Заказ
бiлетаў:

  • +375 (176) 55-55-55 — гарадскi
  • +375 (29) 175-27-84 — вэлком
  • +375 (29) 853-27-84 — мтс
kvitki.by

7360

iнфармацыя
i заказ бiлетаў

Навiны

Бывай, «Маладзечна-2017»!


         Паэтычныя сустрэчы, канцэрт маладых выканаўцаў, святочны торт у гонар 70-годдзя маэстра Міхаіла Фінберга і легендарная «Паўлінка» ў выкананні трупы Купалаўскага тэатра – толькі асобныя моманты XVII Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2017», які сёлета прысвечаны 135-годдзю з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. 

        Фестываль, які доўжыўся чатыры дні, ператварыў горад у openair-пляцоўку: канцэрты, сустрэчы, выставы на адкрытым паветры… Не было тут кутка, дзе б ні гучалі беларускія песні, мова і слова. І не было раўнадушных.
        – На фестываль прыязджаю сёмы год запар, – дзеліцца ўражаннямі жыхар Гродна Сяргей Хомчык. – Люблю яго за святочны дух, атмасферу беларускасці і цэлае суквецце талентаў – удзельнікаў конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні.
        Гэтаму творчаму спаборніцтву, як і фестывалю, 24 гады. Удзельнічаюць у ім па тры маладыя выканаўцы ад кожнай вобласці і сталіцы. Канкурсантам хочацца не проста прадэманстраваць свой талент, але і перамагчы. Сёлета ўладальніцай Гран-пры конкурсу і прыза імя Уладзіміра Мулявіна стала Вольга Булай, якая прадстаўляла Мінскую вобласць.
        У рамках XVII Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2017» прайшло некалькі дзясяткаў самых розных мерапрыемстваў – творчыя сустрэчы, прэзентацыі кніг, прэм’еры спектакляў. Працавалі паэтычная гасцёўня «Красуй, Беларусь», паэтычная пляцоўка «Чытаем Купалу і Коласа разам», цудоўным падарункам для жыхароў і гасцей горада стаў канцэрт «Масты сяброўства культурных сталіц». Выступленні творчых калектываў Маладзечанскага раёна прэзентавала «Фестывальная талака», работы народных майстроў – «Фестывальная сядзіба».
       – Перамога – нечаканасць і вялікая радасць, паколькі ўсе ўдзельнікі вельмі прафесійныя, – усміхаецца дзяўчына. – Удзячная журы за тое, што заўважылі і адзначылі, а таксама калектыву Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.
       Вольга Булай, якая пакуль вучыцца ў Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў, прызнаецца, што надалей хацела б знайсці свайго кампазітара, з якім магла б супрацоўнічаць і рыхтавацца да ўдзелу ў «Славянскім базары».
       Не выключаю, што трапяць на прэстыжную пляцоўку і лаўрэаты VII адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні «Мала­дзічок-2017», які прайшоў у рамках фестывалю на сцэне канцэртнай залы Палаца культуры. Юныя артысты не проста спявалі. Кожная песня была, нібы маленькае жыццё. Дзеці стараліся раскрыць душу, данесці свае пачуцці да аўдыторыі.
       – Ніколі журы не было так складана працаваць, як сёння, – сказаў кампазітар Алег Елісеенкаў. – Кожная кампазіцыя гучала ідэальна. Юныя выканаўцы спакойныя і ўпэўненыя, што сведчыць пра добрую школу.
І Алеся Віталс са Слуцка, і Давід Дымман з Лепеля, і Мікіта Бялько з Мінска кажуць, што ехалі сюды менавіта за Гран-пры. Тым не менш зусім не засмуціліся, калі журы прысудзіла яго магіляўчанцы Злаце Рыжыкавай. Дзяўчына прызналася, што яны з педагогам доўга выбіралі песню, шмат рэпеціравалі. Пачуўшы пра сваю перамогу, Злата расплакалася і доўга не магла саўладаць з пачуццямі.
      Перапаўнялі яны ў гэтыя дні многіх удзельнікаў фестывалю. Нават народны артыст Беларусі маэстра Міхаіл Фінберг прызнаўся, што перад выхадам на маладзечанскую сцэну хвалюецца. Ён і ўсе артысты, паводле слоў Міхаіла Якаўлевіча, па-асабліваму ставяцца да фестывалю, які з'яўляецца візітоўкай краіны і дзе заўсёды жывы гук.
      Пакарыў слухачоў заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль «Сябры» пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Анатоля Ярмоленкі. Канцэрт карыфеяў айчыннай эстрады стаў дастойным завяршэннем грандыёзнага свята беларускай музыкі і роднага слова. Былі тут песні вядомыя і зусім новыя, «Сябры» спявалі па заяўках слухачоў... А знакамітая «Полька беларуская» і «Я лягу-прылягу» на новы манер гучалі вельмі хітова...

       Апытанка «МП»

       Барыс СВЯТЛОЎ, міністр культуры Беларусі:
       – Праграма фестывалю сёлета вельмі насычаная. Цяжка нават сказаць, што ў ёй важней: шматлікія канцэрты ці конкурс маладых выканаўцаў эстраднай песні, адкрыццё новых талентаў. Зразумела, што не ўсе пачынаючыя артысты стануць вядомымі, але асобных, дзякуючы ў тым ліку і фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітых дзяцей і моладзі, мы правядзём праз усё жыццё.

       Іван ЛІПНІЦКІ, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў:
       – Фестываль у Маладзечне – не проста яскравае свята, не проста мерапрыемства, накіраванае на развіццё нацыянальнай культуры. У яго важная місія – выхаванне людзей на лепшых узорах беларускай літаратуры і мастацтва. Вельмі сімвалічна, што праграма сёлетняга форуму прысвечана класікам беларускай літаратуры Янку Купалу і Якубу Коласу, па наказу якіх мы беражом і шануем вялікую духоўную спадчыну.

       Юліяна ВАЛЫНЕЦ, навучэнка Маладзечанскага музычнага каледжа:

       – За Нацыянальны фестываль песні і паэзіі я старэйшая толькі на адзін год. Таму смела магу казаць, што з гэтым музычным святам расла. Некалі хадзіла сюды разам з мамай, цяпер з сястрой і сябрамі. Наведалі мноства розных канцэртаў, пабывалі ў «Горадзе майстроў», на свяце фарбаў «Холі», паназіралі за маладзечанцамі, якія штурмавалі вяровачную лесвіцу.

        Алена АТРАШКЕВІЧ, кампазітар, мастацкі кіраўнік конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні «Маладзічок»:
        – Бываю на кожным фестывалі ў Маладзечне. Люблю гэтую асаблівую атмасферу, наведваю практычна ўсе фестывальныя мерапрыемствы, сачу за выступленнямі вучняў і ганаруся іх поспехамі.
Асабліва радуюся, што мае падапечныя мелі сёлета магчымасць выступіць на фестывалі. Дзеці ўразілі і здзівілі, і яшчэ раз даказалі, што ў беларускай эстрады вялікі патэнцыял.

        Святлана АГАРВАЛ, спявачка:
        – Падабаецца і фестываль, і на фестывалі! Вось бы крышку яшчэ сонейка, бо вельмі холадна... Але на гэта ўжо быццам і не зважаеш...
Маладзечна вабіць, зачароўвае і натхняе. Абавязкова буду старацца прыязджаць сюды зноў і зноў.

​        Па матэрыялах http://mpravda.by/materialy/item/10426-byvay-maladzechna-2017.html

Вярнуцца да спiса навiн