Заказ
бiлетаў:

  • +375 (176) 55-55-55 — гарадскi
  • +375 (29) 175-27-84 — вэлком
  • +375 (29) 853-27-84 — мтс
kvitki.by

7360

iнфармацыя
i заказ бiлетаў

Навiны

Беларускі шлях. Знайсці сябе


         Спектакль «Беларусь. Дыдактыка» ў пастаноўцы Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі прайшоў на сцэне Мінскага абласнога драматычнага тэатра.
         Я не адношу сябе да зацятых тэатралаў, тым больш да знаўцаў працэсаў, што адбываюцца ў мастацкай прасторы Беларусі. Але пры ўсялякім выпадку стараюся паглядзець пастаноўкі і вядомых тэатральных калектываў, і аматарскіх. Можа быць, падсвядома кіруюся сцвярджэннем, што ў тэатр прыходзіць глядач, а пакідае яго чалавек – настолькі моцным бывае ўплыў сцэнічнага дзейства на асобу.
         1 чэрвеня ў рамках Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі. Рэжысёрам-пастаноўшчыкам выступіў кіраўнік Цэнтра беларускай драматургіі Аляксандр Марчанка.
         Дарэчы, перад пачаткам спектакля ён прэзентаваў прысутным зборнік «Францыск Скарына і сучаснасць». Адметнасць выдання заключаецца ў тым, што ў ім сабраны сем тэматычных тэкстаў беларускіх і нават замежных аўтараў, якія выбраны для далейшага сцэнічнага ўвасаблення. «Беларусь. Дыдактыка» – адзін з іх.
         У пастаноўцы заняты двое акцёраў – народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель і музыкант, выканаўца беларускіх аўтэнтычных песень у новых формах Дзмітрый Лук’янчык. Думаю, невыпадкова. Разам з Таццянай Мархель, якая захоўвае выдатныя ўзоры фальклорных абрадавых песень, вынесеных яшчэ з дзяцінства, яны гэтыя самыя песні дарылі гледачу. Разам з тэкстамі, узятымі ад Якуба Коласа і Элізы Ажэшка, Змітрака Бядулі і Івана Мележа, Янкі Купалы і Віктара Карамазава. Тэкстамі сімвалічнымі, якія раскрываюць сутнасць чалавека ў розных абставінах, яго адносіны да роднай зямлі, прыроды, народа.
        Публіка, што сабралася ў глядзельнай зале МАДТа, успрыняла і прыняла спектакль. Але ж гэта была публіка, якая спасцігала рэчаіснасць не з гаджатаў. Якая памятае матчыны песні – глыбокія па змесце, душэўныя па гучанні. Якая жыла без навушнікаў і цёмных акуляраў…
        Зрэшты, стваральнікі спектакля разлічваюць на моладзь. Як прызнавалася тая ж Таццяна Мархель, «гэта варта паказаць… Каб прыйшла моладзь, паслухала, зразумела, што ёсць у нас наш падмурак, тое, на чым можна стаяць, можна будаваць нешта новае, развіваць і ісці далей. Хочацца, каб яны гэта ведалі, разумелі, бо гэта наш скарб… Тое, што менавіта наша, не сцягнутае з некага, не перапевы чужыя, не перамовы чужыя, не словы чужыя, а менавіта наша, беларускае».
        Па-беларуску – то ціха, то гучна, задуменна і бадзёра, шчымліва і аптымістычна – гучалі ў той вечар у фае тэатра дудкі, жалейкі і акарына Сяргея Ярука. Наш вядомы выканаўца ўмела трапляў у змест перажыванняў, якімі поўніліся душы гледачоў. Тых, для каго дарога да сябе – дарога да Радзімы.

        Па матэрыялах http://mgazeta.by/ru/kultura/item/1346-belaruski-shlyakh-znajstsi-syabe.html

Вярнуцца да спiса навiн