Заказ
бiлетаў:

  • +375 (176) 55-55-55 — гарадскi
  • +375 (29) 175-27-84 — вэлком
  • +375 (29) 853-27-84 — мтс
kvitki.by

7360

iнфармацыя
i заказ бiлетаў

Навiны

Таісія Ленкевіч: “Музей я заўсёды параўноўваю з айсбергам”

           - Некалькі тыдняў засталося да ХVІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2016”. У рамках фестывалю ў Вашым музеі пройдзе выстава твораў выяўленчага мастацтва Беларусі “Вобразы мілыя роднага краю” з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея. Раней у вас былі сумесныя праекты? Калі так, то якія?

          - Сумесныя праекты былі. Напрыклад, музейныя прадметы з фондаў нашага музея экспанаваліся ў Нацыянальным мастацкім музеі на выстаўцы “Дзесяць стагоддзяў культуры Беларусі” ў 2014 годзе (скроневае колца дрыгавічоў, XII-XIII стст., і кунтушовы двухбаковы пояс Слуцкай мануфактуры, 1760(1762-1776 гг.). У нашым жа музеі экспанаты з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея, менавіта, творы выяўленчага мастацтва, будуць экспанавацца ўпершыню на выстаўцы “Вобразы мілыя роднага краю”.

          - Раскажыце, калі ласка, хто галоўны ініцыятар правядзення выставы?

          - Галоўны ініцыятар правядзення выставы – наш музей. Але мы хочам выказаць вялікую ўдзячнасць генеральнаму дырэктару ўстановы “Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь” Уладзіміру Іванавічу Пракапцову за тое, што ён адразу падтрымаў нашу прапанову аб правядзенні такой выставы. А таксама супрацоўнікам мастацкага музея, якія вельмі адказна аднесліся да гэтага выставачнага праекта.

          - На якую аўдыторыю разлічана выстава?

          - Экспазіцыя выставы разлічана на розную аўдыторыю. Я думаю, яна будзе цікава, ў першую чаргу, для прыхільнікаў жывапісу, а такіх у нашым горадзе шмат, для дарослых і навучэнцаў школ, гімназій, каледжаў Маладзечна.

          - “Вобразы мілыя роднага краю”, чаму менавіта такая назва? Што ўбачаць наведвальнікі выставы?

          - Кожны мастак у свае творы ўкладае часцінку душы, паказваючы з дапамогай мастацкіх прыёмаў веліч і прыгажосць роднай Беларусі, яе цудоўную прыроду, простых, добрых людзей. Вось адсюль і назва выставы. Ну, а пабачаць наведвальнікі работы, выкананыя мастакамі ў розных жанрах: пейзаж, нацюрморт, партрэт.

           - Творы якіх мастакоў будуць прадстаўлены?

           - На выстаўцы будуць прадстаўлены творы Народных мастакоў Беларусі Вашчанкі Г.Х., Грамыкі В.А., Данцыга М.В., Кішчанкі А.М., Масленікава П.В., Паплаўскага Г.Г., Савіцкага М.А., Шчамялёва Л.Д, Цвіркі В.К., творы Заслужаных дзеячаў мастацтваў Беларусі Аракчэева Б.У., Бархаткова І.Г., Сумарава В.Ф. і інш. Дарэчы, нашы наведвальнікі пабачаць і карціну нашага земляка мастака Леаніда Аляксандравіча Дударэнкі “Храм у вечары”, напісанную ў 1988 годзе.

           - Колькі часу экспазіцыя будзе знаходзіцца ў музеі?

           - Экспанаванне выставы запланавана па 23 чэрвеня ўключна.

           - Народнаму артысту СССР і Беларусі, члену Саюза кампазітараў, заснавальніку і кіраўніку ансамбля “Песняры” Уладзіміру Мулявіну 12 студзеня споўнілася б 75 год. У рамках Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2016” пройдзе шмат мерапрыемстваў прысвечаных гэтаму таленавітаму чалавеку. Адкажыце, калі ласка, як Вы ставіцеся да асобы Мулявіна?

           - Першае маё знаемства з творчасцю гэтага таленавітага чалавека адбылося вельмі даўно, калі я яшчэ вучылася ў школе і жыла ў Пастаўскім раене, Віцебскай вобласці. Менавіта там, са сваякамі я прысутнічала на канцэрце ансамбля “Лявоны”. Ужо тады ансамбль і, вядома, Уладзімір Георгіевіч адкрылі для слухачоў цудоўны свет беларускай народнай песні і музыкі ў адметным выкананні. Ну а потым – “Песняры”. На маю думку гэта лепшы ансамбль у гісторыі Беларусі. Сам Уладзімір Георгіевіч быў цудоўным выканаўцам, калі песня ішла, як кажуць, ад душы. “Малітва” ў яго выкананні – гімн усяму: Радзіме, людзям, гісторыі.

           - Ці адбываліся ў вашым музеі выставы ў гонар Ул.Мулявіна? Калі не, ці плануеце Вы іх правядзенне?

           - Выставы ў гонар Ул.Мулявіна ў нашым музеі яшчэ не праводзіліся. Пры магчымасці, вядома, будем ладзіць.

           - Успомніце, калі ласка, якія выставы ваш музей праводзіў ў рамках Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна” раней? Назавіце самую знакавую і важную з іх?

           - Кожны год, калі ў Маладзечна праходзіць Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі, наш музей ладзіць выставы: ці мастацкія, ці фотадакументальныя. У 2012 годзе адбылася кніжна-графічная выстава, прымеркаваная да 130-годдзя Я.Купалы і Я.Коласа, якая ладзілася сумесна з Дзяржаўным літаратурным музеем Я.Купалы і Дзяржаўным мемарыяльна-літаратурным музеем Я.Коласа. У 2013 годзе экспанавалася кніжна-графічная выстаўка “Геній зямлі беларускай…” (да 100-годдзя выхаду ў свет зборніка вершаў М.Багдановіча “Вянок”, сумесна з Літаратурным музеем М.Багдановіча). Дарэчы, у Беларусі захоўваюцца 30 зборнікаў вершаў М.Багдановіча “Вянок”, і адзін з іх – у нашым музеі, чым мы вельмі ганарымся.

            - Таісія Леанідаўна, раскажыце, калі ласка, якія задачы стаяць перад Вашым музеем, якім Вы бачыце Мінскі абласны краязнаўчы музей заўтра?

            - Музей я заўсёды параўноўваю з айсбергам. Меншая яго надводная частка бачна нашым наведвальнікам. Гэта наша пастаянная экспазіцыя, нашы выстаўкі, нашы культурна-адукацыйныя мерапрыемствы і г.д. А вось большая, падводная частка, айсберга, кажучы іншымі словамі, наша паўсядзённая работа, наведвальнікам не бачна. А менавіта ад гэтай паўсядзённай працы (ўзроўня, якасці і паўнаты выяўлення, вывучэння, камплектавання фондаў, распрацоўкі навуковай канцэпцыі і тэматыка-экспазіцыйнага плана пастаяннай экспазіцыі і інш.) залежыць якой будзе і пастаянная экспазіцыя, і выстаўкі, і іншыя мерапрыемствы, якія праводзяць музей.

            Твар кожнага музея – яго пастаянная экспазіцыя. У нашым музеі створана 1-я чарга пастаяннай экспазіцыі “Гісторыя Міншчыны са старажытных часоў да пачатку ХХ стагоддзя”. Зараз мы завяршаем працу над навуковым праектам 2-й чаргі пастаяннай экспазіцыі “Трыумф і трагедыя ХХ стагоддзя”, стварэнне якой плануем пачать у наступным годзе.

            У планах музея стварэнне экспазіцыі філіяла “Музей прыроды” ў старым будынку музея па вул.Лібава-Роменская, 125. Якім мы бачым Мінскі абласны краязнаўчы музей заўтра? Цікавая, адметная пастаянная экспазіцыя. Актыўная выставачная работа. Правядзенне розных форм культурна-адукацыйных мерапрыемстваў.          

            Слова “музей” у перакладзе з грэчаскай мовы – “храм муз”. Мы хочам, каб у нашым музеі валадарыла не толькі муза гісторыі Кліо, але і муза лірычнай паэзіі, гімнаў, камедыі, трагедыі і інш. Іншым словам, каб у нашым музеі наведвальнікам было не толькі пазнавальна, але і цікава.

 

Інфармацыйны аддзел Палаца культуры.

Фота cultur.by.

Вярнуцца да спiса навiн