Янка Купала – той зыходны духоўны складнік, без якога Беларусь проста не можа адбыцца.
      В.П. - Вядомы абсалютна кожнаму паэт, для многіх любімы аўтар, творы якога будуць і надалей хваляваць, радаваць, закранаць самыя патаемныя струны душы, а музей паэта назаўсёды застанецца скарбніцай беларускай культуры.
На працягу вось ужо амаль 73 гадоў у музеі працуюць людзі, якія ніколі не губляюць радасці адкрыцця, творчыя, таленавітыя, з Купалам у сэрцы. Пра гэта ёсць цудоўныя паэтычныя радкі ў паэта, былога супрацоўніка музея Сяргея Панізніка:
      Прытулак любові – Купалаўскі дом,
      Дзе зноў зажадалі сустрэцца
      З Купалам у сэрцы ўсе мы жывём
      З Купалам у сэрцы!

      Вікторыя КУРЫЛАВА.
      ФОТА з архіва Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.

 

      


 

Вярнуцца да спiса навiн