Заказ
бiлетаў:

  • +375 (176) 55-55-55 — гарадскi
  • +375 (29) 175-27-84 — вэлком
  • +375 (29) 853-27-84 — мтс
kvitki.by

7360

iнфармацыя
i заказ бiлетаў

Навiны

Аўтарская праграма “Суразмоўцы” пісьменніка Навума Гальпяровіча

   У малой зале Палаца культуры 7 чэрвеня ў 16.00 адбудзецца інтэрв’ю з вядомымі асобамі ў рамках аўтарскай праграмы “Суразмоўцы” пісьменніка Навума Гальпяровіча. У бяседзе са знакамітымі гасцямі Навум Якаўлевіч закране актуальныя праблемы сучаснасці, развіццё беларускай літаратуры, ролю роднай мовы ў фарміраванні грамадскай свядомасці і культуры. У якасці гасцей запрошаны заслужаны дзеяч мастацтваў, беларускі драматург Аляксей Дудараў і паэт-песеннік Уладзімір Мазго. 

 

“Суразмоўцы” Навума Гальпяровіча

 Восенью 2018 года на сацыякультурным тэлеканале “Беларусь 3” з’явілася тэлеперадача з гучнай назвай “Суразмоўцы”. Гэта аўтарскі праект пісьменніка Навума Гальпяровіча. Госці праграмы – знакамітыя пісьменнікі і паэты, артысты і музыканты, педагогі і грамадскія дзеячы, літаратурныя крытыкі і даследчыкі, навукоўцы і мастакі. У гутарках з імі Навум Якаўлевіч закранае актуальныя праблемы сучаснасці, развіцця беларускай літаратуры, ролі роднай мовы ў фарміраванні грамадскай свядомасці і культуры.

У сучасным свеце на тэлеэкранах краіны часцей за ўсё з’яўляюцца медыйныя асобы: зоркі эстрады, спорту, тэлевізійных шоу. Навум Гальяпяровіч у сваёй праграме таксама сустракаецца са значнымі фігурамі і экспертамі, якія займаюцца літаратурай, гісторыяй і, на жаль, не так добра вядомыя шырокаму колу людзей. Аднак кожная сустрэча з такім чалавекам дазваляе многім гледачам адкрываць для сябе новыя імёны, зазірнуць у глыбіню літаратурных працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі, лепш пазнаёміцца з гісторыяй і сучаснымі творцамі.

         Напярэдадні фестывалю Навум Якаўлевіч адказаў на некалькі пытанняў.

 Падчас Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі  “Маладзечна” гучыць толькі беларускае слова. А што для Вас родная мова?

– Беларуская мова – гэта тое, як я размаўляю з дзецьмі і ўнукамі, блізкімі сябрамі, на якой пішу вершы і прозу, раблю праграмы на радыё і на тэлебачанні, чым жыву і дыхаю штодня. Гэта, як паветра, як дыханне.

Як я пісаў у адным з вершаў:

Не, я не супраць розных іншых моў,

Але мне роднай смак заўсёды мілы.

І я падданы беларускіх слоў,

Тых , да якіх Радзіма прычасціла.

 

Па дадзеных на 2019 год у паўсядзённым жыцці на беларускай мове гаворыць толькі 3% насельніцтва, на трасянцы – 49%. Усё больш беларусаў лічаць рускую мову роднай. А што калі сітуацыю змяніць і аддаць прыярытэт роднай мове – зрабіць беларускую адзінай дзяржаўнай мовай? Як бы Вы асабліва аднесліся да такіх радыкальных мер па папулярызацыі беларускага маўлення?

Беларуская мова ў тым ці іншым выглядзе, мяркуючы па вашых дадзеных, жыве ў больш як пяцідзесяці працэнтаў жыхароў краіны. Гэты працэнт мог быць і павінен быць, безумоўна, большы. Але радыкальнымі мерамі гэтага дасягнуць, можа, не самы лепшы спосаб. Першым крокам павінна стаць рэальная роўнасць моў, але не перавага, прычым істотная, адной. Некалі ў БССР было чатыры дзяржаўныя мовы, але на беларускай выходзілі газеты, працавала радыё, былі ў асноўным беларускія школы, на роднай мове ствараліся шэдэўры літаратуры і мастацтва.

Тым больш у наш час, калі Беларусь незалежная дзяржава, патрабуецца істотная падтрымка беларускай мовы з боку ўсіх дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў, навучальных устаноў.

Людзі, якія працуюць у дзяржаўных установах, у сістэме адукацыі і культуры, павінны аднолькава добра валодаць абедзвюма дзяржаўнымі мовамі.

Роўнасць моў важна забяспечыць у друкаваных  сродках, іншых СМІ, у канцэртнай дзейнасці, грамадскім жыцці і г.д.

Гэта самы першы этап, каб беларуская мова запанавала ва ўсіх сферах жыццядзейнасці людзей.

І пачынаць трэба з сябе, са сваіх дзетак і ўнукаў, якія сёння ходзяць у дзіцячыя садкі, бо любая мова – неацэнны здабытак народа, і трэба гэты здабытак захоўваць і памнажаць.

 

З якімі думкамі вы рыхтуецеся да XIXНацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна”, які будзе прысвечаны Году малой радзімы і 75-годдзю з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў?

 

З думкамі пра родную мову, яе развіццё і існаване ў нашым паэтычным і песенным мастацтве, пра будучыню нашай роднай краіны.

 

Нібыта светлую зару,

Што прынясе пачатак дня,

Такой я бачу Беларусь,

Такой люблю яе штодня.

 

З пявучай мовай трапяткой,

З усмешкай шчодраю заўжды,

Я веру, што ёй быць такой

Яшчэ на доўгія гады.

 

Тут мой пачатак і выток,

Тут мае мары і працяг,

Ад дрэва роднага лісток,

Заўжды я дома , не ў гасцях.

 

Тут маіх светлых дум прыліў

Пра шчасце яе сынам быць,

Пра светлы лёс маёй зямлі,

Якую вечна нам любіць.

 

У тэлеперадачы Навума Гальпяровіча прынялі ўдзел мноства цікавых гасцей ад міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча да чалавека-аркестра Васіля Дранько-Майсюка. Падчас фестывалю гасцямі стануць беларускі драматург Аляксей Дудараў і паэт-песеннік Уладзімір Мазго.

 

Сучасную драматургію нельга ўявіць без Аляксея Дударава. Ён вядомы драматург, сцэнарыст, з тых, каго прынята называць “жывым класікам”. Спектаклі  па яго п’есах “Вечар”, “Радавыя”, “Кім”, “Чорная панна Нясвіжа”,“Князь Вітаўт” не пакідаюць айчынныя і замежныя тэатры. Дудараў — сапраўдны фенамен. Усе без выключэння напісаныя ім п’есы пастаўлены. А фільм “Белыя росы”, зняты па яго сцэнарыю, да гэтага часу прыцягвае гледачоў да экранаў.

У прозе, драматургіі Аляксей Дудараў даследуе маральна-этычныя, духоўныя праблемы жыцця сучасніка, побыт вёскі, раскрывае вытокі перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Творы Дударава перакладзены на рускую, славацкую, туркменскую, узбекскую, украінскую, эстонскую, літоўскую, польскую і іншыя мовы.

Узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны” і медалём, уладальнік прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва.

Падчас сёлетняга фестывалю ў Мінскім абласным тэатры пройдзе спектакль “Не пакідай мяне” – драматычная балада па п’есе Аляксея Дударава, якая прысвечана трагічным ваенным падзеям. 

 

Уладзімір Мазго – выдатнік друку Беларусі, лаўрэат прэміі імя Васіля Віткі, прэміі Федэрацыі прафсаюза Беларусі ў галіне літаратуры і мастацтва. У 2008 годзе ўдастоены прэстыжнай літаратурнай прэміі “Залаты Купідон” за кнігу “Цуда-Вуда”. Узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны ў 2014 годзе.

З’яўляецца лаўрэатам рэспубліканскіх тэлевізійных фестываляў эстраднай песні “Залатая ліра” і “Песню бярыце з сабою”. Музычныя кампазіцыі на вершы паэта гучалі на міжнародных фестывалях у Віцебску, Вільні, Беластоку, а таксама на Нацыянальным фестывалі песні і паэзіі ў Маладзечне. Дарэчы, з асобай Уладзіміра Мінавіча звязана гісторыя фестывальнага руху, распачатага ў чэрвені 1993 года. Ён быў удзельнікам самага першага фэсту, дзе гучалі ажно пяць песень аўтара. Варта нагадаць і пра тое, што  Анжаліка Ютт, выканаўшы ў конкурсе маладых выканаўцаў песню на словы У. Мазго “Лістота разлук”, стала ўладальніцай першай прэміі. Андрэй Хлястоў спяваў “Трохвугольнік”, Іна Афанасьева прадстаўляла стаўшую хітом “Варажбу”. Уладзімір Мазго, дарэчы, у свой юбілейны год, і зараз поўны творчага запалу. Ён рады прадставіць маладзечанскаму фестывалю прэм’еру новай песні – “Жаўруковая мова”.

Сустрэча з такімі яркімі асобамі, безумоўна, пакіне такі ж яркі след у гісторыі Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна –2019”.

Вярнуцца да спiса навiн