Заказ
бiлетаў:

  • +375 (176) 55-55-55 — гарадскi
  • +375 (29) 175-27-84 — вэлком
  • +375 (29) 853-27-84 — мтс
kvitki.by

7360

iнфармацыя
i заказ бiлетаў

Навiны

"Маладзечна-2017": разлік на моладзь


         2 — 3 чэрвеня адбыўся ХVII Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2017”.
         У цэнтры ўвагі, як заўжды, апынуўся Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр, які правёў чатыры фестывальныя канцэрты, уключаючы фінальны тур конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні. А кіраўнік калектыву — народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл Фінберг — узначаліў таксама журы спаборніцтва. Гран-пры і прыз імя Уладзіміра Мулявіна атрымала выхаванка Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Вольга Булай.
        Гэта не першае Гран-пры ў яе жыцці: некалькі месяцаў таму Вольга Булай стала пераможцай ХV Рэспубліканскага конкурсу маладых эстрадных выканаўцаў “Белазаўскі акорд” у Жодзіне, дзе таксама спявала з аркестрам, толькі іншым — Прэзідэнцкім на чале з Віктарам Бабарыкіным (відэазапісы ўсіх выступленняў выкладзены на афіцыйным сайце “… Акорда”). На тым жа конкурсе другую прэмію, акурат як і сёлета ў Маладзечне, атрымаў яшчэ адзін колішні выхаванец таго ж каледжа Аляксей Грыневіч. Але, заўважу, цяпер ён выступаў з іншай праграмай, што сведчыць пра імкненне спевака ўдасканальвацца.
       Цудоўна, што фестываль у Маладзечне працягвае надзвычай перспектыўны творчы тандэм з адкрытым конкурсам юных выканаўцаў “Маладзічок”, які таксама праходзіць у гэтым горадзе. Даўно заўважана: нашы дзеці часам могуць даць фору “дарослым” канкурсантам.
       У яшчэ адзін “неафіцыйны” конкурс ці, па меншай меры, парад творчай моладзі вылілася ўрачыстае закрыццё фестывалю, прысвечанае 45-годдзю ансамбля “Сябры” на чале з народным артыстам Беларусі Анатолем Ярмоленкам. Кіраўнік калектыву зрабіў вельмі ўдалы менеджменцкі ход, запрасіўшы на свой юбілей не толькі зорнага Руслана Аляхно, але і, галоўнае, выхаванцаў Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, дзе вучыцца і Анатоль Ярмоленка-малодшы. Выступленні “пачаткоўцаў” сталіся сапраўдным феерверкам маладых талентаў і нябачнай працы выкладчыкаў, асабліва цыклавой камісіі мастацтва эстрады (спевы) на чале з кампазітарам, уладальніцай медаля Францыска Скарыны Аленай Атрашкевіч. Яна, дарэчы, магла б удастоіцца тытулу самага запатрабаванага на гэтым фестывалі аўтара: новыя песні, годныя конкурсных выступленняў вышэйшага рангу, з’яўляюцца ў яе адна за адной. І Нацыянальная музычная прэмія “Ліра”, атрыманая ў лютым, толькі канстатацыя яе насамрэч куды большых заслуг.
      Але ж вернемся да конкурсу “Маладзечна-2017” і назавем астатніх лаўрэатаў. Першую прэмію атрымала Ганна Трубяцкая з Магілёўшчыны, трэцюю падзялілі яшчэ адзін прадстаўнік гэтага рэгіёна Аляксандр Малашэнка і Мілана Урбановіч з Гомельшчыны.
      — Я не ўпершыню ўдзельнічаў у працы журы гэтага конкурсу, — распавёў заслужаны артыст Беларусі Уладзімір Ткачэнка ў адказ на нашу просьбу выказаць свае ўражанні. — Калісьці сачыў за ім пастаянна, пачынаючы з самых першых фестываляў у Маладзечне. Потым быў перыяд, калі я крыху адышоў ад яго, і, збіраючыся на цяперашні, быў настроены, што нічога не змянілася. А між тым, змянілася вельмі многа! Песенных хітоў, можа, і не дадалося, а выканаўцы былі на добрым узроўні. Тыя, хто штогод глядзіць гэты конкурс, можа, і не адчуваюць асаблівую розніцу з ранейшымі спаборніцтвамі, а мне яна адразу стала відавочнай. У тыя ж 1990-я лідара можна было вызначыць адразу, а цяпер — літаральна ўсе вартыя ўзнагарод. Іншая справа, што ў некаторых былі няўдала абраныя песні. Але слабых выканаўцаў не было, выпадковых — тым больш. Таму асабіста мне было цяжка зрабіць выбар. Ды што там казаць: нам, седзячы ў амфітэатры, цяжка было слухаць пры такім халодным, ветраным надвор’і. А канкурсанты, як і мае быць, выходзілі ў сцэнічных строях, дзяўчаты — скрозь з аголенымі плячыма, а то і спінай. І што цікава! Нягледзячы на такія складаныя абставіны, у амфітэатры на адкрытым паветры амаль усе спявалі лепш, чым некалькімі гадзінамі раней у цёплай, камфортнай зале Палаца культуры. А ўсё таму, што там выходзілі пад фанаграму-мінусоўку, а тут — з жывым аркестрам. І гэта пры тым, што ў многіх не было раней такога вопыту! Міхаіл Якаўлевіч, вядома, збіраў іх напярэдадні на рэпетыцыі. (Больш падрабязна пра гэта гл. у “К” № 20.) Але я там не прысутнічаў, упершыню ўсіх пачуў ужо ў гатовым выглядзе непасрэдна на конкурсным выступленні. Таму, мабыць, і звярнуў увагу, што з аркестрам, за рэдкім выключэннем, спявалі лепш. Тлумачэнне тут вельмі простае. Фанаграма, нават самая лепшая, не дае такога ўзаемадзеяння, адчування партнёрства. Больш за тое, яна сама дыктуе ўмовы: навязвае рытм, вымушае саліста ісці за сабой, не даючы яму магчымасці хаця б крыху адхіліцца ад заведзенага тэмпу. Калі ж саліст спявае з аркестрам, дык можа сам весці інструментальнае суправаджэнне за сабой. А гэта ўжо зусім іншы ўзровень — самастойнасці, адказнасці, мастацкасці.
      Вельмі падрабязны аналітычны “разбор палётаў” пачулі мы ад яшчэ аднаго члена журы, кампазітара Алега Елісеенкава, звярнуўшыся да яго з той жа просьбай — падзяліцца ўражаннямі:
      — Апошнім часам вельмі часта працую ў журы розных конкурсаў маладых выканаўцаў, што праходзяць у розных рэгіёнах Беларусі. І заўважаю, што многія спевакі пераязджаюць з аднаго спаборніцтва на другое. А вось у Маладзечне былі і такія, якіх я ўпершыню для сябе адкрыў. У прыватнасці, ніколі раней не чуў Вольгу Булай, якая стала ўладальніцай Гран-пры.
      Агульнае ўражанне ад конкурсу вельмі добрае, заўважны агульны рух наперад, і гэта не можа не радаваць. Але звярну ўвагу і на некаторыя дэталі, якія патрабуюць далейшай працы. У першую чаргу, гэта песенны рэпертуар. Відавочна наступная тэндэнцыя: як толькі хтосьці ўдала праспяваў якую-небудзь песню, усе адразу “кідаюцца” на яе — і пачынаецца тыражаванне копій. Але вядома, што кожная наступная копія атрымліваецца больш бляклай за арыгінал, у ёй менш яркасці фарбаў. Сёння такога капіравання недастаткова: гэта пройдзены этап развіцця эстрады нашай краіны. І калі на конкурсе я бачу, што нейкая песня і знойдзены калісьці цікавы варыянт яе выканання проста капіруюцца, гэта адразу зніжае ўражанне і, вядома, адбіваецца на колькасці атрыманых выканаўцам балаў.

      Насамрэч, на такіх спаборніцтвах ацэньваецца не толькі ўласна спявак, але і ўсе тыя, хто стаіць за ягонаю спінаю: кіраўнік, выкладчык, прадзюсар. І падрыхтоўка выканаўцы заключаецца не толькі ў тым, каб навучыць яго спяваць і рухацца па сцэне, паўтараючы за кімсьці. Галоўнае — адкрыць індывідуальнасць, прывіць мастацкі густ, заахвоціць да творчых пошукаў. Любы творца заўсёды здолее ўнесці сваё — гэта і трэба падтрымліваць, да гэтага імкнуцца. Бо свежая песня і яе ўласнае, адметнае прачытанне і ёсць залог поспеху.
      Упэўнены, што паўтару думкі іншых, хто назіраў за абодвума выступленнямі канкурсантаў — у зале Палаца культуры і ў амфітэатры, але не магу не адзначыць, што з аркестрам усе спявалі на парадак вышэй, нягледзячы на неспрыяльнае надвор’е. І гэта яшчэ адзін доказ таго, што конкурс рухаецца па правільным шляху, падтрымліваючы тыя традыцыі, што былі закладзеныя ў час яго з’яўлення ў 1993-м. Цудоўныя аранжыроўкі, зробленыя Уладзімірам Ткачэнкам, аказаліся здольнымі аздобіць часам не самыя лепшыя песенныя ўзоры, абраныя канкурсантамі, і давялі канчатковы вынік да прафесійнага ўзроўню.
      Асобна падзякую тэлебачанню, якое вяло трансляцыі не толькі канцэртаў адкрыцця і закрыцця фестывалю, але і фінальнага конкурснага выступлення ў амфітэатры. Атрымаўся, па сутнасці, дадатковы фестывальны канцэрт, у якім не было знакамітых імёнаў, але была магчымасць іх адкрыць. Была інтрыга, спалучаная, да ўсяго, з відовішчам.
      Адзначу і вельмі карэктную працу журы, сябры якога прадстаўлялі розныя сферы культуры. Мне як кампазітару заўсёды хочацца, зразумела, каб на такіх спаборніцтвах у складзе “судзейскай калегіі” было як мага больш музыкантаў, і ў Маладзечна я, прызнацца, ехаў з некаторай асцярогай. Але хваляваўся дарма: увесь склад журы працаваў вельмі беражліва ў дачыненні да канкурсантаў. Тон задаваў старшыня — Міхаіл Фінберг. Ён як ніхто іншы ведаў кожнага ўдзельніка, бо сустракаўся з імі на рэпетыцыях і мог ацаніць не толькі вынік, але і тое, як яны да яго ішлі, як адгукаліся на прапановы, заўвагі, які ў кожнага патэнцыял... Але ён не “націскаў” сваімі меркаваннямі, не выпінаў іх недахопы, а заклікаў ацэньваць тое, як яны выглядалі сёння і зараз — у канкрэтны момант цяперашняга конкурснага выступлення.
     І конкурс, і ўвесь фестываль цалкам прадэманстравалі вельмі высокую ступень арганізацыі. За гады існавання гэтага свята склалася выдатная каманда Палаца культуры на чале з яго дырэктарам Святланай Сарока — гэта, па сутнасці, прадзюсарскі калектыў вышэйшага міжнароднага ўзроўню. Добрая падрыхтоўка і зладжаная праца ўсіх падраздзяленняў дазвалялі канкурсантам не адцягваць увагу ні на што, акрамя ўласна творчасці, цалкам засяродзіцца на сваіх выступленнях. Гук, святло, разнастайныя адміністрацыйныя ды побытавыя пытанні вырашаліся настолькі незаўважна — быццам “самі па сабе”. А гэта і ёсць лепшы паказчык!
     Увогуле, Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне мае сваю ні з чым не параўнальную атмасферу, асаблівую аўру дабрыні. І робіць усё магчымае, каб таленты роднай зямлі мелі вартыя іх паказ і прызнанне.
     Замест Р.S. Праз год, між іншым, фестывалю і конкурсу споўніцца чвэрць стагоддзя. Арганізатары, няма сумневу, пачалі рыхтавацца да юбілею ўжо сёння. А спевакі?..

     Па матэрыялах http://www.kimpress.by/index.phtml?page=2&id=14252

Вярнуцца да спiса навiн