Заказ
бiлетаў:

  • +375 (176) 55-55-55 — гарадскi
  • +375 (29) 175-27-84 — вэлком
  • +375 (29) 853-27-84 — мтс
kvitki.by

7360

iнфармацыя
i заказ бiлетаў

Навiны

“Маладзечна” запальвае зоркі!

У чатырнаццаты раз наш горад сустракае Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2014”. І, менавіта пасля нашага фэсту, а дакладней кажучы, пасля Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, што адбываецца ў рамках музычнага форуму, на небасхіле беларускай эстрады запальваюцца маладыя і таленавітыя зоркі.

Дваццаць адзін канкурсант 13 чэрвеня падорыць сваё выступленне жыхарам і гасцям фестывальнага краю – Маладзечаншчыне. Кожную вобласць, а таксама горад Мінск будуць прадстаўляць па тры канкурсанты, якія выканаюць дзве песні: адну пад фанаграму “-1”, а другую – у суправаджэнні Заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Рэспублікі Беларусь” пад кіраўніцтвам прафесара Міхаіла Фінберга.

Давайце пазнаёмімся з пачынаючымі артыстамі!

БРЭСЦКАЯ ВОБЛАСЦЬ

Юлія Максімук вучыцца на чацвёртым курсе Брэсцкага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Р. Шырмы па класе “Эстрадныя спевы”. Дзяўчына займаецца ў творчых судыях Войскага сельскага Дома культуры Камянецкага раёна.

На конкурсе ў Маладзечне Юлія Максімук выканае дзве песні “Пульс маіх хвілін” і “Ты спытай у неба”.

Арцём Саладуха – выпускнік СШ №1 г. Драгічына. Сёння ён вядучы саліст Драгічынскага гарадскога Дома культуры.

На Нацыянальным конкурсе маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні Арцём Саладуха выканае 2 песні на беларускай мове: “Гучыць напеў” і “Ой, княжна”.

Наталля Чарнякова. Родам з расійскага горада Талнахэ Краснаярскага краю. У 15 гадоў пераехала ў Рэспубліку Беларусь у горад Брэст. У 2007 годзе яна прадстаўляла Брэсцкую вобласць на Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

У Маладзечне Наталля Чарнякова будзе спяваць “Васільковае неба” і “Затрымай мяне”.

ГРОДЗЕНСКАЯ ВОБЛАСЦЬ

Андрэй Грыгор’еў – студэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы. Вучыцца на факультэце мастацтваў і дызайна. На Нацыянальным конкурсе маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні Андрэй Грыгор’еў выканае кампазіцыю “Ты мне вясною прыснілася”, а таксама “Шчабятуня-ластаўка”.

 

Ксенія Малочка сёлета скончыла ДУА “Гімазія №1 г.Бярозаўка”. З 2011 года займаецца ва Узорнай эстраднай студыі “ART-VOICE” Бярозаўскага гарадскога Дома культуры. Дарэчы, яна фіналістка тэлепраекта “Поющие города” тэлеканала “СТБ”.

Да Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні дзяўчына падрыхтавала дзве камапазіцыі: “Лянок-ляночак” і “Вяртанне”.

Артур Якушаў студэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы па спецыяльнасці “Народная творчасць”. З 2007 года па 2010 год хлопец узначальваў народны ансамбль песні “Славяне” Бялыніцкага раённага цэнтра культуры Магілёўскай вобласці.

Трэба адзначыць, што Артур Якушаў – настойлівы малады чалавек. Так, свае сілы ў вакальным майстэрстве на Нацыянальным конкурсе маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні хлопец ужо спрабаваў у 2011 годзе. Сёлета малады артыст таксама прыме ўдзел у “музычным спраборніцтве” і выканае песні “Зачараваная” і “Сустрэча-развітанне”.

ГОМЕЛЬСКАЯ ВОБЛАСЦЬ

Марыя Пузанова вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарта на факультэце “Эканомікі”. На працягу пяці гадоў Марыя асвойвае вакальнае майстэрства ў прадзюсерскім цэнтры “ARTbiz” ДУ “Гомельская абласная філармонія”.

Для конкурснай праграмы ў Маладзечне дзяўчына выбрала беларускую народную песню “Хлопец пашаньку пахае” і музычную кампазіцыю “Балада”.

Віталь Сычоў – выпускнік Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў эстраднага аддзялення па класу вакала, саліст прадзюсерскага цэнтра “ARTbiz”. Пачынаючы спявак – дыпламант Нацыянальнага адборачнага туру міжнароднага конкурсу маладых выканаўцаў папулярнай музыкі “Новая волна – 2007” у Юрмале, пераможца Міжнароднага конкурсу “Катюша” ў рамках Фестывалю “Славянскае адзінства – 2013” і інш.

Падчас Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні Віталь Сычоў будзе выконваць творы “Птушкі” і “Чуеш мяне”.

Яўгеніі Таўкачовай 22 гады. Яна вучыца ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны на факультэце “Сусветная эканоміка”. Чатыры гады займаецца ў прадзюсерскім цэнтры “ARTbiz”. Акрамя заняткаў па вакалу, дзяўчына спрабуе свае сілы ў напісанні новых песен.

У Маладзечне ў выкананні пачынаючай спявачкі прагучаць кампазіцыі беларускіх аўтараў “Родны беражок” і “Да цябе”.

МАГІЛЁЎСКАЯ ВОБЛАСЦЬ

Лідзіі Заблоцкай 16 год. Яна вучаніца ДУА “Магілёўская гарадская гімназія №1”. Спевамі займаецца з чатырох гадоў.

На конкурсе ў Маладзечне ў выкананні Лідзіі Заблоцкай гледачы змогуць пачуць песні “Чатыры сыны” і “Стася”.

Аліна Капытова – студэнтка Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова. Спяваць пачала з 2007 года. Яна паспявае сумяшчаць вучобу і творчасць: акрамя заняткаў вакалам, іграе ў музычных тэатрах.

У выкананні Аліны Капытовай маладзечанцы і госці горада пачуюць дзве кампазіцыі – беларускую народную песню “Рэчанька” і “Вея”.

Яўгеніі Салаўёвай 19 гадоў.Дзяўчына вучыцца ў Магілёўскім дзяржаўным музычным каледжы імя М. Рымскага-Корсакава.

Трэба адзначыць той факт, што Яўгенія Салаўёва ў Маладзечна на творчы фэст прыязжае не ўпершыню. У мінулым годзе дзяўчына прымала ўдзел у V Адкрытым конкурсе юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок – 2013”, а сёлета на Нацыянальным конкурсе маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні выканае “Родны беражок” і “Стася”.

ВІЦЕБСКАЯ ВОБЛАСЦЬ

Кіра Валынка нарадзілася ў Наваполацку. Любоў да музыкі ёй з дзяцінства прывівалі бацькі, і ўжо ў пяцігадовым узросце дзяўчынка ўпершыню выступіла на сцэне. Скончыўшы Наваполацкае музычнае вучылішча па класе “Народны хор”, паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў.

Свае сілы будзе спрабаваць на Нацыянальным конкурсе маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, на якім выканае “Гора не бяда” і “Іванда Мар’я”.

Яна Павініч асвойвае спецыяльнасць “Народная творчасць” ў Віцебскім дзяржаўным каледжы культуры і мастацтваў. Выступае як сольна, так і ў складзе вакальнай групы “Fusion”, з якой увайшла ў фінал першага тэлепраекта “Поющие города” тэлеканала “СТБ”.

У Маладзечна Яна Павініч прыедзе з творамі “Ой, вясна” і “Спытай у неба”.

Максім Пісарэнка – будучы педагог. Хлопец вучыцца ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. Машэрава на педагагічным факультэце. На конкурсе ў Маладзечне пачынаючы артыст выканае дзве песні – “Зачараваная” і “Адзінота”.

МІНСКАЯ ВОБЛАСЦЬ

Наталля Ламака ўдзельніца ўзорнай эстраднай студыі “Жывы гук” Палаца культуры горада Маладзечна. Вучыцца на аддзяленні “Харавое дырыжыраванне” Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. Агінскага.

Падчас Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні маладая артыстка падорыць слухачам дзве кампазіцыі – “Творыць Бах” і “Мы не вернемся”.

Артур Міхайлаў нарадзіўся і вырас у Маладзечне. У мінулым годзе скончыў Інстытут сучасных ведаў імя А. Шырокага. Атрымаў спецыяльнасць “Артыст эстрады. Выкладчык вакалу”. Зараз працуе ў маладзёжным тэатры эстрады г. Мінска, з’яўляецца салістам цыганскага шоу “Алюр”.

Дарэчы, сцэнічны псеўданім Артура Міхайлава – Май Домскіх. На конкурсе ў родным горадзе спявак выканае 2 песні: адна беларускага аўтара – “Я магу купіць каханне”, а другая народная – “Вуціца”.

Аліна Молаш родам з Брэстчыны. З 2006 году ўрокі вакалу атрымоўвала ў Нацыянальным Цэнтры музычных мастацтваў імя У. Мулявіна пад кіраўніцтвам С. Стацэнка.

Сёння Аліна – навучэнка Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Вучыцца на аддзяленні “Мастацтва” па курсу “Мастацтва эстрады. Спевы”. На музычным форуме ў Маладзечне ў яе выкананні мы пачуем кампазіцыі “Кропелька на далоні” і “Адлятала птушка”.

МІНСК

Таццяна Уколава нарадзілася ў Мінску. Скончыла сярэднюю школу з музычна-харавым ухілам. Адразу пасля заканчэння вучобы прыйшла ў творчы калектыў і па сённяшні дзень з’яўляецца салісткай Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь хору “Крынічка”.

А зараз будзе выступаць на Нацыянальным конкурсе маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, дзе выканае музычныя творы “Ластаўка” і “Міленькі”.

Мікіта Фаміных родам з Баранавічаў. Займаўся ў эстраднай вакальнай студыі Палаца дзіцячай творчасці.. У 2007 годзе стаў студэнтам акадэміі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. У мінулым годзе Мікіта паступіў у магістратуру гэтай установы па спецыяльнасці “Музычнае мастацтва”.

Дарэчы, летась Мікіта фаміных выпусціў сольны альбом “Ночное зеркало”.

На конкурсе ў Маладзечне Мікіта Фаміных выканае песні “Каханне – неба глыбіня” і “Ружа белая”.

Кацярына Шумская больш дванаццаці гадоў з’яўляецца салісткай Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь тэатра эстраднай песні “Хвілінка” Палаца культуры Мінскага аўтазавода. Вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.

Кацярына – фіналістка адборачнага туру ХХІІІ Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск – 2014”. А на конкурс у Маладзечна дзяўчына прыедзе, каб здзівіць публіку музычнымі творамі “Плалі гусанькі” і “Вецер абдымі”.

Вярнуцца да спiса навiн