Заказ
бiлетаў:

  • +375 (176) 55-55-55 — гарадскi
  • +375 (29) 175-27-84 — вэлком
  • +375 (29) 853-27-84 — мтс
kvitki.by

7360

iнфармацыя
i заказ бiлетаў

Навiны

Анатоль Ярмоленка: “Мы абавязаны любіць песні сваёй зямлі”

          Уявіць сёння айчынную эстраду без народнага артыста Беларусі, заснавальніка і мастацкага кіраўніка ансамбля “Сябры” Анатоля Ярмоленкі немагчыма. Эстрадны калектыў ведаюць і любяць не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Напярэдадні канцэрта, прысвечанага 45-годдзю ансамбля, які пройдзе ў рамках Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2017”, мы сустрэліся з нязменным лідэрам легендарных “Сяброў”.

         - 45 гадоў на сцэне – неверагоднае дасягненне. За гэты час была праведзена каласальная праца. А што сёння прадстаўляе ансамбль “Сябры”?

         - Акрамя актыўнай гастрольнай дзейнасці, мы шмат часу праводзім у музычнай студыі. Кожны саліст (Сяргей Герасімаў, Аляксандр Камлюк) стварае свае музычныя замалёўкі. У мяне таксама выйшаў сольны альбом “Где калина цвела”. Зараз мы рыхтуем юбілейную канцэртную праграму. У ёй будзе шмат дуэтаў, таму ў дадзены момант актыўна праходзяць рэпетыцыі.

         - Чаму назва ансамбля менавіта “Сябры”?

         - Мы, удзельнікі калектыву, усе вучыліся ў Гомельскім музычным вучылішчы і працавалі разам у Гомельскай філармоніі. І сапраўды былі сябрамі. У дадатак да ўсяго – ‘‘Сябры’’ такое ёмістае беларускае слова! А, як вядома, як карабель назавеш, так ён і паплыве.

         - Ці лёгка быць мастацкім кіраўніком музычнага калектыву? Усё ж такі людзі творчыя, магчыма, не заўсёды могуць падпарадкоўвацца строгім рамкам?

         - Вядома, нялёгка. Быў складаны шлях станаўлення. Калі я яго пачынаў, яшчэ ў Гомелі, у той час не было такой назвы як ‘‘мастацкі кіраўнік’’. Гэта пасада мела назву “брыгадзір”. Мяне прызначылі, калі мне было 22 гады. Я займаўся арганізацыйнымі і тэхнічнымі пытаннямі, падборам рэпертуару...

         Безумоўна, цяжка падтрымліваць дысцыпліну, калі хлопцы маладыя і яшчэ непадрыхтаваныя да першых вялікіх поспехаў. У дадатак да ўсяго ў нас у 90-ыя гады таксама дзейнічала маладзёжная студыя “Сябры”. Там працавалі і Уладзімір Ухцінскі, і браты Хлястовы – Аляксей і Андрэй, Тані Фарэда і многія іншыя. Потым у калектыў прыйшлі мае дзеці – Алеся і Святаслаў.

         - Напэўна, нялёгка прыходзіцца заўсёды быць разам: і дома, і на працы?

         - Дзецям прыходзіцца складаней, таму што ў мяне ніхто проста так у ансамблі знаходзіцца не будзе. Яны добра працуюць. Напрыклад, у Алесі ёсць свая сольная канцэртная праграма. А мой унук Анатоль зараз запісвае музычны альбом. Дарэчы, вельмі цікавы і своеасаблівы музычны напрамак. Зусім не такі як у “Сяброў”.

         - Сёлета круглая дата супала і з Вашым асабістым юбілеем. Ці плануеце Вы па прыкладу шматлікіх артыстаў адзначыць дзень нараджэння на сцэне?

         - У нас у гэтым годзе будзе некалькі юбілеяў, таму святочная праграма аўтаматычна ўплятаецца ў гэтыя канцэрты. Набліжаецца юбілей Мікалая Сацуры, які працуе са мной у ансамблі практычна сорак гадоў. Гэта адораны музыка, кампазітар і аранжыроўшчык. У паэта Леаніда Дранько-Майсюка, які напісаў “Польку беларускую”, таксама будзе круглая дата. Калі атрымаецца, то на наш святочны канцэрт прыедуць кампазітары Ігар Лучанок, Валерый Іваноў – у іх таксама ў наступным годзе юбілеі. Гэта ўсе тыя карыфеі, усе тыя годныя людзі, з якімі мы працуем. Спадзяюся, што мы разам з маладзечанцамі іх павітаем.

        - Раскажыце, калі ласка, пры стварэнні новых твораў Вы звяртаеце ўвагу на сучасныя музычныя тэндэнцыі, займаецеся пошукам новага гучання?

        - Так. Мы выкарыстоўваем сучасныя стылі. Мы павінны “быць у трэндзе”, як цяпер модна казаць. Але роўна настолькі, наколькі гэта ўплятаецца ў індывідуальнасць і звыклую фактуру ансамбля “Сябры”. Мода і сучаснасць – гэта розныя рэчы. Мы не можам быць моднымі, паколькі не ўсё моднае нам можа падысці. Але сучаснымі мы быць абавязаны. У адваротным выпадку ўсё гэта ператворыцца ў нафталін.

        - Не сакрэт, што гледачы ў асноўным прыходзяць на Вашы канцэрты, каб атрымаць асалоду ад ужо любімых народных хітоў. А як публіка прымае новыя музычныя кампазіцыі?

        - Добра прымае. У нас правільна выбудаваная канцэртная праграма. Спачатку мы знаёмім публіку з новымі песнямі, потым пераходзім да другой часткі, дзе стараемся выканаць праграму “па заяўках” гледачоў. Гучаць менавіта тыя песні, якія жадае пачуць публіка. У Беларусі нас часцей паказваюць па тэлебачанні, у нас ёсць магчымасць прадставіць новыя кампазіцыі і, трэба сказаць, яны вельмі хутка становяцца хітамі. Людзі ведаюць нашы новыя творы не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Тым больш, што цяпер ёсць Інтэрнэт, дзе можна знайсці любую кампазіцыю.

       - Якую канцэртную праграму Вы рыхтуеце на канцэрт-закрыццё XVII Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна - 2017”?

       - Мы ўжо пачалі наш юбілейны тур, які плануем завяршыць у наступным годзе ў Мінску. Мы прывязём канцэртную праграму, якую паказвалі ў Маскве. У Беларусі гледачы з ёй практычна не знаёмыя. Юбілейная праграма будзе прадстаўлена ў рамках Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2017”.

         Мы з асаблівай адказнасцю рыхтуемся да мерапрыемства ў Маладзечне, таму што гэта будзе адначасова і канцэрт-закрыццё фестывалю. Гасцей плануем запрашаць самых розных – з Беларусі і Расіі. Таксама не адмовім гледачам у задавальненні паспяваць разам з намі.

         Упэўнены, гэта будзе сапраўднае свята беларускай песні і паэзіі.

         - Зараз Маладзечна звязваюць з фестывалем, але так было не заўсёды. У 1993 годзе былі зроблены першыя крокі да новай традыцыі. “Сябры” былі музычнымі гасцямі фэсту. Падзяліцеся з нашымі чытачамі сваімі ўспамінамі аб самым першым фестывалі ў Маладзечне.

         - Гэта быў 1993 год, уздым нацыянальнай свядомасці. У нас у 90-ыя гады нават песня нарадзілася - “Шлях да Беларусі”. Першы фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, які прайшоў на гарадскім стадыёне і сабраў вялізную колькасць гледачоў, стаў першым крокам да таго, што мы маем сёння. Мы сфарміраваліся, сталі незалежнай дзяржавай і, я думаю, што фестываль быў адной з цаглінак у падмурку незалежнасці. І тое, што гэты творчы форум стаў праходзіць штогод, расквітаць на вачах, зноў прывабліваць гледачоў, азначае, што фестываль робіць сваю справу.

        - Сёння любімыя многімі кампазіцыі гучаць у выкананні як заслужаных, так і маладых артыстаў. Як Вы лічыце, ці атрымаецца звыклым мелодыям набыць новае жыццё дзякуючы такім праектам як Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі, “Залатая калекцыя беларускай песні”, Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні і інш.?

        - Я спадзяюся на гэта, але калі спевакі паставяцца сур’ёзна да выканання музычных твораў. Я назіраю за кулісамі як выступаюць маладыя артысты і не заўсёды магу па вартасці ацаніць іх працу. Таму, што яны не заўсёды адчуваюць тую кампазіцыю, якую выконваюць. Але ёсць і шмат удалых інтэрпрэтацый, якія прадстаўлены ў той стылістыцы, якую разумеюць сучасныя слухачы.

        Лічу, што асноўнае дасягненне дадзеных праектаў – напамін пра тое, што гэтыя песні маюць аўтарства, бо шмат хто лічыць іх народнымі. Такім чынам, у аўтараў і кампазітараў ёсць цудоўная магчымасць сцісла распавесці, як стваралася тая ці іншая музычная кампазіцыя. Гэта правільны шлях, гэта сапраўды лепшыя творы, якія напісаны ў Беларусі. У нас ёсць свая песенная гісторыя і культура і яе трэба шанаваць, паважаць і любіць. Захапляцца можна любой музыкай, а любіць мы абавязаны песні сваёй зямлі.

        - У рамках фестывалю “Маладзечна” праходзіць Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Ён з’яўляецца своеасаблівай стартавай пляцоўкай для пачынаючых артыстаў. Вашы пажаданні маладым талентам.

        - Самая галоўная парада, якую я хачу даць, каб маладыя выканаўцы, на якіх можа не звярнуць увагу журы, не прыйшлі ў заняпад. Конкурс – гэта суб’ектыўнае стаўленне да таго ці іншага артыста. Хтосьці можа расхвалявацца, не так праспяваць, у журы можа быць пераменлівы настрой... Адразу можна і не пабачыць патэнцыял маладога выканаўцы. Па маім назіранням, пераможцы конкурсаў не заўсёды становяцца вядомымі артыстамі. Кожны чалавек, які абраў для сябе гэты шлях, як правіла, прымае ўдзел у падобных музычных спаборніцтвах – гэта добрая школа, гэта спроба сваіх сіл, але не варта страчваць надзею. Трэба ісці да канца і памятаць, што самая галоўная перамога – любоў гледачоў.

        - Сваё жыццё Вы прысвяцілі мастацтву. Скажыце, калі б у Вас была магчымасць пражыць яго зноў, Вы б змянілі што-небудзь?

        - Мне заўсёды падабалася спяваць, я ўвесь час слухаў радыё. Я быў яшчэ зусім маленькім, але ўжо ведаў першых савецкіх спевакоў: К. Шульжэнка, Л. Уцёсаў, Ул. Трошын, М. Бернес. Калі ў мяне пачалася гастрольная дзейнасць у ансамблі, я, нават, не ўяўляў, што сустрэну Мусліма Магамаева, якога раней слухаў толькі па радыё, альбо буду ўдзельнічаць у адных канцэртных праграмах з Клаўдзіяй Шульжэнка і Леанідам Уцёсавым. Ведаеце, для мяне гэта была адначасова і школа жыцця, і ў той жа час вялікае задавальненне сустракаць такіх цудоўных людзей. А зараз я нават і не ведаю ці змяніў бы што-небудзь, бо з самага дзяцінства настройваў сябе на тое, што буду артыстам.

         Матэрыял падрыхтавала Вікторыя КУРЫЛАВА.

         Фота прадастаўлена А. ЯРМОЛЕНКА і з архіва Палаца культуры

Вярнуцца да спiса навiн