Заказ
бiлетаў:

  • +375 (176) 55-55-55 — гарадскi
  • +375 (29) 175-27-84 — вэлком
  • +375 (29) 853-27-84 — мтс
kvitki.by

7360

iнфармацыя
i заказ бiлетаў

Навiны

Спартыўны калейдаскоп

        Пад такой назвай у парку Перамогі праходзілі святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя здароваму ладу жыцця.
        Прыняць удзел у спаборніцтвах мог кожны. Прычым незалежна ад узросту. А тыя, хто не зусім быў упэўнены ў сваіх сілах, з цікавасцю назіралі за ходам падзей або ўдзельнічалі ў майстар-класах, якія праводзілі для іх спартсмены і трэнеры. Медыкі ахвотна давалі кансультацыі па здаровым ладзе жыцця, вымяралі артэрыяльны ціск.
        Пачатак гэтым падзеям быў пакладзены на гарадскім стадыёне для пляжных відаў спорту. Нягледзячы на ранішнюю прахалоду, трыбуны былі запоўнены. Прычым абсалютную большасць прысутных складалі школьнікі.
        Гэта і зразумела — на пясчаным корце праходзіла спартландыя. У гарачым паядынку сышліся прадстаўнікі некалькіх школ горада, і пахварэць за сваіх сяброў, аднакласнікаў, падтрымаць іх маральна — справа гонару.
Адначасова на старт 10-кіламетровай дыстанцыі выйшлі лёгкаатлеты. Зразумела, найбольшую актыўнасць у гэтым відзе праявілі ўдзельнікі клуба аматараў бегу «Рэгіён». Яны і захапілі лідарства з першых метраў.
        Некаторыя з іх вярнулі-ся напярэдадні з іншых спаборніцтваў, але, як адзначыў перад стартам кіраўнік клуба Аляксандр Кавалёў, адпачываць спартсменам некалі. Напера-дзе іх чакаюць іншыя старты, і гэты прабег будзе выдатнай падрыхтоўкай.
        Тым часам пачаліся адборачныя спаборніцтвы на трэніровачных пясчаных кортах па пляжным валейболе. Жадаючых паспрабаваць свае сілы ў гэтым відзе было шмат як сярод мужчын, так і сярод прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва. Дарэчы, матчы з удзелам жаночых дуэтаў праходзілі найбольш эмацыянальна і таму прыцягнулі значную колькасць балельшчыкаў. Бліжэй да абеду сталі вядомыя чатыры каманды, якія змагаліся ў фінальнай частцы спаборніцтваў за прызавыя месцы.
        На гарадошнай пляцоўцы гаспадарылі дзеці. Ім так спадабалася выбіваць гарадкі, што трэнер СДЮШАР прафсаюзаў Аляксандр Кулак задумаўся аб тым, каб абсталяваць пляцоўку ў парку і вяртаць гэты від спорту з забыцця.
        — Гарадкі вельмі папулярныя ў Расійскай Федэрацыі, іншых краінах блізкага і далёкага замежжа, у тым ліку ў Германіі, — гаворыць трэнер. — Там праводзяцца турніры, нават тэлеперадачы прысвячаюць гарадошнаму спорту. У Маладзечне абсталяваны выдатны стадыён. Запрашаю ўсіх жадаючых да нас. Будзем разам актыўна прапагандаваць від спорту, які ў недалёкім мінулым быў вельмі папулярны ў нашай краіне.
        Спартыўнае свята працягваў канцэрт з удзелам студэнтак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яны парадавалі маладзечанцаў прыгожай і відовішчнай праграмай, насычанай акрабатычнымі элементамі. Майстар-класы па боксе, фехтаванні, тайландскім боксе прадэманстравалі выхаванцы дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ горада. Недалёка ад сцэны самыя дужыя спаборнічалі ў арм-рэслінгу. Працавала пляцоўка «Спорт-экстрым». І дзеці, і дарослыя на свяце мелі выдатную магчымасць, як кажуць, не толькі паказаць сябе, але і падтрымаць іншых. Што тычыцца вынікаў — перамаглі дружба і выдатны настрой.

        Па матэрыялах http://mgazeta.by/ru/zdorove-i-sport/item/1345-sparty-ny-kalejdaskop.html

Вярнуцца да спiса навiн