Заказ
бiлетаў:

  • +375 (176) 55-55-55 — гарадскi
  • +375 (29) 175-27-84 — вэлком
  • +375 (29) 853-27-84 — мтс
kvitki.by

7360

iнфармацыя
i заказ бiлетаў

Навiны

У конкурсе «Маладзечна-2017» маюць шанс удзельнічаць двое маладзечанцаў

У конкурсе «Маладзечна-2017» маюць шанс удзельнічаць двое маладзечанцаў

Хто прадставіць Мінскую вобласць на конкурсе маладых выканаўцаў на XVII Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2017»,пакуль невядома, бо на адбор у Маладзечна прыехалі толькі 11 прэтэндэнтаў з 14-ці.

Па традыцыі, у мясцовым Палацы культуры адбыўся абласны этап. Сюды прыехалі пачынаючыя артысты з Вілейскага, Валожынскага, Барысаўскага, Дзяржынскага, Крупскага і Мінскага раёнаў. Было пададзена 14 заявак, але з-за хваробы на месца прызначэння прыбылі 11 спевакоў. Двое ад Маладзечанскага раёна.

Удзельнікі выканалі па дзве кампазіцыі беларускіх аўтараў пад «мінусоўку» -- на беларускай мове і розныя па жанры. Праўда, не ўсе артысты ўважліва падышлі да гэтых умоў. Адны аддалі перавагу ўжо «збітым» творам, іншыя проста яшчэ не давучылі альбо спыняліся на песнях, якія не адпавядаюць іх вакальным магчымасцям.

Самы нечаканы нумар, напэўна, быў у канкурсанткі з Крупскага раёна. Дар’я Сманцар выканала папулярную англамоўную кампазіцыю з рэпертуару Уітні Хюстан, творчасць якой усё ж складана спалучыць з імёнамі Купалы і Коласа. Наогул, сярод прэтэндэнтаў на фінал нямала артыстаў, у скарбонцы якіх шматлікія перамогі на іншых конкурсах. Былі тыя, хто не першы раз спрабаваў прабіцца ў фінал маладзечанскага фестывалю. Адна з самых экстравагантных удзельніц – Алеся Сяргейчык з Валожынскага раёна. Калі спявачка выконвала знакамітую «Баладу» на словы Уладзіміра Пецюкевіча і музыку Дзмітрыя Даўгалёва, выйшла на сцэну ў стылізаванай сукенцы і басанож.

-- Мы аддаём перавагу прафесійнаму майстэрству канкурсантаў, якія ўмеюць стварыць трапны вобраз і трымаць публіку, -- заўважыла старшыня журы адборачнага тура ад сталічнай вобласці Раіса Вайцяхоўская, кіраўнік Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці.

Сярод суддзяў, дарэчы, былі нашы землякі – Дзмітрый Сушко, загадчык сектара мультымедыйных тэхналогій гэтай арганізацыі, дырэктар Палаца культуры Святлана Сарока, а таксама спецыялісты ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў.

Асаблівую ўвагу прыцягнулі, вядома, канкурсанты з нашага раёна. Паўла Данілава сцэна вабіла з дзяцінства. Спачатку спевы былі захапленнем, а з цягам часу сталі сэнсам жыцця. Цяпер ён працуе ў Палацы культуры культарганізатарам у аддзеле па рабоце з моладдзю і дзецьмі. На яго рахунку мноства ўзнагарод, сярод апошніх – Гран-пры на папулярным рэгіянальным фестывалі-конкурсе маладых выканаўцаў эстраднай песні «Адна зямля-2016». Таксама ў Паўла ўжо былі сольныя канцэрты. Да адборачнага тура «Маладзечна-2017» яму дапамагаў рыхтавацца кіраўнік студыі акадэмічных спеваў «Бельканта» Палаца культуры Пётр Туронак. Дарэчы, спявак апрануў вышыванку, у якой перамог на «Адной зямлі» і лічыць шчаслівай.

Вырашыла паспрабаваць сябе на «Маладзечна-2017» і яшчэ адна наша зямлячка Лада Лінкевіч. Праўда, яна рыхтавалася самастойна. На рахунку Лады таксама нямала ўдалых выступленняў, у тым ліку і на «Адной зямлі-2016», дзе сярод выканаўцаў 18-23 гадоў заняла трэцяе месца. Таленавітая дзяўчына кіруе дзвюма эстраднымі студыямі ў Красненскім СДК: у «Эрыдане» займаюцца дарослыя, у «Вясёлых нотках» -- дзеці.

А імя Вольгі Булай, якая прадстаўляла Мінскі раён, ужо дастаткова вядома аматарам беларускай эстрады. Яркія нумары яна прапанавала на суд журы і ў Маладзечне. Сярод апошніх яе перамог – Гран-пры на папулярным конкурсе «Белазаўскі акорд-2016».

Было відавочна, што журы зацікаўлена ў творчым лёсе літаральнага кожнага з іх. Так, прадстаўніку Барысаўскага раёна Андрэю Быкаву, які працуе ў бардаўскім жанры, складае песні (дарэчы, тэксты – беларускамоўныя) і акампануе сабе на гітары, яны параілі звярнуцца ў народны клуб кампазітараў і паэтаў «Жывіца» Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці і абавязкова выступіць на тэматычным конкурсе.

Усе ўдзельнікі адборачнага тура «Маладзечна-2017» змаглі атрымаць рэкамендацыі суддзяў і задаць свае пытанні. Але адно пакуль застаецца адкрытым. Хто прадставіць Міншчыну на фестывальнай сцэне? Паколькі на «вобласць» прыбылі не ўсе канкурсанты, журы прыняло рашэнне ў бліжэйшы час правесці ў сталіцы дадатковае праслухоўванне. Яны тлумачаць гэта тым, што надзвычай уважліва ставяцца да выбару. Як правіла, Міншчыны ўваходзяць у лік мацнейшых.

Сёлета фестываль пройдзе пад знакам 135-годдзя беларускіх песняроў – Янкі Купалы і Якуба Коласа. Цяпер па ўсёй краіне стартавалі адборачныя туры на конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Ад кожнай вобласці і Мінска звычайна вылучаюць па тры кандыдаты.

Па матэрыялах http://www.mgazeta.by/ru/glavnaya-novost/item/926-u-konkurse-maladzechna-2017-mayuts-shans-udzelnichats-dvoe-maladzechantsa.html

Вярнуцца да спiса навiн