Заказ
бiлетаў:

  • +375 (176) 55-55-55 — гарадскi
  • +375 (29) 175-27-84 — вэлком
  • +375 (29) 853-27-84 — мтс
kvitki.by

7360

iнфармацыя
i заказ бiлетаў

Навiны

Запрашаем на фестываль!

За дваццаць чатыры гады Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна” стаў самай чаканай падзеяй у культурным жыцці горада. Сямнаццаты па ліку фестываль пройдзе 1-3 чэрвеня. Музычнае свята разгорнецца па ўсяму гораду і за яго межамі. Прапануем вашай увазе мерапрыемствы, якія пройдуць у рамках свята беларускай песні і паэзіі.

1 чэрвеня

Мінскі абласны драматычны тэатр у першы дзень а 18 гадзіне запрашае аматараў тэатральнага мастацтва на творчую вечарыну “З’яднаныя любоўю да зямлі сваёй”, падчас якой пройдзе прэзентацыя зборніка драматычных твораў “Францыск Скарына і сучаснасць” і адбудзецца прэм’ера спектакля Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі “Беларусь. Дыдактыка” з удзелам народнай артысткі Беларусі Таццяны Мархель у жанры “Дарога да сябе”.

2 чэрвеня

Канцэртная зала Палаца культуры ў 12.00 запрашае гасцей фестывалю на ІІ тур рэспубліканскага этапу Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, які пройдзе пад фанаграму “-1”. Пачынаючыя артысты прадставяць усе вобласці краіны і горад Мінск. А ў 17 гадзін на сцэне Амфітэатра ў суправаджэнні Заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга адбудзецца III тур рэспубліканскага этапу Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні.
У малой зале Палаца культуры ў 15.00 адбудзецца прэзентацыя кнігі “Талент, адухоўлены любоўю”. Яна прысвечана 80-годдзю народнай артысткі Беларусі Марыі Захарэвіч – прымы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. За 60 год творчай дзейнасці на галоўнай сцэне краіны яна стварыла цэлую галерэю яркіх жаночых вобразаў, якія назаўсёды застануцца ў гісторыі тэатральнага мастацтва Беларусі.
Упершыню ў Маладзечне на сцэне Палаца культуры ў 19 гадзін адбудзецца спектакль Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы – “Паўлінка”, які карыстаецца асаблівай любоўю ў гледачоў.
На сцэне Летняга амфітэатра ў 21.30 пройдзе ўрачыстае адкрыццё фестывалю. Жыхары і госці Маладзечна змогуць пабачыць прэм’еру канцэрта “Купала і Колас. Вы нас гадавалі”. Музычнае мерапрыемства прысвечана 135-годдзю з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Я. Купалы, Я. Коласа. Праграму прадставяць салісты Заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор – Міхаіл Фінберг. Падчас канцэрта адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні.
Святочны феерверк, які расквеціць неба яркімі фарбамі, стане яркай кропкай адкрыцця фестывалю.

3 чэрвеня

У рамках фестывалю ў гарадскім парку і на стадыёне пляжных відаў спорту ў трэці фестывальны дзень у 9.00 пачнецца свята спорту “Спартыўны калейдаскоп”. Усе жадаючыя змогуць цікава і з карысцю правесці час, а таксама праверыць свае магчымасці на разнастайных пляцоўках. Гасцей чакае змястоўная праграма: легкаатлетычны прабег, спаборніцтвы па пляжным валейболе і футболе, выступленне спартсменаў БДУФК, майстар-класы па баявым відам мастацтва, спартыўнай гімнастыцы, танцам і інш.
У 11 гадзін у канцэртнай зале Маладзечанскай дзіцячай школы мастацтваў адбудзецца канцэрт акадэмічнай музыкі “Зямля бацькоў, зямля святая” творчых калектываў Заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”.
Мінскі абласны краязнаўчы музей у 13 гадзін запрашае на выставу “Родныя вобразы”, дзе будуць экспанавацца асабістыя рэчы беларускіх класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа, якія будуць прадастаўлены з фондаў абласнога музея, а таксама Дзяржаўнага літаратурнага музея Я. Купалы і Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Я.Коласа.
У 14 гадзін паэтычная гасцёўня “Красуй, Беларусь” запрашае аматараў літаратурнага мастацтва на сустрэчу з вядомымі паэтамі ў малой зале Палаца культуры. Займальнае дзеянне пад назвай “Чытаем Купалу і Коласа разам” распачнецца на плошчы ля кінатэатра “Радзіма” ў 16.00. Асаблівасцю паэтычнай пляцоўкі стане “адкрыты мікрафон”: кожны ахвотны зможа прачытаць творы Янкі Купалы і Якуба Коласа.
У 15.00 на сцэне Палаца культуры адбудзецца гала-канцэрт “Маладзічок” запальвае зоркі” лаўрэатаў і пераможцаў VІІ Адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок – 2017”, які адбыўся 24-26 сакавіка ў нашым горадзе. У конкурсе прынялі ўдзел юныя выканаўцы з усіх куткоў нашай краіны, прадэманстравалі свой талент, творчыя вакальныя здольнасці, а журы вызначыла пераможцаў.
Уладальнік Гран-пры будзе вызначаны падчас канцэрта.

Госці музычнага форуму Чысцінскага сельскага Дома культуры змогуць наведаць канцэрт беларускай эстраднай песні “Усё, што ў музыцы, – у сэрцы тое ж!”, які пройдзе ў 16 гадзін у выкананні Заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.
Канцэрт-закрыццё ХVІІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2017” стане яскравым завяршэннем музычнага форуму. На галоўнай пляцоўцы – Летнім амфітэатры – у 21.30 разгорнецца сапраўднае свята музыкі, прысвечанае 45-годдзю Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля “Сябры”. Мастацкі кіраўнік – народны артыст Рэспублікі Беларусь Анатоль Ярмоленка. Удзел у канцэртнай праграме прымуць зоркі беларускай і расійскай эстрады.

2-3 чэрвеня

Акрамя асноўных мерапрыемстваў, падчас фестывалю сваю дзейнасць разгорнуць разнастайныя забаўляльныя пляцоўкі. На Цэнтральнай плошчы з дванаццаці гадзін будуць працаваць экспазіцыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Фестывальная сядзіба” і канцэртная пляцоўка “Фестывальная талака”.
Для дзяцей і моладзі ў гарадскім парку на працягу двух фестывальных дзён будзе працаваць гульнёва-забаўляльная пляцоўка “Свет дзяцінства”, а 3 чэрвеня ў 15.00 пройдзе свята фарбаў “Холі”.
Аматары выяўленчага мастацтва змогуць наведаць у гарадскім парку “Мастацкі пленэр” і выставу творчых работ мастакоў Маладзечаншчыны “Мой родны кут, як ты мне мілы”, якая будзе працаваць у выставачным фае Палаца культуры.
Музычнае відовішча для моладзі разгорнецца ў другі дзень фестывалю з 14 гадзін на Цэнтральнай плошчы. На маладзёжнай пляцоўцы “Арт-Старт” збяруцца прадстаўнікі маладога пакалення, каб рэалізаваць свае самыя смелыя творчыя задумы. Плануюцца выступленні ў розных музычных жанрах: рэп, бітбокс, рок і інш.
Багатая на культурныя мерапрыемствы праграма зможа задаволіць густы кожнага.

Інфармацыйны аддзел Палаца культуры.
Фота Яўгена СТЭЛЬМАХА.

 

Вярнуцца да спiса навiн