Заказ
бiлетаў:

  • +375 (176) 55-55-55 — гарадскi
  • +375 (29) 175-27-84 — вэлком
  • +375 (29) 853-27-84 — мтс
kvitki.by

7360

iнфармацыя
i заказ бiлетаў

Навiны

Урачыстае адкрыццё фестывалю

     Так, у летнім Амфітэатры 10 чэрвеня адбылося ўрачыстае адкрыццё ХVІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2016”. Распачалі цырымонію Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў, намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Віктар Сірэнка, старшыня Маладзечанскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Яхнавец і дырэктар, мастацкі кіраўнік Заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі і прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесар Міхаіл Фінберг.

      Барыс Святлоў зачытаў прывітальнае слова ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі, а таксама ўзнагародзіў нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За ўклад у развіццё культуры Беларусі” старшыню Маладзечанскага райвыканкама Аляксандра Яхнаўца.

      Заслужаны калектыў “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” прадставіў прэм’еру канцэрта “Песенная спадчына Уладзіміра Мулявіна”. У выкананні салістаў аркестра Галіны Грамовіч, Яўгена Цымбаліста, Аляксандра Салаўёва, Дзмітрыя Качароўскага, Прыма-Веры, Алесі Дзяржавец, заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Наталлі Тамела, Таццяны Глазуновай, Валерыі Грыбусавай прагучалі песні “А ў полі вярба”, “Ой, ляцелі гусі з броду”, “А ў месяцы верасні” “Ой, сівы конь бяжыць” “Рэчанька” і іншыя. Дарэчы, гэтыя творы былі апрацаваныя Уладзімірам Мулявіным.

      Парадаваў сваім выступленнем заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Ткачэнка, які шмат гадоў працаваў у складзе ансамбля “Песняры”, а зараз іграе ў аркестры пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Музыкант здзівіў публіку віртуознай ігрой на гітары.

      Завяршэннем урачыстага адкрыцця стаў святочны феерверк, які тысячамі яркіх агнёў узвіўся ў начное неба горада.

      Інфармацыйны аддзел Палаца культуры.

      Фота Яўгена СТЭЛЬМАХА.

Вярнуцца да спiса навiн