Заказ
бiлетаў:

  • +375 (176) 55-55-55 — гарадскi
  • +375 (29) 175-27-84 — вэлком
  • +375 (29) 853-27-84 — мтс
kvitki.by

7360

iнфармацыя
i заказ бiлетаў

Навiны

Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні

          Гэты конкурс праводзіцца ў мэтах падтрымкі маладых таленавітых выканаўцаў, павышэння ўзроўню іх выканальніцкага майстэрства і сцэнічнай культуры, а таксама падтрымкі лепшых традыцый беларускага эстраднага песеннага мастацтва. Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні стварае неабходныя ўмовы, каб выявіць маладых спевакоў  для ўдзелу ў прэстыжных міжнародных фестывалях і конкурсах.

         Згодна палажэння, конкурс праводзіцца ў тры этапы: першы (раённы, гарадскі) і другі (абласны, Мінскі гарадскі) з’яўляюцца адборачнымі і праводзяцца аддзеламі і галоўнымі ўпраўленнямі ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, а трэці (рэспубліканскі) з’яўляецца заключным і праводзіцца Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі падчас Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі. Да ўдзелу ў трэцім этапе конкурсу ад кожнай вобласці і горада Мінска накіроўваюцца па тры маладыя выканаўцы ва ўзросце ад 16 да 31 года, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

         Менавіта пасля гэтага вакальнага спаборніцтва небасхіл беларускай эстрады загараецца новымі зоркамі. Прапануем вам, паважаныя чытачы, бліжэй пазнаёміцца з пачынаючымі артыстамі.

         Брэсцкая вобласць

         Ірына Замулка – студэнтка 5 курса гістарычнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна. Спяваць пачала ў 13 гадоў. Сёння яна займаецца ў эстраднай студыі “Ступені” студэнцкага клуба ўніверсітэта. Ірына – лаўрэат I ступені міжнароднага конкурсу “Моладзь за саюзную дзяржаву”, фіналістка абласнога этапу конкурсу “Новыя імёны Беларусі – 2016”.

         Лічыць, што музыка здольна крануць самыя патаемныя куткі душы і натхніць чалавека на вялікія справы. Яе дэвіз па жыцці: “Дарогу асіліць ідучы!”, а конкурс – гэта новая дарога, прайсці якую вялікі гонар.

         Аксана Вайцешык з’яўляецца салісткай Мірскага Дома культуры Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Больш за 10 год займалася ў Заслужаным аматарскім калектыве Рэспублікі Беларусь тэатры эстрады “Капелька”. Сёлета заканчвае Баранавіцкі дзяржаўны музычны каледж.

         Аксана – лаўрэат многіх міжнародных конкурсаў, фэстаў і творчых праектаў. З’яўляецца стыпендыятам Спецыяльнага Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

         Творчае крэда: “Няма нічога немагчымага, проста павер у сябе!”.

         Марына Барушка нарадзілася 26 мая 1990 года ў Пінску. З дзяцінства ёй падабалася музыка і ўжо тады яна вырашыла звязаць сваё жыццё з гэтым цудоўным мастацтвам. Займалася самастойна, гледзячы на эстрадных спявачак з тэлеэкрана. У 2006 годзе разам з бацькамі пераехала ў г.Кобрын, дзе з захапленнем займалася ў эстраднай студыі “Бліскавічкі” Цэнтра дзіцячай творчасці пад кіраўніцтвам Л.А.Ерамеевай.

         Скончыла завочнае аддзяленне Беларускага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Музычнае мастацтва і сацыяльная педагогіка”. 3 2014 года з’яўляецца канцэртмайстрам ДУА “Кобрынскі раённы цэнтр дзіцячай творчасці”.

         Пры выбары рэпертуару аддае перавагу джазавым, блюзавым творам.

          Віцебская вобласць

          Ілля Цярэнцьеў нарадзіўся 21 жніўня 1989 года ў г.п. Расоны. З дзяцінства захапляўся музыкай і спевамі, скончыў музычную школу па класу цымбал. Падчас вучобы ў ВДПЛ №1 імя М.Ф.Шмырова ў Віцебску займаўся ў самадзейным вакальна-харэаграфічным калектыве “Ростань”. Прымаў удзел у шматлікіх канцэртах і мерапрыемствах Віцебшчыны.

          Сёння ён паспяхова супрацоўнічае са студыяй эстрадных спеваў “Экшн” Бабініцкага дома культуры Віцебскага раёна. У рэпертуары маладога артыста песні замежных і беларускіх аўтараў.

          Дарэчы, два гады таму Ілля прадстаўляў Віцебскі раён на Абласным адборачным туры Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні.

          Аляксандра Вітушкіна нарадзілася ў Віцебску 6 сакавіка 1998 года. Сваю вакальную дзейнасць пачала з 6 гадоў у гімназіі №3 А.С. Пушкіна. Займалася ў акадэмічным хоры пад кіраўніцтвам Л.І.Бандарэнка, спявала ў вакальным гурце “Мара”, клубе “Юнацтва”.

           Скончыла музычную школу №4 па класу фартэпіяна, самастойна навучылася іграць на гітары. З’яўляецца пераможцам шматлікіх конкурсаў самага рознага ўзроўню.

          Марына Бараноўская нарадзілася ў 1989 годзе. У 2011 годзе скончыла УА “Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава”. Працуе педагогам-арганізатарам ДУДА “Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Першамайскага раёна г. Віцебска”.

          За сваю шматгадовую сцэнічную дзейнасць Марына прымала ўдзел у разнастайных мерапрыемствах і канцэртных праграмах горада і вобласці, з’яўлялася прызёрам шматлікіх конкурсаў.

          Гомельская вобласць

          Марта Гавароўская нарадзілася 21 сакавіка 1991 года.  Жыве ў Гомелі, з 2012 года працуе настаўнікам вакальна-харавых дысцыплін у дзіцячай школе мастацтваў № 4. Разам са сваімі вучнямі актыўна прымае ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах школы, г.п. Касцюкоўка і горада.

          У 2015 годзе арганізавала ў школе вакальны калектыў настаўнікаў “Таямніца”, які паспяхова выступае на канцэртных пляцоўках горада.

          Марта вядзе актыўную сацыяльную дзейнасць. З’яўляецца валанцёрам у Гомельскім грамадстве абароны жывёл “Дабрыня” і валанцёрам Гомельскай групы дапамогі дзецям з абмежаванымі магчымасцямі і асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця “Чыстыя Сэрцы”.

          Аляксандр Ласоўскі вучыцца ва УА “Светлагорскі дзяржаўны прафесійны ліцэй хімікаў”. На занятках ён старанны і патрабавальны, уседлівы і ўважлівы. Выразна ставіць перад сабой мэты, граматна робіць высновы. Таварыскі, умее прыцягнуць да сябе ўвагу. Займаецца хлопец у моладзева-эстраднай студыі ліцэя “Струны душы”.

         Пастаянны ўдзельнік культурна-масавых мерапрыемстваў установы, горада і раёна. У яго скарбонцы перамог мноства сертыфікатаў удзельніка конкурсаў рознага узроўню, грамат і дыпломаў I-III ступеняў.

          Аляксандр выконвае песні на рускай, беларускай і англійскай мовах, але творы, прысвечаныя любаму краю – Беларусі – з’яўляюцца неад’емнай часткай усяго рэпертуару, назапашанага за гады плённай творчай працы.

          Рубіна Язэпчук нарадзілася 9 ліпеня 1994 года. З маленства займалася вакалам. Вучылася ў ГДКМ на факультэце “Эстрадны вакал”. З 2014 года працуе салісткай эстрадна-сімфанічнага аркестра ДУ “Гомельская абласная філармонія”.

          У 2009 годзе дзяўчына стала стыпендыятам Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Рубіна пастаянны ўдзельнік і пераможца шматлікіх рэгіянальных, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў.

          Мара дзяцінства – спець з Заслужаным калектывам “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестрам Беларусі” пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга.

          Гродзенская вобласць

          Ігар Дударчык – малады, таленавіты выканаўца, які валодае выдатнымі вакальнымі дадзенымі. Хлопец заўсёды знаходзіцца ў творчым пошуку, прад’яўляе да сябе высокія патрабаванні. Ігар пастаянна працуе над стварэннем сцэнічнага вобразу, яго цэласцю і дынамічнасцю.

          Малады спявак мае рознапланавы рэпертуар. Карыстаецца аўтарытэтам сярод творчых працаўнікоў горада і раёна, а таксама каханнем гледачоў.

          Ігар пастаянны ўдзельнік шматлікіх канцэртных праграм, раённых і гарадскіх мерапрыемстваў.

          Ксенія Бучылка з 14 гадоў займалася ў прадзюсерскім цэнтры Гродзенскай абласной філармоніі, а з 2013 года працуе салісткай гэтай установы.

          Ксенія – удзельніца этна-праекта “Кола” і джазавых праграм біг-бэнда Гродзенскай абласной філармоніі.

          Анастасія Ляскоўская нарадзілася 10 мая 1996 года ў Лідзе. Скончыла музычную школу №1 па класу вакал. З’яўляецца навучэнкай УА “Лідскі дзяржаўны музычны каледж” па спецыяльнасці “Харавое дырыжыраванне (народны хор)”. Займаецца ў эстраднай студыі “Акцэнт” лідскага Палаца культуры.

          Анастасія – актыўная ўдзельніца абласных і раённых мерапрыемстваў. Прымала ўдзел у грамадска-культурных акцыях, дабрачынных канцэртах, у тым ліку сумесна з праектамі БРСМ.

          Неаднаразова была пераможцам многіх міжнародных, рэспубліканскіх і абласных конкурсаў і фэстаў.

          Магілёўская вобласць

          Дар’я Алыпава нарадзілася ў 1999 годзе ў Бабруйску. Сёлета яна выпускніца Бабруйскай школы № 27.

          З 2009 года з’яўляецца салісткай Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь эстраднай студыі “Росы” ДУА “Цэнтр дадатковага навучання дзяцей і моладзі “Росквіт” г.Бабруйска”. У студыі займаецца вакальным і акцёрскім майстэрствам, харэаграфіяй. Старанна працуе над тэхнікай выканання твораў, выканальніцкім майстэрствам. Яе рэпертуар на палову складаюць песні патрыятычнай тэматыкі, а таксама лірычныя творы, эстрадныя папулярныя песні.

          У якасці салісткі Дар’я Алыпава прымае ўдзел у гарадскіх і абласных канцэртных мерапрыемствах, а таксама ў міжнародных фестывалях дзіцячай творчасці.

          Елісавета Ілларыонава нарадзілася 9 кастрычніка 1996 года ў Бабруйску. Першыя крокі па сцэне зрабіла ў 6 гадоў у вакальнай студыі “Клас” пры Доме мастацкай творчасці Бабруйска, а з 12 гадоў займалася ў вакальнай студыі “Імпульс” пры Доме дзіцячай творчасці. Сёння яна навучэнка Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў.

          Елісавета добра іграе на гітары, піша песні, запісвае іх у студыі і выконвае на сцэне. Праяўляе павышаную цікавасць да навукі, асабліва да спецыяльных дысцыплін, мае нядрэнныя вакальныя дадзеныя, развіты гарманічны слых.

          Дзяўчына прымае актыўны ўдзел у гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах. Знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку.

          Аляксандр Малашэнка нарадзіўся 11 студзеня 1998 года ў Оршы. З чатырох гадоў займаўся спевамі ў вакальнай студыі “Рафлезія” пры Гарадскім цэнтры культуры.

          У 2013 годзе паступіў у Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў. Сёння ён з’яўляецца навучэнцам трэцяга курса па спецыяльнасці “Мастацтва эстрады (спевы)”.

          Аляксандр прымае актыўны ўдзел у гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах, у прафарыентацыйных канцэртах, музычных гасцёўнях і справаздачных канцэртах каледжа.

          Мінская вобласць

          Юлія Юхневіч займаецца вакалам з чатырох год. З самага маленства марыла звязаць сваё жыццё з музыкай і сцэнай. Першыя выступленні былі прысвечаныя бацькам і роднаму гораду Смаргонь.

          У 2013 годзе паступіла ў Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў на спецыяльнасць “Мастацтва эстрады”.

          Юлія – пастаянная ўдзельніца і неаднаразовая фіналістка розных тэлепраектаў, конкурсаў і фестываляў.

          Аляксандр Саванец, 1991 года нараджэння, у 2012 г. скончыў Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў па спецыяльнасці “Мастацтва эстрады” (спевы). У тым жа годзе паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў.

          З’яўляецца салістам мюзікла “Дуброўскі”, лаўрэатам Рэспубліканскага конкурсу “Маладыя таленты Беларусі”, пераможцам конкурсу “Белазаўскі акорд – 2015”.

          Дзіяна Бажко нарадзілася ў Маладзечне. Вучыцца ў гімназіі-каледжы мастацтваў г. Маладзечна ў класе з музычна-харавым ухілам. З 2004 года з’яўляецца ўдзельніцай ўзорнай эстраднай студыі “Жывы гук” Палаца культуры.

          Пачынаючая спявачка пастаянная ўдзельніца і пераможца шматлікіх культурна-масавых мерапрыемстваў, рэспубліканскіх, абласных, рэгіянальных конкурсаў эстрадных выканаўцаў.

          Мінск

          Ніна Жукоўская нарадзілася 29 лютага 1992 года ў Барысаве. Скончыла харавое аддзяленне Барысаўскай музычнай школы, фартэпіяннае аддзяленне Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага. У 2011г. стала студэнткай Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка (факультэт эстэтычнай адукацыі).

          З 2014 года працуе канцэртмайстрам кафедры мастацкай творчасці і прадзюсарства Інстытута сучасных ведаў імя А.М.Шырокага ў класе прафесара, народнага артыста Беларусі Мікалая Скорыкава.

          Ніна Жукоўская валодае дзіўным прыгожым сапрана поўнага дыяпазону, мяккага бархатнага тэмбру.

          Вольга Калеснікава – салістка заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь узорнапаказальнага аркестра МУС. Скончыла БДУКіМ (музычны факультэт), а зараз вучыцца на тэатральным факультэце Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

           У 2014 годзе маладая спявачка заявіла пра сябе як пра самастойную творчую адзінку – аўтар-выканаўца ўласных песен. У 2015 годзе ў Тэатры эстрады адбыўся канцэрт-спектакль Вольгі Калеснікавай   “Сольны канцэрт № 1”.

           Дзяўчына з’яўляецца пастаянным удзельнікам конкурсаў і фестываляў рознага ўзроўню, а таксама канцэртаў Рэспубліканскага дабрачыннага форуму “Усе фарбы жыцця для цябе” ў падтрымку хворых дзяцей і падлеткаў.

           Вікторыя Кравец нарадзілася 9 мая 1995 года ў Магілёве. Скончыла Магілёўскую дзяржаўную гімназію-каледж мастацтваў. Спявала ў заслужаным аматарскім калектыве Рэспублікі Беларусь тэатры-студыі “Вясёлка”. Сёння яна студэнтка кафедры мастацтва эстрады Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

          Вікторыя штогод прымае ўдзел у канцэртах кафедры, універсітэта, з’яўляецца ўдзельніцай урадавых канцэртаў, а таксама розных мерапрыемстваў гарадскога, рэспубліканскага і міжнароднага значэнняў.

Вярнуцца да спiса навiн