Заказ
бiлетаў:

  • +375 (176) 55-55-55 — гарадскi
  • +375 (29) 175-27-84 — вэлком
  • +375 (29) 853-27-84 — мтс
kvitki.by

7360

iнфармацыя
i заказ бiлетаў

Навiны

ФЕСТЫВАЛЬНЫ АРХІЎ: “Маладзечна-93”: кветкавы дождж і першыя крокі да новай традыцыі

...Актыўна і мэтанакіравана вялася работа па падрыхтоўцы да І Рэспубліканскага фестывалю беларускай песні і паэзіі, які ўпершыню праходзіў у Маладзечне ў 1993 годзе. Менавіта гэты фестываль і стаў стартавай пляцоўкай на шляху новай добрай традыцыі.

         Вядома, што і кіраўніцтва горада, ды, бадай, і самі жыхары вельмі хваляваліся, бо раней мерапрыемстваў такога маштабу ў нас не было. Але трэба сказаць, што гэтыя хваляванні былі дарэмнымі: усё выглядала шыкоўна з першай да апошняй хвіліны свята. Асноўнае дзейства разгарнулася на гарадскім стадыёне.

Маладзечанцы падарылі сабе і свету сапраўдны фэст, менавіта агульнанароднае музычнае свята. І  не толькі музычнае. Усе фестывальныя дні на пляцоўках кіпела і пералівалася творчасць. Маладзечанцы і госці горада ў поўнай меры атрымалі  “і хлеб, і відовішча”. Прафесійныя мастакі, народныя ўмельцы, юныя майстры разгарнулі на асфальце сапраўдны вернісаж работ. А на імправізаванай сцэне ля магазіна “Юбілейны” выконвалі то захапляючыя народныя танцы і песні, то задуменныя балады. І людзі дзякавалі артыстам гучнымі апладысментамі. Тут жа можна было паспрабаваць усяго,  што душа жадала. Але трэба адзначыць, што музычным стрыжнем фестывалю, яго душой быў  Заслужаны калектыў “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, які суправаджаў усе выступленні артыстаў.

Маладзечна паказвалі па тэлебачанні, пра фэст пісалі рэспубліканскія газеты і часопісы. У горад прыехалі шмат знакамітых  людзей, зорак расійскай эстрады. У нас у гасцях былі Марына Хлебнікава, Марына Цхай, Фёдар Брадаржынскі. Нашу краіну з гонарам прадстаўлялі Віктар Вуячыч, Вадзім Касенка, Аляксандр Саладуха, Ліка Ялінская, Іна Афанасьева, ансамбль “Сябры”, ВІА “Верасы”... Былі і тыя маладыя выканаўцы, каму пашчасціла заявіць пра сябе на ўсю Беларусь – Іна Галімава, Алена Дзіва, Аксана Пятрова, Андрэй Дэбыш, Анжаліка Ют, Марыя Зіміна і інш.

Фестывальныя дні запомніліся маладзечанцам не толькі яркім феерверкам і  дажджом з руж і гваздзікоў, які праліўся на трыбуны, поўныя гледачоў. Падчас свята прайшлі два туры конкурсу маладых выканаўцаў нацыянальнай эстраднай песні, дзе вызначыліся і пераможцы. Галоўны прыз – ВАЗ 2109 разам з пераходным прызам “Залатая галінка папараці” атрымала Алена Сауленайтэ. Акрамя таго, былі канцэрты песні народаў рэспублікі, рок-гуртоў, сучаснай беларускай песні, “Джаз апоўначы”. Прайшлі сустрэчы беларускіх паэтаў і пісьменнікаў з маладзечанцамі і гасцямі горада.

На І Рэспубліканскім фестывалі беларускай песні і паэзіі адзін з паэтаў сказаў: “Я шчыра веру, што сёння мы прысутнічаем на свяце будучай вялікай славы Маладзечна...”.

 

Па матэрыялах газеты “Авацыя” ДУ “Палац культуры г.Маладзечна”

Фота з архіва Палаца культуры

Вярнуцца да спiса навiн