Заказ
бiлетаў:

  • +375 (176) 55-55-55 — гарадскi
  • +375 (29) 175-27-84 — вэлком
  • +375 (29) 853-27-84 — мтс
kvitki.by

7360

iнфармацыя
i заказ бiлетаў

Навiны

Вясёлая сямейка “мулявінцаў”

         Сваю дзейнасць установа пачала ў 2004 годзе як студыя пры дзяржаўным ансамблі “Песняры”. Галоўныя яе задачы і функцыі звязаны з развіццём і ўзмацненнем усёй сферы эстраднага мастацтва ў Беларусі, а таксама з пошукам талентаў сярод моладзі, падлеткаў і дзяцей.

          У 2005 годзе ўзначаліць цэнтр было прапанавана кіраўніку дзіцячай студыі ў Мозыры Святлане Стацэнка. Святлана Адамаўна не толькі член камісіі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, мастацкі кіраўнік Міжнароднага фестывалю юных талентаў “Зямля пад белымі крыламі” і Нацыянальнага дзіцячага песеннага тэлеконкурсу “Я спяваю”, педагог па вакалу, але яшчэ і цудоўная маці. Менавіта, пад чулым кіраўніцтвам яе дачка Ксенія Сітнік стала пераможцай дзіцячага конкурсу песні “Еўрабачанне-2005”.

          Сёння пад “крылом” мастацкага кіраўніка знаходзіцца больш 50-ці дзяцей. Яе выхаванцы перамагаюць на міжнародных фестывалях у краінах Еўропы, выходзяць у прызёры дзіцячага “Еўрабачання”, становяцца пераможцамі тэлеконкурсу “Песня года Беларусі” і многае іншае.

          Навучэнцы цэнтра таксама прымаюць удзел у розных канцэртных праграмах, якія ладзяцца ў беларускіх гарадах. Сёлета іх чакае Маладзечна. Дзеці рыхтаваліся да сустрэчы з гасцямі і жыхарамі маладзечаншчыны амаль цэлы год: бясконцыя рэпетыцыі, напісанне сцэнарыя, выбар касцюмаў – усё гэта карпатлівая работа педагогаў і саміх выхаванцаў.

          Святлана Адамаўна заўсёды перажывае за сваіх падапечных. Так, перад выхадам на сцэну, яна стараецца падтрымаць іх, даць каштоўныя парады. І галоўнае – навучэнцы прыслухоўваюцца. Яны стараюцца сабрацца і зрабіць усё тое, над чым так доўга працавалі. Канешне, бывае рознае – гэта ж дзеці! Даросламу лягчэй кантраляваць сябе і зрабіць усё, як трэба. Таму мастацкі кіраўнік папрасіла ўсіх, хто прыйдзе на канцэрт, не судзіць дзяцей строга, а лепей падтрымаць і шчыра парадавацца за іх! І, канешне, самім атрымаць мора пазітыва!          

          Нацыянальны цэнтр музычнага мастацтва названы ў гонар выдаючага і таленавітага чалавека, які адкрыў новую эпоху ў беларускім эстрадным мастацтве. Імя Мулявіна для Святланы і для ўсяго цэнтра – гэта святыня! Усе дзеці ведаюць яго творчасць! Навучэнцы неаднаразова выступалі на канцэртах памяці Мулявіна. Таксама былі на адкрыцці помніка Уладзіміру Георгіевічу. Цэнтр стараецца з гонарам несці імя вялікага “Песняра”.

          Усе добра ведаюць, што ў Мулявіна быў свой стыль. Нездарма “Песняроў” называлі ў СССР рускімі “Бітлз”. Ён любіў рабіць аранжыроўку беларускіх песен ў стылі фолк-рок і фолк-поп. У кожнага выхаванца цэнтра ёсць матэрыял у гэтым стылі і яны з радасцю яго выконваюць. Гэта “Что такое хорошо и что такое плохо”, “Касіў Ясь канюшыну”, “Хлопец пашаньку пахае” і многія іншыя.

          “Менавіта, па стылю выканання музычнага матэрыялу, па беларускаму каларыту нас пазнаюць на конкурсах, за межамі Радзімы. Часта чую, як нас клічуць “мулявінцамі”. Мне гэта вельмі падабаецца! І я ганаруся гэтым!” – шчыра адказала Святлана.

          Невядома якім надвор’ем Маладзечна сустрэне “Вясёлую сямейку”, але можна з упэўненасцю сказаць, што “мулявінцы” правядуць канцэртную праграму як мае быць. Таму, што побач з імі сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, а галоўнае – з імі імя вялікага “Песняра”! 

Інфармацыйны аддзел Палаца культуры.

    .

Вярнуцца да спiса навiн