Заказ
бiлетаў:

  • +375 (176) 55-55-55 — гарадскi
  • +375 (29) 175-27-84 — вэлком
  • +375 (29) 853-27-84 — мтс
kvitki.by

7360

iнфармацыя
i заказ бiлетаў

Навiны

Як прайшоў ХVІІІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна - 2018”

   Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі – традыцыйнае і значнае мерапрыемства, якое за гады свайго існавання стала маштабнай культурнай падзеяй нашай краіны і візітнай карткай горада Маладзечна.

   Гэтае мерапрыемства адыгрывае важную ролю ў выхаванні нацыянальнай свядомасці і паважлівага стаўлення кожнага жыхара нашай краіны да роднага слова і нацыянальнай культуры, дае магчымасць пазнаёміцца з творчасцю беларускіх кампазітараў і паэтаў, атрымаць асалоду ад мелодый роднага краю і папулярызаваць іх.

   З года ў год святкуецца музычны фэст на маладзечанскай зямлі, і кожны раз адбываецца гэта па-рознаму. Урачыстая падзея і яе асноўныя мерапрыемствы ў 2018 годзе былі прымеркаваны да Года малой радзімы.Беларусь – наш агульны дом, і роднай зямлі патрэбна энергія любові кожнага жыхара, яго вера ў сваю краіну і клопат аб ёй. Асабісты ўдзел кожнага чалавека ў гэтым працэсе стаў прыкладам сапраўднага патрыятызму для новых пакаленняў. Ва ўсіх была магчымасць не толькі ўспомніць пра свае карані, але і аддаць даніну павагі куточку, дзе мы з’явіліся на свет.

   Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2018” прайшоў сёлета на працягу двух дзён – з 8 па 9 чэрвеня. Гэта васямнаццатае па ліку музычнае свята. Шматлікія творчыя сустрэчы адбыліся на галоўных канцэртных пляцоўках горада.

    Прапануем вашай увазе мерапрыемствы, якія прайшлі ў рамках свята беларускай песні і паэзіі.

    8 чэрвеня

    Канцэртная зала Палаца культуры ў 10.30 сустракала гасцей фестывалю на ІІ туры рэспубліканскага этапу Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Пачынаючыя артысты прадставілі ўсе вобласці краіны і горад Мінск.

   На сцэне Палаца культуры ў 15.00 прайшоў III тур рэспубліканскага этапу Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні ў суправаджэнні Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.

   Беларуская зямля заўсёды славілася сваімі яскравымі краявідамі і добрымі, працавітымі людзьмі.  Хто аднойчы пабываў тут, не можа застацца раўнадушным, а што ж гаварыць пра ўражлівыя душы творчых людзей. Многія беларускія і замежныя мастакі звяртаюцца да тэмы малой радзімы. Выставачная зала Палаца культуры ў 17 гадзінвітала аматараў мастацтва на адкрыцці выставы “Наша малая радзіма вачамі мастакоў свету” творчых работ удзельнікаў мастацкага пленэру “Святасць зямлі беларускай”. Мерапрыемства было накіравана на развіццё культурнага дыялогу паміж краінамі, наладжванне перспектыўных мастоў паміж рэлігіяй і мастацтвам, асноўная мэта якога – дабрачыннасць.Наведвальнікі выставы змаглі палюбавацца маляўнічымі пейзажамі беларускай прыроды, пабываць на яе прасторах, удыхнуць яркія фарбы беларускіх краявідаў і пранікнуцца нацыянальным каларытам.

   Сучасную драматургію нельга ўявіць без Аляксея Дударава. Спектаклі  па яго п’есах не пакідаюць айчынныя і замежныя тэатры. А фільм “Белыя росы”, зняты па яго сцэнарыю, да гэтага часу прыцягвае гледачоў да экранаў. ДУ “Мінскі абласны драматычны тэатр” увечары запрасіў усіх аматараў тэатральнага мастацтва на спектакль “Вечар” – лірычную меладраму аб “малой радзіме” – беларускай вёсачцы. П’еса з’яўляецца адной з вяршынь творчасці вядомага беларускага драматурга Аляксея Дударава. У сваім творы ён разважае над пытаннямі жыцця і смерці, дабра і зла, бацькоў і дзяцей. Але асноўная праблема, да якой звяртаецца аўтар, – гэта пакінутыя вёскі. Вядома, што чалавек без каранёў, без Радзімы, без спадчыны свайго народа слабы. І не дзіўна, што п’еса “Вечар” ізноў і ізноў прыцягвае ўвагу тэатральных дзеячаў.

   Урачыстае адкрыццё песенна-музычнага форуму адбылосяў 21.30 на сцэне летняга Амфітэатра. Жыхары і госці Маладзечна убачылі прэм’еру канцэрта “Мелодыя лёсу”, прысвечанага 80-годдзю з дня нараджэння народнага артыста СССР і Беларусі Ігара Міхайлавіча Лучанка. Канцэртную праграму прадставілі салісты Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор – народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесар Міхаіл Фінберг.

   Падчас канцэрта адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Усяго ў конкурсе ўдзельнічала 20 таленавітых спевакоў. Кожны дастойна выступіў і меў права быць пераможцам. Пачынаючыя артысты атрымалі дыпломы ўдзельнікаў конкурсу маладых выканаўцаў. Але, нягледзячы на тое што журы вельмі складана было прымаць адказнае рашэнне, тры асабістыя ўзнагароды знайшлі сваіх уладальнікаў. Дыплом за трэцяе месца Атрымаў Дзяніс Чуракоў, студэнт Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Спеваку падабаецца выконваць беларускія песні ў сучаснай апрацоўцы. Акрамя спеваў хлопец вучыцца танцаваць, займаецца спортам і грае на гітары.Другое месца дасталася Аліне Чыжык, якая працуе салісткай у Гродзенскай абласной філармоніі і канцэртмайстрам у Гродзенскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. Дзяўчына – салістка новага тэатральна-ілюзіённага праекта “Сон волшебника”. Пераможцай у гэтым годзе стала студэнтка Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Злата Ларчанка. Злата з юных год з’яўляецца ўдзельніцай шматлікіх конкурсаў і фестываляў. Дзяўчына неаднойчы прымала ўдзел як сольны выканаўца ў канцэртах Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Сябры”. Акрамя вучобы і канцэртнай дзейнасці спрабавала свае сілы ў мадэльнай індустрыі.

   Увечары маладзечанскае неба расквеціў яркімі фарбамі святочны феерверк.

   9 чэрвеня

   Другі дзень фестывалю пачаўся з канцэрта акадэмічнай музыкі “Гэй, узвейцеся сваім крыллем…” Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” у 11 гадзін у канцэртнай зале Маладзечанскай дзіцячай школы мастацтваў.

   Музычна-паэтычная гасцёўня “Малая радзіма – пачатак мой і выток” з удзелам беларускіх паэтаў,дзеячаў культуры і мастацва Беларусі сустрэла жыхароў і гасцей фестывальнага Маладзечна на другі дзень мерапрыемства. Падчас імпрэзы, якаяпачалася ў 11.00, прысутныя далучыліся да чароўнага свету паэзіі, сустрэліся і пазнаёміліся з сучаснымі беларускімі творцамі, пачулі ў іх выкананні лепшыя творы. Наведвальнікі  гасцёўні пабывалі там, дзе валадарыць Творчасць.

   А 15 гадзіне разгарнула сваю работу паэтычная пляцоўка “Беларусь – мая зямля, мая Радзіма” з удзелам беларускіх паэтаў у Маладзечанскай дзіцячай школе мастацтваў. У той жа час дзеячы культуры і мастацтва Беларусі прынялі ўдзел у тэлеперадачы “У аб’ектыве” (тэлепраграма “МКТВ”).

  Графіка – від выяўленчага мастацтва, які аб’ядноўвае малюнак як самастойную вобласць і розныя віды друкаванай графікі: гравюру на дрэве, гравюру на метале і інш. Яркім прадстаўніком гэтага накірунку ў свой час быў наш зямляк Меер Аксельрод. Мастак вядомы як аўтар серыі карцін “Успаміны аб старым Мінску”. Сёння яго творы захоўваюцца ў Трэцякоўскай галерэі, Рускім музеі, Дзяржаўным музеі выяўленчых мастацтваў імя А.С.Пушкіна, Тэатральным музеі імя А.А.Бахрушына і іншых.    Выстава “Меер Аксельрод. Вяртанне дадому”, якая адбылася ў 13.00 у Мінскім абласным краязнаўчым музее, была прысвечана знакамітаму мастаку ад яго нараджэння ў “мястэчку Маладзечна” да станаўлення творчай асобы.

  У малой зале Палаца культуры ў 16.00 прайшоў праект “Асобы эпохі”, дзе адбылася сустрэча з народнай артысткай Рэспублікі Беларусь Наталляй Гайда.

  Наталля Віктараўна Гайда валодае лёгкім лірыка-каларатурным сапрана, якое як нельга лепш падыходзіць для аперэты. На сцэне Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Беларусі яна дасягнула поспеху, вядомасці і прызнання, стаўшы сімвалам і несгасальнай зоркай беларускай аперэты.

  У шырокім творчым рэпертуары артысткі больш за сорак вядучых партый у класічных аперэтах, музычных камедыях і мюзіклах.

  У гэты ж час у Чысцінскім сельскім Доме культуры прайшоў канцэрт беларускай эстраднай песні “Джазавы калейдаскоп” у выкананні Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”.

  Тыя, хто захапляецца тэатрам, бурнымі апладысментамі сустракалі артыстаў Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Спектакль “Кар’ера доктара Рауса” прайшоў на сцэне канцэртнай залы Палаца культуры ў 18.00.

  Увазе гледачоў была прадстаўлена “гістарычна недакладная трагікамедыя” па п’есе вядомага літаратара і драматурга Віктара Марціновіча. Гэта гісторыя чалавека, які нарадзіўся раней сваёй эпохі, і імя яго – Францыск Скарына. П’еса стала адным з пераможцаў конкурсу “Францыск Скарына і сучаснасць” у 2016 годзе. Спектакль расказвае аб пакутах Скарыны ў яго нялёгкай справе кнігадрукавання, бессардэчнасці і непаразуменні сучаснікаў, аб падарожжах па Польшчы, Чэхіі, Германіі, Расіі... Адусюль вучонага гоняць, бачаць у ім або вар’ята, або тайнага агента. А ён, даверлівы і наіўны ідэаліст, сам падманвацца рады і наступае на адны і тыя ж граблі.

  Закрыццё XVIII Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2018” прайшло на галоўнай пляцоўцы – летнім Амфітэатры ў 21.30. Жыхары і госці горада атрымалі асалоду ад канцэртнай праграмы “Маладзечанскі зорапад” з удзелам артыстаў беларускай эстрады, пачулі і праспявлі любімыя хіты разам з зоркамі.

  8-9 чэрвеня

  На працягу двух фестывальных дзён разгорнулі працу адкрытыя пляцоўкі, якія размясціліся на Цэнтральнай плошчы, а таксама ў гарадскім парку культуры і адпачынку імя Перамогі. Так, “Фестывальная талака” прапанавала гараджанам і гасцям горада выступленні творчых калектываў Маладзечанскага раёна. Экспазіцыядэкаратыўна-прыкладнога мастацтва народных майстроў і ўмельцаў была прадстаўлена на пляцоўцы “Фестывальная сядзіба”. Усе карасталіся магчымасцю набыць тавары народнага спажывання на выставе-продажу “Беларускі пачастунак”. Пабачыць беларускія краявіды, каларыстычнае багацце краіны, рэалістычныя і сімвалічныя рысы, уласцівыя беларускай прыродзе, атрымаць асалоду ад беларускіх пейзажаў можна было падчас “Мастацкага пленэру”. Знайшлі сабе занятак у святочныя дні дзеці і моладзь фестывальнага горада, наведаўшы гульнёва-забаўляльную пляцоўку “Дзіцячая прастора” і маладзёжную пляцоўку “Арт-старт”.

   Інфармацыйны аддзел Палаца культуры

Вярнуцца да спiса навiн