Заказ
бiлетаў:

  • +375 (176) 55-55-55 — гарадскi
  • +375 (29) 175-27-84 — вэлком
  • +375 (29) 853-27-84 — мтс
kvitki.by

7360

iнфармацыя
i заказ бiлетаў

Навiны

Фестываль сямейнай творчасці прайшоў у Маладзечне

26 калектываў з 14 раёнаў Мінскай вобласці прынялі ўдзел у VІІ абласным фестывалі сямейнай творчасці «У добрым родзе ўсё ў згодзе», што адбыўся ў Маладзечне. Сярод іх — як маладыя сем’і, так і цэлыя творчыя дынастыі, якім было што паказаць і аб чым расказаць.

Сямейны калектыў роду Лямбовічаў «Крона» прыехаў на свята з мястэчка Ракаў. Унікальны ансамбль выпеставала неабыякавая да спадчыны свайго краю жыхарка Валожыншчыны Лізавета Пятроўская, разам з якой спяваюць сёстры Ядвіга, Хрысціна, а таксама дзеці і нават унукі.

Цяга да творчасці перадаецца гэтым людзям з пакалення ў пакаленне. Прадзед Лізаветы — Клімент Лямбовіч — стварыў у свой час гліняны арган. Гармонікі і арганы, на якіх іграў на вяселлях, рабіў яе дзед Міхась, самы меньшы сын якога Эдзік стварыў квартэт баяністаў, выкладаў у кансерваторыі і нават вучыў народнага артыста Беларусі Міхася Казінца.

Акрамя таго, практычна ўся іх радня здольна да вязання, вышыўкі, ткацтва, малявання. Удзельнікі «Кроны» самі ткуць паясы, шыюць адметныя строі: стрыманыя, і ў той жа час такiя прыгожыя, што не адвесці вачэй.

– Калектыў здаўна займаецца рознымі відамі мастацтва, — расказвае Лізавета Пятроўская. — І практычна ўсе яны ўласцівыя нашаму раёну. Жанчыны ўмеюць плесці карункі, мужчыны займаюцца кавальствам. Але больш за ўсё мы ганарымся сваімі паясамі, што маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

«Жыццё як творчасць, творчасць як жыццё» — пад такім дэвізам жыве і працуе Народны сямейны ансамбль «Жывіца» — брэнд Пухавіцкага раёна. У рэпертуары калетыву — абрады, танцы, аўтэнтычныя беларускія, рускія, украінскія, цыганскія і іспанскія песні. З імі не раз выступалі ў Мінску, Нясвіжы, Чэрвені, Таліне, Санкт-Пецярбурзе, Маскве. Цёпла прымала іх і маладзечанская публіка.

— Што ні кажы, а няма лепшага інструмента, чым цымбалы ды гармонік, — дзеліцца ўражаннямі ад канцэрта госця горада Ларыса Станкевіч, — шкада толькі, што людзі слухаюць выступленні седзячы. Устаць бы з гэтых лавак, ды патанчыць разам з удзельнікамі, якія падарылі столькі цудоўных канцэртных нумароў, а разам з імі і зарад бадзёрасці, пачуццё гонару за краіну і людзей.

На фестываль сямейнай творчасці жыхар Стаўбцоўскага раёна Сяргей Беленькі прыехаў разам з жонкай Марынай і цесцем Васілём Міхайлавічам, продкі якога больш за чатыры стагоддзі займаюцца лозапляценнем. Каля работ, створаных рукамі майстроў, стаялі натоўпы. А яны не шкадавалі часу на майстар-класы і размовы.

Не пакінулі нікога абыякавымі бісерныя дрэвы, драўляныя лялькі, саламяныя капялюшыкі, прыгожыя пано, вазы, збаночкі, што прывезлі ўдзельнікі свята на выставу. Кожную работу, кожнае канцэртнае выступленне журы заўважыла і адзначыла. Бо выбраць сярод такой колькасці таленавітых сем’яў адну лепшую — немагчыма!

Па матэрыялах www.mlyn.by

Вярнуцца да спiса навiн