Заказ
бiлетаў:

  • +375 (176) 55-55-55 — гарадскi
  • +375 (29) 175-27-84 — вэлком
  • +375 (29) 853-27-84 — мтс
kvitki.by

7360

iнфармацыя
i заказ бiлетаў

Навiны

ФЕСТЫВАЛЬНЫ АРХІЎ: “Маладзечна – 2011”: у новым фармаце на новай пляцоўцы

Праграма XI Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2011” была вельмі насычаная і, без сумненняў, зацікавіла нават самага спакушанага гледача. Асаблівасць фестывальнай праграмы, а таксама рэспубліканскага конкурсу маладых выканаўцаў – прысвячэнне да 70-годдзя з дня нараджэння народнага артыста СССР і Беларусі Уладзіміра Мулявіна.

У рамках Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі традыцыйна праводзіцца конкурс маладых выканаўцаў. Гэты год не стаў выключэннем. У ім прынялі ўдзел па тры канкурсанты ад кожнай вобласці і горада Мінска. У І туры ўдзельнікам было прапанавана выканаць песню пад фанаграму “ – 1”. Другую ж конкурсную кампазіцыю – у суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам маэстра Міхаіла Фімберга.

Па выніках двух тураў журы вырашыла размеркаваць прызавыя месцы конкурсу наступным чынам: дыпломамі ІІІ ступені ўзнагароджаны Яўген Доліч (Мінская вобласць), Радміла Сямёнава (Мінск), Андрэй Коласаў (Гомельская воблась). На прыступку вышэй падняліся Дар’я Кудрыцкая (Гродзенская вобласць) і маладзечанец Дзяніс Пацэвіч. Дыплом лаурэата І ступені атрымала прадстаўніца Мінскай вобласці Кацярына Худзінец.

Прыхільнікаў тэатральнага мастацтва арганізатары фестывалю запрасілі наведаць Мінскі абласны драматычны тэатр, у якім паказвалі спектакль па п’есе А.Дударава “Вечар”. Для дзяцей і падлектаў у Палацы культуры прайшоў канцэрт “Пад небам сонца і дзяцінства” з удзелам дзіцячых творчых калектываў і салістаў Міншчыны. Філіял дзяржаўнага літаратурнага музея Я.Купалы ў Вязынцы і Філіял літаратурнага музея М. Багдановіча “Фальварак Ракуцёўшчына” запрасілі прыхільнікаў творчасці беларускіх паэтаў і пісьменнікаў на паэтычныя чытанні. Музычнае падвор’е Маладзечанскага музычнага вучылішча імя М.К. Агінскага чакала гасцей на творчым марафоне “Музыка роднай мовы” з удзелам бардаў, членаў клуба кампазітараў і паэтаў “Жывіца” і інш. 

Гала-канцэртам “Лепшыя песні ХХ стагоддзя. У. Мулявін” адбылося ўрачыстае адкрыццё ХІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2011”, якое прайшло на сцэне новага Амфітэатра.

На той жа сцэнеадбыўся першы рок-канцэрт – “Маладзечна. РОК”, удзел у якім прынялі рок-выканаўцы і беларускія рок-гурты: ZM99, квартэт барабаншчыкаў Drum Exstasy, Стары Ольса, праект “У нескладовае”, J:Морс.

 Заключны дзень ХІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі пачаўся ў Палацы культуры канцэртам “Чатыры нацыянальныя постаці Беларусі”. У праграму ўвайшлі творы кампазітараў, якія ў мінулым стагоддзі плённа працавалі на Беларусі, аднак у наш час некаторыя з іх твораў незаслужана забытыя. Гаворка ішла пра Пятра Падкавырава, Аляксея Туранкова, Рыгора Пукста і Дзмітрыя Лукаса. Вяла канцэрт доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вольга Дадзіёмава.

Рамансы, мініяцюры, урыўкі з опер і іншыя творы выконвалі музычныя калектывы, якія добра вядомыя па ўсёй краіне. Гэта камерныя калектывы Нацыянальнага акадэмічнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь (ансамблі кларнетыстаў, трубачоў, флейтыстаў, вакальны ансамбль) і сімфанічны аркестр Маладзечанскага музычнага вучылішча імя М.К. Агінскага.

Як адзначыла Вольга Дадзіёмава, агульная рыса ў творчасці згаданых кампазітараў – замілаванне беларускай зямлёй, нацыянальным фальклорам і душой нашых людзей. І гэта пры тым, што П. Падкавыраў, А.Туранкоў і Дз. Лукас нарадзіліся па-за межамі Беларусі.

Падчас канцэртнай праграмы слухачы змаглі пазнаёміцца толькі з невялікім пластом музычнай спадчыны кампазітараў. Аднак, мяркуючы па апладысментах, нават тыя нешматлікія творы, якія гучалі ў Палацы культуры, здолелі зацікавіць і ўразіць публіку.

Акрамя таго, у рамках фестывальнай праграмы ў малой зале Палаца культуры прайшоў круглы стол па тэме “Беларуская песня: сучасны фармат”. У абмеркаванні актуальных пытанняў прынялі ўдзел беларускія кампазітары, паэты-песеннікі, эстрадныя выканаўцы, праграмныя дырэктары  FM-радыёстанцый, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі.

Увечары на сцэне Летняга амфітэатра адбылося закрыццё ХІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі. На гала-канцэрце “Я песняй услаўляю Беларусь” прысутныя ўбачылі лепшых прафесійных выканаўцаў і творчых калектываў Беларусі.

Аднак на гэтым музычнае свята ў нашым горадзе не закончылася! У 23 гадзіны ў Палацы культуры пачаўся Начны джазавы канцэрц.У яго праграме былі прадстаўленыя лепшыя джазавыя кампазіцыі легендарнага біг-бэнда, якім кіруе народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесар Міхаіл Фінберг.

 

 

Па матэрыялах сайта http://mdk.by/

Фота з архіва Палаца культуры

Вярнуцца да спiса навiн