Заказ
бiлетаў:

  • +375 (176) 55-55-55 — гарадскi
  • +375 (29) 175-27-84 — вэлком
  • +375 (29) 853-27-84 — мтс
kvitki.by

7360

iнфармацыя
i заказ бiлетаў

Навiны

Завяршыўся фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2017»

         Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2017» сёлета прайшоў у 17-ы раз. Пэўна, у такім супадзенні лічбаў ёсць свой сімвалізм. Быццам замкнулася кола — добрыя традыцыі эстрады на роднай мове, пачатак якім быў пакладзены ў 1993 годзе, захоўваюцца і сёння. Ці сапраўды ўдаецца фестывалю годна трымаць высокую планку, пастаўленую раней, і ці адпавядае ён сучасным патрабаванням, даведаліся тыя, хто гэтымі днямі наведаў Маладзечна.
         Гэты фестываль сапраўды знакавы. З вялікай сцэны летняга амфітэатра гучаць песні на роднай мове. Іх выконваюць найлепшыя артысты нашай краіны. Яркія касцюмы, адметнае светлавое афармленне — прыемна, што ў нацыянальнай песні такое годнае суправаджэнне. Якое б ні было надвор'е — ці праліўны дождж, ці пранізлівы холад, як сёлета, — гледачы заўсёды з заміраннем сэрца сочаць за тым, што адбываецца на сцэне. Родная песня пранікае ў самыя патаемныя куткі душы.​
        Любімы, але... такі ж самы?
        Аднак у тых, хто наведвае фестываль кожны год, часам складваецца ўражанне, што ўсё гэта мы ўжо дзесьці бачылі. Вядома, эстрадных песень па-беларуску зашмат быць не можа. Але аднымі і тымі ж застаюцца падыходы ў падачы твораў, у самой канцэпцыі свята.
        Вось што думае пра гэта міністр культуры Беларусі Барыс СВЯТЛОЎ:
        — На мой погляд, сёлетняя праграма фестывалю вельмі цікавая. Як заўсёды, яна разлічана на два дні, але на трэці дзень адбываецца працяг свята. Мы адкрываем фестываль урачыстым канцэртам. Адначасова гэта і падвядзенне вынікаў конкурсу маладых выканаўцаў... Раней фестываль праходзіў радзей, раз на два гады. Для такога свята трэба, каб саспелі таленты, каб арганізатары падрыхтавалі адметную праграму, якая з'яўляецца вынікам супрацы паэтаў і кампазітараў, — ім таксама патрэбен час, каб нараджаліся новыя творы. Але пакуль што фестываль застаецца штогадовым. Я згодны, што трэба шукаць новыя формы яго правядзення. На мой погляд, варта кожны год запрашаць новых рэжысёраў, якія прапаноўвалі б сваю канцэпцыю. Можа быць, з наступнага года мы пачнём гэта рабіць на конкурснай аснове, як і на іншых значных фестывалях. Тады з'явіцца канкурэнцыя і розныя бачанні гэтага фэсту.
        Шчаслівы білет на эстраду
        Традыцыйна ў першы фестывальны дзень праходзіць Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў эстраднай песні. Маладыя людзі з розных куткоў краіны спаборнічаюць у вакальным майстэрстве, дэманструючы па дзве песні на беларускай мове.
        Пасля абвяшчэння вынікаў за кулісамі летняга амфітэатра хтосьці не мог схаваць шчаслівых эмоцый, бо атрымаў высокую ўзнагароду. Іншыя былі крыху засмучанымі, што не ўдалося заняць свайго месца на вакальным Алімпе Маладзечна. Але конкурс ёсць конкурс, камусьці выпадае шчаслівы білет, а камусьці не. Галоўнае, наколькі працаздольным і мэтанакіраваным у далейшым будзе малады артыст.
        — Наладжана вельмі добрая сістэма, як адшукаць таленты, як іх адукоўваць і як пазней ім дапамагаць — праз фонд Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Звесткі пра ўсіх маладых артыстаў захоўваюцца, таму не праблема іх знайсці і адсачыць, як складваецца творчы лёс. Натуральна, не ўсе робяцца прафесійнымі выканаўцамі ў тым ці іншым жанры. Але самым лепшым мы дапамагаем, — адзначыў Барыс Святлоў.
       Абсалютным пераможцам конкурсу маладых выканаўцаў сёлета стала Вольга Булай, прадстаўніца Мінскай вобласці. Ёй удалося заваяваць адразу дзве ўзнагароды — Гран-пры, а таксама спецыяльны прыз імя Уладзіміра Мулявіна. Першае месца прысудзілі Ганне Трубяцкой з Магілёўскай вобласці. Другое — у Аляксея Грыневіча з Мінскай вобласці. Трэцяе месца падзялілі паміж сабой Аляксандр Малашэнка з Магілёўскай вобласці і Міла Урбановіч з Гомельскай.
       — Усе канкурсанты былі надзвычай моцныя, таму перамога для мяне стала поўнай нечаканасцю, — расказала карэспандэнту «Звязды» Вольга Булай. — Я выканала песні «Трымай мяне» на музыку Святаслава Пазняка і словы Ірыны Багданавай і «Зязюлю» на музыку Мікалая Някрасава, тэкст на беларускую мову я пераклала сама. Дарэчы, мая любімая паэтка — гэта Таццяна Мушынская. У яе надзвычай тонкія і лірычныя вершы.
       Падчас вячэрняга канцэрта «Купала і Колас. Вы нас гадавалі» сярод іншых знакавых артыстаў было ўцешна ўбачыць Валерыю Грыбусаву. Пару гадоў таму яна атрымала Гран-пры конкурсу маладых выканаўцаў, а цяпер ужо спявае разам з аркестрам пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Выкананне Грыбусавай было адным з самых яскравых і запамінальных як на конкурсе, так і ў гэтыя фестывальныя дні.
       «Месяц лампаду запаліць»
       Паэтычная гасцёўня «Красуй, Беларусь» праходзіла ў малой зале Палаца культуры Маладзечна. Ужо традыцыйна ў ёй прымалі ўдзел члены Саюза пісьменнікаў Беларусі — большасць з іх можна было ўбачыць у Маладзечне і ў мінулыя гады. Гэта Міхась Башлакоў, Уладзімір Мазго, Міхась Пазнякоў, Мікола Шабовіч, Іна Фралова. Сёлета праграма дапоўнілася выступамі яскравых бардаў — Ганны Чумаковай і Андрэя Зыгмантовіча. Адна з песень апошняга, «Месяц лампаду запаліць», напісана на верш Навума Гальпяровіча, які вёў рэй на паэтычнай імпрэзе. Яго сувядучай, як і ў мінулыя гады, была Таццяна Сівец. Напрыканцы яна прачытала ўласныя, вельмі пранікнёныя, вершы.
      Падаецца, гэту праграму таксама можна было б ажывіць — новымі імёнамі, нечаканымі сцэнарнымі падыходамі і, напрыклад, уласным конкурсам.

* * *

      Канцэрты першага фестывальнага дня праходзілі ў суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Яскравы жывы гук з'яўляецца яшчэ адной нязменнай адметнасцю і перавагай фестывалю.
      Дарэчы, на адным з фэстаў у Маладзечне музычнае суправаджэнне забяспечваў сімфанічны аркестр Маладзечанскага музычнага каледжа імя М. К. Агінскага пад кіраўніцтвам Рыгора Сарокі, які таксама мае вельмі высокі ўзровень выканання. Можа, варта было б даць больш магчымасцяў мясцовым музыкам, каб прадэманстравалі сваё майстэрства?..
       Канцэрт-закрыццё быў прысвечаны 45-гадоваму юбілею ансамбля «Сябры». Яго мастацкаму кіраўніку, салісту Анатолю Ярмоленку ўдалося прадставіць надзвычай насычаную праграму. Разам з ім на сцэну выходзілі Руслан Аляхно, Вікторыя Алешка, іншыя артысты. Гучалі не толькі любімыя многімі шлягеры, але і новыя песні. Ці стануць яны хітамі, пакажа час.

       Па матэрыялах http://zviazda.by/be/news/20170605/1496680988-zavyarshyusya-festyval-belaruskay-pesni-i-paezii-maladzechna-2017

Вярнуцца да спiса навiн