Заказ
бiлетаў:

  • +375 (176) 55-55-55 — гарадскi
  • +375 (29) 175-27-84 — вэлком
  • +375 (29) 853-27-84 — мтс
kvitki.by

7360

iнфармацыя
i заказ бiлетаў

Навiны

Дарогу маладым!

          Форум, наогул, праходзіў у тры этапы: першы этап (раённы, гарадскі) быў адборачным і праводзіўся аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі той вобласці, якую прадстаўляў удзельнік; другі этап (абласны, Мінскі гарадскі) таксама быў адборачным і праводзіўся галоўнымі ўпраўленнямі ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі вобласці; трэці этап (рэспубліканскі) з’яўляўся заключным і праводзіўся Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі ў час правядзення Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі.

          Хочацца адзначыць, што апошні з’яўляецца самым складаным і адказным, таму што канкурсанты спяваюць у суправаджэнні Заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Фінберга. Справа гэта не простая і патрабуе вялікай увагі і пільнасці з боку выканаўцы.

         Ацэньвалі ўзровень выканальніцкага майстэрства, індывідуальнасць і мастацкі густ канкурсантаў выдаючыя і таленавітыя людзі нашай краіны: Міхаіл Фінберг – старшыня журы, мастацкі кіраўнік Дзяржаўнай установы Заслужаны калектыў “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”; Іна Адамовіч – сакратар журы, галоўны спецыяліст аддзела канцэртна-фестывальных праектаў упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Вікторыя Алешка – артыст-вакаліст (саліст) вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Дзяржаўнай тэатральна-відовішчнай установы “Маладзёжны тэатр эстрады”, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь; Алесь Бадак – паэт, намеснік дырэктара рэдакцыйна-выдавецкай установы Выдавецкі дом “Звязда”, галоўны рэдактар часопіса “Нёман”; Эдуард Зарыцкі – кампазітар, народны артыст Беларусі; Кірыл Казакоў – генеральны прадзюсар Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь; Мар’яна Нікалаева – начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь; Акім Тышко – саліст Заслужаннага калектыву Рэспублікі Беларусь вакальнай групы “Чысты голас”.

          Згодна з Палажэннем аб правядзенні Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі, канкурсанты павінны былі выконваць песні толькі на беларускай мове – гэта адно з галоўных патрабаванняў. Таму, са сцэны Амфітэатра прагучалі творы беларускіх аўтараў і кампазітараў: “Стася” (муз.А.Молчана, сл. Я.Пушчы), “Сонца каласы” (муз. і сл. П.Ялфімава), “Прызнанне” (муз. Ул.Асадчага, сл.Л.Казачонак), “Паўзабыты свет” (муз. А.Атрашкевіч, сл. Н.Танюкевіч), “Па-над белым пухам вішняў” (муз. І.Паліводы, сл.М.Багдановіча), “Белая ластаўка” (муз. Ул.Кандрусевіча, сл. В.Балдыровай), “Жураўлі” (муз. і сл. Ф.Жыляка), “Бяжы” (муз. і сл.А.Шпакоўскай) і інш.

         Нават пахмурае надвор’е не перашкодзіла ўсім прысутным, а тым больш удзельнікам конкурсу, атрымаць асалоду ад выступлення і падарыць незабыўныя хвіліны гучання роднай мовы.

         Імёны лепшых канкурсантаў прагучалі ўвечары на сцэне Амфітэатра на ўручыстым адкрыцці ХVІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2016”.

          III-ю прэмію і званне лаўрэата атрымалі Аляксандр Ласоўскі (Гомельская вобл.), Ксенія Бучылка (Гродзенская вобл.) і Аляксандра Вітушкіна (Віцебская вобл.). Другая прэмія і званне лаўрэата прысвоены Ніне Жукоўскай (г.Мінск) і Марыне Бараноўскай (Віцебская вобл.).

         Першую прэмію і званне лаўрэата атрымаў Аляксандр Саванец. Малады чалавек прадстаўляў Мінскую вобласць. Акрамя гэтага, Аляксандр стаў уладальнікам спецыяльнага прыза імя Уладзіміра Мулявіна – крышталёвай гітары. Сёння, калі галоўным лейтматывам фестывалю стала 75-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Георгіевіча Мулявіна, валодаць гэтым прызам вельмі ганарова і адказна. Дарэчы, Аляксандр у адным з інтэрв’ю адзначыў, што спецыяльны прыз імя Ул.Мулявіна самы каштоўны ў яго жыцці. Уручыла крышталёвую гітару кіраўнік Музея Уладзіміра Мулявіна Белдзяржфілармоніі, ўдава вялікага “Песняра” Святлана Мулявіна-Пенкіна.

Інфармацыйны аддзел Палаца культуры.

Фота Яўгена СТЭЛЬМАХА.

Вярнуцца да спiса навiн