Заказ
бiлетаў:

  • +375 (176) 55-55-55 — гарадскi
  • +375 (29) 175-27-84 — вэлком
  • +375 (29) 853-27-84 — мтс
kvitki.by

7360

iнфармацыя
i заказ бiлетаў

Навiны

ФЕСТЫВАЛЬНЫ АРХІЎ: Кацярына Худзінец: “Талент, працавітасць і вера ў свае сілы – складальнікі сапраўднага поспеху”

         

У 2011 годзе гала-канцэрт падчас цырымоніі адкрыцця XI Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі распачаўся песняй у яе выкананні. У нас у гасцях – пераможца Республіканскага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні 2011 года Кацярына Худзінец.

         Зараз Кацярына – студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, спасцігае сакрэты спецыяльнасці “Эстрадны вакал”. Не забывае наша субяседніца і пра Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў, які скончыла акурат перад паездкай у фестывальны Маладзечна. Менавіта педагогі гэтай установы сталі ініцыятарамі ўдзелу сваёй таленавітай вучаніцы ў прэстыжным творчым конкурсе.

-Кацярына, калі вярнуцца ў 2011 год, мабыць, штосьці хацелася змяніць? Напрыклад, выбраць для ўдзелу не конкурс у Маладзечне, а які-небудзь іншы?

-Ведаеце, нічога б не мянала, абсалютна. Тым больш, што год таму я і ўявіць сабе не магла тых перспектыў, якія адкрываюцца перада мною зараз! Наконт выбару конкурсу: я вельмі рэдка прымала ўдзел у падобных мерапрыемствах, таму пра іншы і гаворкі не было. Прызнацца, для мяне гэта была няпростая справа – конкурс такога ўзроўню. Яму папярэднічаў алгарытм сур’ёзнай падрыхтоўкі, карпатлівых рэпетыцый.

-Момант уручэння дыплома пераможцы на сцэне Амфітэатра ў мінулым годзе: больш радасці і шчасця ці, усё ж такі, хвалявання?

-Гэты момант дасканала цяжка ўспомніць – усё стала нейкім адзіным святам. Аднак было яшчэ і пачуццё адказнасці, нават большай, чым падчас самога конкурсу: адкрыццё Амфітэатра, адкрыццё фестывалю – амаль гістарычны момант, у якім прымала удзел я…

Родныя, сябры, мой педагог Вольга Уладзіміраўна Макушынская былі вельмі радыя, але ніколькі не здзіўленыя – гэта быў вынік паслядоўных рэпетыцый.

-Падзяліцеся “вопытам”: як адчуваеш сябе на сцэне, калі за спінай – Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі?

-Знаходзіцца на адной сцэне з аркестрам – задавальненне для любога артыста. Тым больш працаваць пад кіраўніцтвам легенды – Міхаіла Фінберга!

З некаторымі музыкантамі-аркестрантамі я была ўжо знаёмая, з некаторымі нават даводзілася выступаць разам – маральнай падтрымкай у Маладзечне абдзеленай не была! Да таго ж усе – ад арганізатараў да ўдзельнікаў – ставіліся адзін да аднаго найлепшым чынам. Было прыемна.

-Ці падтрымліваеце зараз адносіны з канкурсантамі? Магчыма, даводзілася звяртацца за парадай да Міхаіла Якаўлевіча?

-Так, з некаторымі ўдзельнікамі мы нават вучымся ў адной групе, у прыватнасці з Яўгенам Долічам (у 2011-м годзе Я.Доліч заняў ІІІ месца на Рэспубліканскім конкурсе маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні – аўт.).

Працягваю і сумесную работу з аркестрам. У Маладзечне, дарэчы, быў далёка не першы выхад на сцэну ў такім суправаджэнні – шмат год працую з аркестрам “SimphonicDriveOrchestra” пад кіраўніцтвам Аляксандра Ліпніцкага. Самыя моцныя і яркія эмоцыі адчуваю менавіта там, аднак, шчыра кажучы, для мяне кожнае выступленне – падзея.

-Зараз вам даводзіцца выступаць значна часцей, чым, напрыклад, падчас вучобы ў каледжы. Магчыма, з’явіўся які-небудзь рытуал перад выхадам на сцэну ці задумваліся над сцэнічным псеўданімам?

-Рытуалу асаблівага няма, талісману – тым больш. Адзіная ўмова перад выхадам на сцэну – выпіць шклянку вады, а таксама адпаведная ўнутраная настройка, сканцэнтраванасць. Лепш, калі ў гэты момант нікога побач няма, ніхто не трывожыць, не адцягвае ўвагу.

Да псеўданімаў адносіны прынцыпіяльна скептычныя: аднойчы, “для прыгажосці”, выйшла на сцэну пад іншым прозвішчам… Мякка кажучы, засталіся не вельмі прыемныя пачуцці. Зараз я вельмі шаную сваё прозвішча і мяняць яго не планую.

-Аб чым Кацярына Худзінец марыць у прафесійным плане?

-Шмат аб чым, але найперш – пра далейшае развіццё джазавай школы ў нашай краіне.

-Што б вы пажадалі пачынаючым арыстам, якія прымаюць удзел у конкурсе сёлета?

-У першую чаргу жадаю ўдзельнікам конкурсу заставацца добразычлівымі адзін да аднаго – гэта тое, у чым, на мой погляд, мае патрэбу кожны чалавек у любой сітуацыі, асабліва ў такі адказны момант. Ну і, безумоўна, верыць у свае сілы – гэта адзін са складальнікаў поспеху, разам з талентам і працавітасцю!

 

Газета Палаца культуры г.Маладзечна “Авацыя” №2 (65) за 8 чэрвеня 2012 года.

Фота Я.Стэльмаха.

 

Вярнуцца да спiса навiн