Заказ
бiлетаў:

  • +375 (176) 55-55-55 — гарадскi
  • +375 (29) 175-27-84 — вэлком
  • +375 (29) 853-27-84 — мтс
kvitki.by

7360

iнфармацыя
i заказ бiлетаў

Навiны

Фестываль чакае сваіх прыхільнікаў!

          Фестывальныя мерапрыемствы пачнуцца з ІІ тура рэспубліканскага этапу Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, які пройдзе ў канцэртнай зале Палаца культуры. Пачынаючым артыстам, якія прадставяць усе вобласці краіны і горад Мінск, неабходна выканаць музычныя кампазіцыі пад фанаграмы “мінус адзін”. IIIтур конкурсу пройдзе ў суправаджэнні Заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”. Галоўны дырыжор – народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесар Міхаіл Фінберг. Галоўная інтрыга конкурсу і імя ўладальніка прыза імя Ул.Мулявіна вырашыцца падчас урачыстага адкрыцця XVI Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2016”.

          Адной з галоўных фестывальных падзей стане выстава “Я заўсёды з вамі…Мулявін”, прысвечаная да 75-годдзя з дня нараджэння народнага артыста СССР Уладзіміра Мулявіна. У фае Палаца культуры будуць прадстаўлены дакументы і асабістыя рэчы песняра з фондаў Нацыянальнага музея імя Ул.Г.Мулявіна. Таксама будзе прадстаўлена фотавыстава “Невядомыя фатаграфіі Уладзіміра Мулявіна” лаўрэата прэмій World Press Photo, Саюза журналістаў Беларусі, “Золотая Литера” Юрыя Іванова. Усе жадаючыя змогуць пазнаёміцца з такім Мулявіным, якім яго бачылі толькі самыя блізкія людзі: вясёлым, усміхаючымся, з пачуццём гумару, і самае галоўнае – чалавекам, які так любіў жыццё.

          Другі дзень фестывалю распачне сваю праграму ў Маладзечанскай дзіцячай школе мастацтваў. У канцэртнай зале пройдзе канцэрт акадэмічнай музыкі “Бліскучыя меласферы беларускіх майстроў”. Выступяць творчыя калектывы Заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”.

          У Мінскім абласным краязнаўчым музеі на выставе “Вобразы мілыя роднага краю” наведвальнікі змогуць убачыць творы выяўленчага мастацтва Беларусі (з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея). Пейзажы, нацюрморты, партрэты знакамітых мастакоў Беларусі дапамогуць прасачыць за гісторыяй беларускага жывапісу другой паловы XX– пач.XXIстст.

          Паэтычная гасцёўня “Малітва за Беларусь” пройдзе ў малой зале Палаца культуры. Удзел прымуць вядомыя беларускія паэты, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, кампазітары і выканаўцы. Сярод іх Навум Гальпяровіч, Таццяна Сівец, Уладзімір Мазго, Алег Сямёнаў, Алеся Сівохіна, Віктар Шніп і іншыя. Таксама плануецца выстава-прэзентацыя новых кніг беларускіх аўтараў, літаратурна-музычная кампазіцыя ў выкананні ўзорнага тэатра-студыі “ТэсТ” ДУА “Гімназія №10 г.Маладзечна”.

         “Цудоўныя музычныя фарбы ў родных кутках бацькаўшчыны”. Пад гэтай назвай у Чысцінскім сельскім Доме культуры пройдзе канцэрт песні ў выкананні Заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”. Галоўны дырыжор – Міхаіл Фінберг.

         На сцэнічную пляцоўку Амфітэатра выйдуць самыя маленькія ўдзельнікі музычнага форуму – выхаванцы Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя Ул.Мулявіна ДТВУ “Маладзёжны тэатр эстрады” са сваёй новай праграмай “Вясёлая сямейка”. Юныя зоркі беларускай эстрады парадуюць гледачоў шчырасцю, дзіцячай адкрытасцю і вакальным майстэрствам.

         Насычаная фестывальная праграма прапануе аматарам сцэнічнага мастацтва наведаць спектакль “Пясняр”, які адбудзецца ў Палацы культуры г.Маладзечна 11 чэрвеня. Пастаноўку па п’есе драматурга Васіля Дранько-Майсюка прадставіць Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М.Горкага. Рэжысёр – заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Валянціна Еранькова.

        Спектакль, які пройдзе ў рамках ХVI Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2016”, прысвечаны заснавальніку і нязменнаму кіраўніку ансамбля “Песняры” Уладзіміру Мулявіну. Гэта размова пра складаны лёс Паэта, Песняра, які стаў сапраўды нацыянальным гонарам Беларусі.

         У спектаклі прагучаць песні ансамбля “Песняры”. Дзеля гэтага былі выбраны артысты з самых спяваючых труп сярод драматычных тэатраў Беларусі. Ролю “Пясняра” выканае артыст тэатра і кіно Сяргей Жбанкоў. Убачаць гледачы і заслужаных артыстаў Рэспублікі Беларусь Сяргея Чэкерэса, Ганну Маланкіну, Андрэя Душачкіна, а таксама Аляксандра Ждановіча, Сяргея Юрэвіча, Андрэя Захарэвіча,  Івана Стральцова, Вераніку Пляшкевіч, Уладзіміра Глотава і многіх іншых.

        А прыхільнікі сучаснай музыкі змогуць наведаць маладзёжную пляцоўка “Арт- старт”, якая будзе працаваць на Цэнтральнай плошчы. Для жыхароў і гасцей выступяць сучасныя моладзевыя гурты і выканаўцы розных накірункаў: рэп, рок, бітбокс і інш.

        Увечары другога фестывальнага дня дыскатэчная зала Палаца культуры запрашае маладое пакаленне на дыскатэку “Беларускія матывы” з удзелам вядомых дзі-джэяў Беларусі. Падымаць настрой моладзі будуць лідэр групы “Марцін-S”, музыкант з неверагоднай энергетыкай – дзі-джэй МАРЦІН і яркая, таленавітая дзяўчына з прафесійнымі навыкамі работы дзі-джэя – DJUSTA.

        Урачыстае закрыццё музычнага форуму па традыцыі адбудзецца ў Амфітэатры. У канцэртнай праграме сучаснай беларускай песні “Беларусь – крыніца натхнення” ўдзел прымуць лепшыя выканаўцы беларускай эстрады. Гледачоў парадуюць заслужаныя артысткі Рэспублікі Беларусь Іна Афанасьева, Ірына Дарафеева, Вікторыя Алешка, Дзяржаўны ансамбль танца Рэспублікі Беларусь, Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь вакальная група “Чысты голас”, фальклорны гурт “Палац”, Вольга Вронская і іншыя.

        На працягу двух фестывальных дзён на Цэнтральнай плошчы будуць працаваць канцэрная пляцоўка “Фестывальная талака”, экспазіцыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Фестывальная сядзіба”, а ў гарадскім парку – “Мастацкі пленэр” і гульнёва-забаўляльная пляцоўка для дзяцей “Свет дзяцінства”.

Вярнуцца да спiса навiн