Заказ
бiлетаў:

  • +375 (176) 55-55-55 — гарадскi
  • +375 (29) 175-27-84 — вэлком
  • +375 (29) 853-27-84 — мтс
kvitki.by

7360

iнфармацыя
i заказ бiлетаў

Навiны

Два дні натхнення

             Два дні натхнення

             Пераможца конкурсу і ўладальнік спецыяльнага прыза імя Уладзіміра Мулявіна Аляксандр Саванец

             ХVІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ператварыў Маладзечна ў суцэльную канцэртную пляцоўку, дзе цягам двух чэрвеньскіх дзён гучалі толькі беларускія музыка і словы. І нават нязменны спадарожнік гэтага свята – дождж, які пачаўся раніцай у суботу, не змог сапсаваць настрою ні яго ўдзельнікам, ні гасцям.

             Канцэртная праграма «Песенная спадчына Уладзіміра Мулявіна», выстава твораў выяўленчага мастацтва «Вобразы мілыя роднага краю», паэтычная гасцёўня з удзелам беларускіх паэтаў «Малітва за Беларусь» – далёка не поўны пералік мерапрыемстваў, што прайшлі ў культурнай сталіцы Беларусі падчас фестывалю. Ён традыцыйна пачаўся з рэспубліканскага этапа Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні.

             Мінскую вобласць прадстаўлялі навучэнка Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Юлія Юхневіч, маладзечанка, пастаянная ­ ўдзельніца і пераможца шматлікіх культурна-масавых мерапрыемстваў Дзіяна Бажко, а таксама студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Аляксандр Саванец. Менавіта ён і стаў уладальнікам дыплома лаўрэата І ступені Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, а таксама прыза Уладзіміра Мулявіна.

            Скрыпяць мае лапці...

            Урачыстае адкрыццё XVI Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі адбылося на сцэне Летняга амфітэатра. З прывітальным словам да яго ўдзельнікаў і гасцей звярнуўся міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў. Ён жа зачытаў прывітальны адрас ад Прэзідэнта краіны Аляксандра ­Лукашэнкі.

            Барыс Святлоў зазначыў, што акцэнты сёлетняга фестывалю расстаўлены на трох падзеях – Год культуры ў Беларусі, статус культурнай сталіцы ў Маладзечна і 75-годдзе Уладзіміра Мулявіна.

            – Асабіста я не быў блізка знаёмы з гэтым артыстам, – расказаў міністр падчас інтэрв’ю з журналістамі. – Памятаю, як сустрэў яго першы раз. Я, старшакласнік, гуляў у цэнтры Мінска і ўбачыў «Песняроў». Яны ўжо тады набіралі папулярнасць. Памятаю, што тая сустрэча адбылася каля кінатэатра «Перамога»...

            Разам з тым Барыс Святлоў падкрэсліў, што, на яго думку, на фестывалі ў Маладзечне не хапае беларускай паэзіі. Таму трэба знайсці такія формы, каб цудоўнае беларускае слова – і класікаў, і маладых паэтаў – гучала са сцэны ярчэй.

            А вось беларускай музыкі ды песень на форуме не бракавала. У канцэртнай праграме «Песенная спадчына Уладзіміра Мулявіна», якую падрыхтаваў Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, гучалі «Белая Русь ты мая», «А ў полі вярба», «Ой, ляцелі гусі з броду», «Скрыпяць мае лапці». Песенная спадчына вядомага артыста, прадстаўленая ў новым выкананні, не магла не крануць душу слухача. Як і выстава невядомых фотаздымкаў, а таксама экспанатаў з музея Уладзіміра Мулявіна, якія сёлета ўпершыню дэманстраваліся за межамі сталіцы.

           Невядомыя фотаздымкі Уладзіміра Мулявіна

           У першы дзень Нацыянальнага фестывалю ў Палацы культуры горада Маладзечна адкрылася фотавыстава Юрыя Іванова «Невядомыя фотаздымкі Уладзіміра Мулявіна». Аўтар – адзін з самых блізкіх сяброў артыста. На фота – легендарныя «Песняры», моманты жыцця музыканта і фатографа, якія разам аб’ехалі не адзін дзясятак гарадоў Савецкага Саюза.

          «Валодзя не меў вышэйшай музычнай адукацыі, ніколі не быў членам партыі і нават не стаяў на ўліку ў камсамольскай арганізацыі, – дзялілася падчас мерапрыемства сваімі ўспамінамі ўдава артыста Святлана Мулявіна-Пенкіна. – Але гэта не перашко­дзіла чалавеку, які ў сваім жыцці схіляў галаву толькі ў царкве і на канцэртах перад слухачамі, стварыць свой ансамбль і стаць выканаўцам, якога памятаюць і любяць».

           Залаты дыск «Песняроў», канцэртны касцюм, пашыты ў 1990-я гады спецыяльна для выступленняў, кнігі, кубак, люлька, якую час ад часу курыў стваральнік «Песняроў»... Гэтыя рэчы з фондаў музея Уладзіміра Мулявіна ў Белдзяржфілармоніі ўпершыню выехалі за межы сталіцы, далучыўшыся да фотавыставы. Здавалася, што Мулявін і сапраўды тут, побач з намі, як і яго песні.

          Пацеркі з бурштыну і яблыкі ў шакаладзе

          А ў цэнтры горада і на пешаходнай вуліцы імя Прытыцкага гэтым часам гудзеў кірмаш. Чаго толькі ні прывезлі ў Маладзечна ткачы, ганчары, разьбяры, мастакі. Дзеці з задавальненнем куплялі розныя свісцёлкі, шары, цацкі і прысмакі. Гараджане, госці, удзельнікі фестывалю аддавалі перавагу вырабам з лёну і беларускаму трыкатажу, прыцэньваліся да ручнікоў, шалікаў, пацерак з бурштыну.

         Дыміліся мангалы, стаяў салодкі пах смажанай кукурузы, дзеці ласаваліся яблыкамі і бананамі ў шакаладзе.        

         Фестываль пашырае межы

         Канцэрт з удзелам выканаўцаў Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У. Мулявіна Маладзёжнага тэатра эстрады «Вясёлая сямейка», маладзёжная дыскатэка з удзелам вядомых дыджэяў «Беларускія матывы», «Фестывальная талака», «Фестывальная сядзіба» чакалі шаноўную публіку на другі дзень фестывалю, які ў апошнія гады выйшаў за межы Маладзечна.

         Яшчэ адной сцэнічнай пляцоўкай для заслужанага калектыву «Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі» стаў Чысцінскі сельскі Дом культуры, дзе прайшоў песенны канцэрт «Цудоўныя музычныя фарбы ў родных кутках Бацькаўшчыны».

         Вынікі ХVІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі па традыцыі падвялі ў Летнім амфітэатры Маладзечна. У канцэрце «Беларусь – крыніца натхнення» прынялі ўдзел Іна Афанасьева, Ірына Дарафеева, Вікторыя Алешка, Дзяржаўны ансамбль танца Рэспублікі Беларусь, вакальная група «Чысты голас», іншыя вядомыя выканаўцы.

         Дэбютны, у той час яшчэ рэспубліканскі, фестываль песні і паэзіі стартаваў у 1993 годзе і запомніўся не толькі яркім феерверкам і дажджом з руж і гваздзікоў, што «праліўся» на трыбуны гледачоў. У рамках свята прайшлі два туры конкурсу маладых выканаўцаў нацыянальнай эстраднай песні, дзе пераможцай стала Алена Саўленайце. Ёй і дастаўся галоўны прыз – легкавы аўтамабіль «ВАЗ 2109», а разам з ім «Залатая галінка папараці». На форуме было акрэдытавана каля 100 работнікаў тэлебачання, звыш 40 журналістаў радыё, газет і часопісаў. Вяліся прамыя рэпартажы ў краіны СНД і нават на два ўзбярэжжы ЗША.

        У 2001 годзе дзякуючы падтрымцы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі фестываль атрымаў статус нацыянальнага і агульнадзяржаўнага культурнага свята. У тым жа годзе ў яго з’явіўся свой юбілейны каляндар, звязаны з імёнамі кампазітараў, паэтаў, выканаўцаў. Першы вялікі фестывальны канцэрт быў пазначаны радком з верша беларускага паэта Уладзіміра Дубоўкі «О, Беларусь, мая шыпшына», пралогам наступнага сталі словы з верша Уладзіміра Жылкі «Беларусь, на цябе я малюся!». Тады ўпершыню ў фестывалі прынялі ўдзел госці з Расіі.

Па матэрыялах http://mpravda.by/pervaya-polosa/1307-dva-dni-natkhnennya.html

Вярнуцца да спiса навiн