Гісторыя фестывалю

1993

Дата фестывалю: з па  6 чэрвеня

Галоўная пляцоўка: гарадскі стадыён

Галоўная падзея: выступленне Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга

Галоўная мэта фестывалю: стварыць умовы для адраджэння нацыянальнай культуры, даць ёй новы імпульс, выявіць маладыя таленты

 

         І Рэспубліканскі фестываль песні і паэзіі стаў стартавай пляцоўкай на шляху новай добрай традыцыі. Да аднаго з маштабнейшых мерапрыемстваў у гісторыі горада работа вялася актыўна і мэтанакіравана.

         У горад завітала шэраг знакамітых людзей, зорак расійскай эстрады: Марына Хлебнікава, Марына Цхай, Фёдар Брадаржынскі. Нашу краіну з гонарам прадстаўлялі Аляксандр Саладуха, Віктар Вуячыч, Вадзім Касенка, Ліка Ялінская, Іна Афанасьева, “Сябры”, “Верасы”, “Раство”.

         У фестывальныя дні прайшлі сустрэчы беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, канцэрты, сучаснай беларускай песні, “Джаз апоўначы”, рок-гуртоў, два туры конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні,дзе вызначылася пераможца – Алена Сауленайтэ. Яна атрымала галоўны прыз – ВАЗ 2109 разам з пераходным прызам “Залатая галінка папараці”, выкананым па эскізе маладзечанскага мастака Юрыя Герасіменкі-Жызнеўскага.

Фестывальныя дні запомніліся яркім феерверкам і дажджом з руж і гваздзікаў, які “праліўся” на трыбуны, поўныя гледачоў.

         Па дадзеных, апублікаваных у прэсе, падчас фестывалю было акрэдытавана каля 100 работнікаў тэлебачання, звыш 40 журналістаў радыё, газет і часопісаў… Вяліся прамыя рэпартажы на тэлебачанні ў краінах СНД. Трансляцыя з Маладзечна праз спадарожнік вялася на абодва ўзбярэжжы ЗША.

свернуть

1994

Галоўная пляцоўка: гарадскі стадыён

Галоўная падзея: адбылася прэм’ера оперы-песні кампазітара Ігара Паліводы “Мацярынская песня”

Рэспубліканскі фестываль прайшоў пад знакам паэзіі Аркадзя Куляшова. Падчас музычнага форуму выступілі народная артыстка Расіі і Грузіі Тамара Гвердцытэлі, Юрый Антонаў, “Сябры”, Ядзвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Аляксандр Саладуха і інш.

Пераможцай конкурсу маладых выканаўцаў і ўладальніцай аўтамабіля “Лада” стала сямнаццацігадовая магіляўчанка Наталля Кудрына. Першае месца падзялілі Наталля Тамела і Леанід Вайтовіч, другое – віцябчанкі Алена Літоўка, Ларыса Грыбалёва, Таццяна Воранава. Трэцяе месца занялі Ірына Дарафеева і Таццяна Каліна. Лаўрэаты і дыпламанты конкурсу атрымалі ў якасці падарункаў тэлевізары, відэамагнітафоны.

Для гараджан і гасцей горада была запушчана латарэя.

свернуть

1995

Галоўная пляцоўка: канцэртная зала “Мінск”

Галоўная падзея: фестываль праходзіў у Мінску

             Дзейства адбывалася на сцэне канцэртнай залы “Мінск”.

            Падчас ІІІ нацыянальнага фестывалю песні і паэзіі “Мінск – 95” у конкурсе маладых выканаўцаў маладзечанка Стэла Карагданава заняла першае месца, саступіўшы толькі Алену (Сяргею Хамякову) з Наваполацка. Каля 200 юнакоў і дзяўчат удзельнічалі ў першым адборачным туры, 35 з іх былі дапушчаны да другога, 12 выйшлі ў фінал.

свернуть

1996

Галоўная пляцоўка: Цэнтральная плошча горада Маладзечна

Галоўная падзея: упершыню на фестывалі выступіў Дзяржаўны ансамбль “Песняры” з новай праграмай “Вольнасць”

 

          Музычны форум прайшоў пад дэвізам “Беларусь не перастане спяваць”.

      Фестывальную праграму распачаў Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.І.Цітовіча. Конкурсная частка праграмы была адменена. Выступалі пераможцы мінулагодніх конкурсаў маладых выканаўцаў эстраднай песні: Наталля Тамела, Ларыса Грыбалёва, Алег Бляхарчук, Наталля Кудрына і інш.

      Паэтычныя сустрэчы праходзілі ў гарадскім парку. У Маладзечна прыехалі Леанід Дранько-Майсюк, Генадзь Бураўкін, Васіль Зуёнак. Падчас фестывалю рпайшоў тэматычны канцэрт “Ігар Лучанок і класічная беларуская паэзія”.

         У рамках свята ў Маладзечанскім музычным вучылішчы імя М.К.Агінскага з’явілася  адкрытая сцэнічная пляцоўка “Новыя Агінты”, на якой можна праводзіць канцэрты класічнай музыкі.

свернуть

1998

Галоўная пляцоўка: Цэнтральная плошча горада Маладзечна

Галоўная падзея: фестываль быў прымеркаваны да 610-годдзя Маладзечна

 

     У першы дзень прайшоў конкурс маладых выканаўцаў. Гран-пры атрымала салістка ансамбля “Верасы” і Дзяржаўнага маладзёжнага тэатра эстрады Вікторыя Алешка. Першае месца па выніках конкурсу заняў Аляксандр Звяровіч. Усе лаўрэаты атрымалі каштоўныя падарункі, пераважна аўдыётэхніку.

      Другі дзень вызначыўся адметнасцю – на адной сцэне, у адным канцэрце выступілі Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.І.Цітовіча і вядомыя беларускія рок-гурты: “Тарнада”, “Крыві”, “Палац”, “Крама” і інш.

         Увесь фестываль прайшоў пад дэвізам “жывы гук” – артыстам акампаніраваў Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам М.Фінберга.

свернуть

2001

Галоўная пляцоўка: Цэнтральная плошча горада Маладзечна

Галоўная падзея: па рашэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь фестываль набыў статус “нацыянальны”

 

         Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка выступіў на адкрыцці музычнага форуму. У фестываля беларускай песні і паэзіі з’явіўся свой ​​юбілейны каляндар, звязаны з лёсамі кампазітараў, паэтаў, выканаўцаў.

            Фестывальная праграма “Маладзечна – 2001” складалася з шасці канцэртаў. Разам з Дзяржаўным канцэртным аркестрам Рэспублікі Беларусь выступілі вядомыя калектывы, сярод якіх Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.І.Цітовіча, Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р.Шырмы, Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр імя І.Жыновіча, ансамбль “Бяседа”, а таксама народныя артысты СССР Ігар Лучанок і Уладзімір Мулявін, народныя артысты Беларусі Анатоль Ярмоленка, Валерый Іваноў, Васіль Раінчык.

            У рамках фэсту адбыліся сустрэчы з Вольгай Іпатавай, Навумам Гальпяровічам, Міколам Шабовічам, Алесем Пісьмянковым, Леанідам Дранько-Майсюком. Паэты чыталі вершы, адказвалі на шматлікія пытанні гараджан.

свернуть

2003

Дата фестывалю: 20 і 21 чэрвеня

Галоўная пляцоўка: Цэнтральная плошча горада Маладзечна

Галоўная падзея: Міністэрства культуры заснавала прыз імя Уладзіміра Мулявіна за папулярызацыю беларускай песн;, 10-годдзе фестывалю

      Першым уладальнікам прыза імя У.Мулявіна “хрустальная гітара” стаў калектыў Дзяржаўнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам М.Фінберга. У Палацы культуры адбылося “Прысвячэнне М.К.Агінскаму” з удзелам сімфанічнага аркестра Маладзечанскага музычнага вучылішча імя М.К.Агінскага пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Р.Сарокі.

           Папулярнасцю ў моладзі карыстаўся начны канцэрт, які праходзіў пад адкрытым небам.

      У рамках правядзення фестывалю быў абвешчаны гарадскі дзіцячы конкурс выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Беларусь – мая песня”, які быў прысвечаны 10-годдзю фестывалю. Таксама пры дапамозе Маладзечанскага гарвыканкама быў наладжаны гарадскі конкурс выканаўцаў эстраднай песні “Сузор’е талентаў”.

         Адметна, што прыкладна праз два тыдні пасля правядзення “Маладзечна – 2003”, у горадзе было запланавана так званае “рэха фестывалю” – канцэртная праграма, у якой прынялі ўдзел лепшыя калектывы і выканаўцы горада і раёна, запрошаныя артысты.

свернуть

2005

Дата фестывалю: 13 і 14 чэрвеня

Галоўная пляцоўка: Цэнтральная плошча горада Маладзечна

Галоўная падзея: фестываль прысвечаны 60-годдзю Вялікай Перамогі

 

             На працягу двух дзён можна было пазнаёміцца з праграмай “Ішла вайна народная” і музычна-паэтычным праектам “Быў. Ёсць. Буду”, створаным да 75-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча.

             У рамках гэтага фэсту адбылося шмат музычных сустрэч. Выступалі Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.І.Цітовіча, камерныя калектывы Дзяржаўнага канцэртнага аркестра Беларусі, аркестр народных інструментаў Цэнтра культуры і мастацтваў Магілёўскай вобласці і інш. На аўтарскі канцэрт “Маладзечна – мой дом” запрасіў вядомы беларускі спявак і кампазітар Алег Елісеенкаў.

             Цікавым атрымаўся паэтычны блок мерапрыемства. У Маладзечна прыехалі вядомыя беларускія паэты – Раіса Баравікова, Віктар Шніп, Алесь Бадак, Мікола Шабовіч, Навум Гальпяровіч.

             За вялікі ўклад у развіццё беларускага музычнага мастацтва, папулярызацыю музыкі беларускіх аўтараў і развіццё фестывальнага руху ў малых гарадах Міхаілу Фінбергу была ўручана ўзнагарода імя Уладзіміра Мулявіна.

             Завяршыўся фестываль канцэртнай праграмай Белтэлерадыёкампаніі “Беларуская калекцыя” з удзелам ансамбляў “Песняры”, “Сябры”, Аляксандра Ціхановіча і Ядзвігі Паплаўскай, Уладзіміра Ухцінскага, Іны Афанасьевай, Алесі і іншых.

свернуть

2007

Дата фестывалю: 15 і 16 чэрвеня

Галоўная пляцоўка: Цэнтральная плошча горада Маладзечна

Галоўная падзея: фестываль прысвечаны 125-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа

         У першы фестывальны дзень гледачам былі прадстаўленыя дзве канцэртныя праграмы, прысвечаныя творчасці беларускіх класікаў – Янкі Купалы і Якуба Коласа – “...Мне засталася спадчына” і “Мой родны кут, як ты мне мілы”, якім папярэднічаў пралог пад назвай “Песняры зямлі беларускай”. У канцэрце прынялі ўдзел Дзяржаўны ансамбль танца Рэспублікі Беларусь, самадзейныя калектывы з Мінскай вобласці.

        Яркай падзеяй фестывалю стала прэм’ера спектакля Мінскага абласнога драматычнага тэатра “На другі Дзень Сёмухі” па п’есе Янкі Купалы “Прымакі”.

    Акрамя таго, выступілі ансамблі “Песняры”, “Бяседа”, “Сябры”, калектывы аматарскай творчасці з Маладзечанскага, Вілейскага, Валожынскага раёнаў, прайшлі паэтычныя чытанні і творчыя сустрэчы літаратараў і кампазітараў “Моладзь i песня”.

     Другі фестывальны дзень прайшоў пад назвай “О, Беларусь, мая шыпшына”. У канцэртнай праграме прынялі ўдзел камерныя калектывы Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам М.Фінберга і сімфанічны аркестр Маладзечанскага музычнага вучылішча імя М.К.Агінскага пад кіраўніцтвам Р.Сарокі.

     Цікавай падзеяй канцэртнага закрыцця фестывалю стала ўрачыстае ўзнагароджванне пераможцаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні, які прайшоў у нашым горадзе ў красавіку.

свернуть

2009

Дата фестывалю: 13 чэрвеня

Галоўная пляцоўка: Цэнтральная плошча горада Маладзечна

Галоўная падзея: фестываль прысвечаны 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, конкурс маладых выканаўцаў – Году роднай зямлі

          Як заўсёды, фэст стаў сапраўдным святам для ўсіх аматараў беларускага слова ва ўсіх яго праявах. Праводзіліся выступленні творчых калектываў як нашага горада і раёна, так і іншых куткоў рэспублікі, творчыя сустрэчы з паэтамі і пісьменнікамі, выставы-продажы і іншыя цікавыя мерапрыемствы.

         На галоўнай пляцоўцы фэсту праходзіла канцэртныя праграмы “На свята запрашаем” Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі Белджяржфілармоніі, “Свята” з удзелам беларускіх паэтаў і пісьменікаў.

         Завяршыўся чэрвеньскі фэст вялікім гала-канцэртам “Зямля – мая песня”. Падчас канцэртнай праграмы на сцэне выступалі зоркі беларускай эстрады, вядучыя творчыя калектывы краіны, а таксама пераможцы Рэспубліканскага конкурсу маладых выканаўцаў, узнагароджванне якіх праходзіла падчас гала-канцэтру. Гран-пры, як і прыз глядацкіх сімпатый, атрымаў маладзечанец Аляксандр Салаўёў.

свернуть

2011

Дата фестывалю: з 26 па 28 жніўня

Галоўная пляцоўка: летні Амфітэатр

Галоўная падзея: фестываль прысвечаны 70-годдзю з дня нараджэння народнага артыста СССР і Беларусі Уладзіміра Мулявіна; летні Амфітэатр стаў галоўнай пляцоўкай для правядзення фестывалю

 

         Афіцыйнае адкрыццё фестывалю адбылося гала-канцэртам “Лепшыя беларускія песні ХХ стагоддзя. У.Мулявін”. Падчас яго прайшло ўрачыстае ўзнагароджванне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу маладых выканаўцаў.

    У канцэртнай праграмай “Чатыры нацыянальныя постаці Беларусі” прынялі ўдзел камерныя калектывы Нацыянальнага акадэмічнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь і заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь сімфанічны аркестр Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага.У Летнім амфітэатры адбыўся першы на яго сцэне канцэрт – “Маладзечна. РОК”. На сцэне выступалі рок-выканаўцы і беларускія рок-гурты, сярод якіх ZM99, квартэт барабаншчыкаў Drum Exstasy, Стары Ольса, праект “У нескладовае”.

      Акрамя таго, у рамках фестывальнай праграмы прайшоў круглы стол па тэме “Беларуская песня: сучасны фармат”.

      На гала-канцэрце “Я песняй услаўляю Беларусь” выступалі лепшыя прафесійныя выканаўцы і творчыя калектывы Беларусі.

свернуть

2012

Дата фестывалю: з 7 па 10 чэрвеня

Галоўная пляцоўка: летні Амфітэатр

Галоўная падзея: фестываль прысвечаны 130-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа; было прынята рашэнне аб штогадовым правядзенні фестывалю. 

 

             Падчас фестывалю ў Маладзечнеадбылася прэм’ера  рок-оперы “Курган” паводле паэмы Я.Купалы на музыку І.Лучанка.

          Гала-канцэрт адкрыцця “Дзве яркія зоркі” Заслужанага калектыву Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі быў прысвечаны 130-годдзю Я.Купалы і Я.Коласа.

            На музычным падвор’і Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага прайшлі “Паэтычныя сустрэчы” з удзелам беларускіх паэтаў, у Палацы культуры – канцэрт дзіцячых калектываў і юных чытальнікаў з розных абласцей краіны і г.Мінска “Край мой родны!”. У філіяле дзяржаўнага літаратурнага музея Я.Купалы ў Вязынцы адбыліся паэтычныя чытанні з удзелам беларускіх паэтаў. На базе раённай цэнтральнай бібліятэкі імя М.Багдановіча была арганізавана прэзентацыя новых выданняў да юбілею класікаў, у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусі, члены ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” і інш.

       Заключны дзень фестывалю пачаўся ў музычным каледжы канцэртам “Хіт-класіка беларускай музыкі” ў выкананні творчых калектываў Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі. Мінскі абласны тэатр лялек “Батлейка” прадэманстраваў спектакль для сямейнага прагляду “Цудоўная дудка”. У Палацы культуры прайшоў канцэрт джазавай музыкі і песні.

          Вечарам адбылося закрыццё творчага форуму, дзе прайшло ўзнагароджванне пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні.

свернуть

2013

Дата фестывалю: 7, 8 чэрвеня

Галоўная пляцоўка: летні Амфітэатр

Галоўная падзея: фестываль прысвечаны 75-годдзю Мінскай вобласці; форум пашырыў межы і “прапісаўся” ў Чысцінскім сельскім Доме культуры Маладзечанскага раёна

           Яркае адкрыццё і не менш насычанае закрыццё фестывалю прадставілі маладзечанцам і гасцям горада заслужаны калектыў “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Рэспублікі Беларусь” пад кіраўніцтвам М.Фінберга і заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь сімфанічны аркестр Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага пад кіраўніцтвам Р.Сарокі.

           Два фестывальныя дні жыццё ў горадзе кіпела рознымі канцэртамі, забаўляльнымі і пазнавальнымі праграмамі для дзяцей і дарослых. Да позняга вечара працавалі шматлікія выставы-продажу, дзе кожны жадаючы змог набыць цікавыя сувеніры на памяць.

             У рамках фестывалю адбыўся Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні.

свернуть

2014

Дата фестывалю: 13, 14 чэрвеня

Галоўная пляцоўка: летні Амфітэатр

Галоўная падзея: фестываль прысвечаны 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама 45-годдзю Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры”

         

          У гэтым годзе фестывальная праграма была крыху перафармаціравана.Так, конкурс маладых выканаўцаў стаў асноўным кантэнтам фестывалю: па традыцыі маладыя артысты прайшлі тры этапы творчага выпрабавання, два з якіх адбыліся непасрэдна на фестывалі. Тыя, хто трапіў у трэці тур, мелі гонар выступіць у гала-канцэрце адкрыцця фестывалю.

         Часткай адкрыцця фестывалю была спецыяльная праграма, прысвечаная 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

          Гала-канцэрт “Спадчына песняроў” у выкананні Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры” стаў удалым завяршэннем маладзечанскага форуму. Удзел у юбілейнай праграме прынялі заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народнай музыкі “Бяседа”, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Алёна Ланская, ВІА “Чараўніцы” і “Верасы”, артысты вакальнага гурта “Чысты голас”, юныя ўдзельнікі ансамбля “Заранак” Нацыянальнага цэнтра музычных мастацтваў імя У.Мулявіна, , дуэт Аляксандра і Канстанцін, і інш.

свернуть

2015

Дата фестывалю: з 5 па 7 чэрвеня

Галоўная пляцоўка: летні Амфітэатр

Галоўная падзея: на сцэне летняга Амфітэатра адсвяткаваў свой 10-гадовы юбілей праект тэлеканала СТВ “Зорны дыліжанс”

          Галоўнымі мерапрыемствамі былі канцэрты ўрачыстага адкрыцця фестывалю “Беларусь незалежная ў песнях і вершах” і рэспубліканскі этап XV Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні “Вялікія песні вялікага народа” з удзелам вядучых артыстаў беларускай эстрады, вядомых кампазітараў, паэтаў, акцёраў мінскіх тэатраў, Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі і яго салістаў.

На музычным форуме адбыліся новыя творчыя праекты – канцэрт народнай музыкі “Мелодыі роднай зямлі” з удзелам ансамбляў народнай музыкі “Бяседа”, “Свята”, фальклорна-этнаграфічнага ансамбля “Неруш”, паэтычнай гасцёўні “Квітней, Беларусь!”, канцэрт “Беларусь святочная” з удзелам вядомых паэтаў і творчых калектываў Беларусі.

         Для прыхільнікаў беларускай эстрады прайшоў юбілейны канцэрт вядомага кампазітара Алега Молчана “Песня мая…”. Удзел у ім прынялі народныя і заслужаныя артысты Беларусі, вядучыя прафесійныя калектывы. Заключным акордам фестывалю стаў канцэрт маладых папулярных выканаўцаў “Зоркі “Зорнага дыліжанса”.

свернуть

2016

Дата фестывалю: 10, 11 чэрвеня

Галоўная пляцоўка: летні Амфітэатр

Галоўная падзея: фестываль прысвечаны 75-годдзю з дня нараджэння савецкага і беларускага музыканта, выканаўцы, кампазітара, аранжыроўшчыка, заснавальніка і мастацкага кіраўніка беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры” Уладзіміра Мулявіна

          

           У першы фестывальны дзень у выставачным фае Палаца культуры адбылася творчая прэзентацыя выставы “Я заўсёды з вамі…Мулявін” да 75-годдзя з дня нараджэння народнага артыста СССР Уладзіміра Мулявіна з фондаў Нацыянальнага музея імя У.Г.Мулявіна.

          У канцэрце-адкрыцці “Песенная спадчына Уладзіміра Мулявіна” адбылася прэм’ера канцэрта Заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”. Галоўны дырыжор – Міхаіл Фінберг. Падчас канцэрта прайшла цырымонія ўзнагароджвання лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні.

          Насычаная фестывальная праграма прапанавала аматарам сцэнічнага мастацтва наведаць спектакль “Пясняр” па п’есе драматурга Васіля Дранько-Майсюка ў выкананні Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага.

          Яскравым завяршэннем фестывалю стаў канцэрт-закрыццё “Беларусь – крыніца натхнення” з удзелам зорак беларускай эстрады: Ірыны Дарафеевай, Вікторыі Алешка, Дзяржаўнага ансамбля танца Рэспублікі Беларусь, заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь вакальнай групы “Чысты голас”, фальклорнага гурта “Палац”, Вольгі Вронскай, Аляксандра Сухарава і іншых.

свернуть

2017

Дата фестывалю: 2, 3 чэрвеня

Галоўная пляцоўка: летні Амфітэатр

Галоўная падзея: фестываль прысвечаны 135-годдзю з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа.

 

Упершыню на Маладзечанскай сцэне быў прадстаўлены спектакль “Паўлінка” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Падчас урачыстага адкрыцця жыхары і госці Маладзечна ўбачылі прэм’еру канцэрта, прысвечанага 135-годдзю з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Радасць сустрэч з вядомымі паэтамі падарыла паэтычная гасцёўня “Красуй, Беларусь”. У прыхільнікаў паэзіі выклікаў цікавасць “адкрыты мікрафон” на паэтычнай пляцоўцы на плошчы каля Палаца культуры. Любы жадаючы змог выступіць з творамі беларускіх паэтаў.

Таксама можна было наведаць маладзёжную пляцоўку “Арт-Старт” на цэнтральнай плошчы.

Упершыню прайшоў праект “Асоба эпохі”. Падчас творчай сустрэчы адбылася прэзентацыя кнігі “Талент, адухоўлены любоўю” народнай артысткі Рэспублікі Беларусь Марыі Захарэвіч.

У рамках фестывалю адбыўся фінал VІІ адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок-2017”, кульмінацыяй якога стала ўручэнне Гран-пры.

Фінальным акордам фестывалю беларускай песні і паэзіі стаў канцэрт-закрыццё, прысвечаны 45-годдзю заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамблю “Сябры”.

свернуть

2018

Дата фестывалю: 8, 9 чэрвеня

Галоўная пляцоўка: летні Амфітэатр

Галоўная падзея: фестываль прысвечаны Году малой Радзімы і 80-годдзю Народнага артыста СССР і Беларусі Ігара Лучанка

 

Аматары мастацтва наведалі адкрыццё выставы “Наша малая радзіма вачыма мастакоў свету” творчых прац удзельнікаў мастацкага пленэру “Святасць зямлі беларускай”.

Урачыстае адкрыццё песенна-музычнага форуму адбылося прэм’ерай канцэрта “Мелодыі лёсу”, прысвечанага 80-годдзю з дня нараджэння народнага артыста СССР і Беларусі Ігара Міхайлавіча Лучанка. Падчас канцэрта адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні.

У рамках праекта “Асоба эпохі” госці ўшаноўвалі народную артыстку Рэспублікі Беларусь, несгасаемую зорку беларускай аперэты Наталлю Гайда.

Бурнымі апладысментамі сустракалі артыстаў Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Спектакль “Кар’ера доктара Рауса” ўразіў кожнага гледача.

Падчас закрыцця фестывалю жыхары і госці горада атрымалі асалоду ад канцэртнай праграмай “Маладзечанскі зарапад” з удзелам артыстаў беларускай эстрады, пачулі і праспявалі любімыя хіты разам з зоркамі.

 

свернуть

2019

Дата фестывалю: 7, 8 чэрвеня

Галоўная пляцоўка: летні Амфітэатр

Галоўная падзея: фестываль прысвечаны 75-годдзю з дня вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама Году малой радзімы

Падчас фестывалю ўпершыню прайшло інтэрв’ю з вядомымі асобамі ў рамках аўтарскай праграмы “Суразмоўцы” пісьменніка Навума Гальпяровіча. У якасці гасцей былі запрошаны заслужаны дзеяч мастацтваў, беларускі драматург Аляксей Дудараў і паэт-песеннік Уладзімір Мазго.

У рамках рэспубліканскай акцыі “Беларусь памятае” прайшла выстава “Беларусь памятае. Жаночы твар Перамогі”, дзе ў цэнтры ўвагі – Жанчына і яе подзвіг!

Праект “Асоба эпохі” запрасіў на сустрэчу з заслужанай артысткай Рэспублікі Беларусь, вядомай спявачкай Надзеяй Мікуліч.

Падчас урачыстага адкрыцця фестывалю адбылася цырымонія ўзнагароджвання лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні.

Працягнуў праграму гала-канцэрт “Маладзічок” запальвае зоркі” лаўрэатаў VІІІ адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок – 2019”.

Беларускі дзяржаўны акадэмічны Музычны тэатр прадставіў спектакль “Янка Купала: жыццё ў свеце маланак”.

“Пачаў сваю работу АРТ-ФЭСТ “ЛянОК”. У рамках арт-фэсту прайшла канцэртная праграма, а таксама творчая дэманстрацыя “ЭкаСтыль”. Дзеці і моладзь фестывальнага Маладзечна змаглі наведаць творчыя пляцоўкі “Тэрыторыя дзяцінства” і “Арт-старт”.

Яскравым завяршэннем стаў канцэрт-закрыццё “Зорны карагод” Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Беларусі з удзелам артыстаў беларускай эстрады.

свернуть

2021

Дата фестывалю: 11, 12 чэрвеня

Галоўная пляцоўка: летні Амфітэатр

Галоўная падзея: фестываль прысвечаны дваццатай юбілейнай даце  

 

Маладзечанцы як і жыхары ўсёй краіны чакалі гэтай падзеі два гады.

Юбілейны дваццаты фестываль “Маладзечна – 2021”  пачаўся з адкрыцця выставы “Фестываль.Духоўнасць.Культура”. Гэта прэзентацыя гісторыі фестывальнага жыцця ад вытокаў да нашых дзён у выглядзе экспрэс-панарамы, якая змяшчала 17 тэматычных модулей, звязаных адзін з адным у храналагічным парадку.

Горад з самай раніцы напоўніўся яркімі фарбамі і беларускімі мелодыямі. На Цэнтральнай плошчы і ўздоўж вуліцы Прытыцкага разгарнулася пляцоўка “Творчы квартал Міншчыны”. Прадстаўнікі ўсіх раёнаў Мінскай вобласці прыехалі на фестываль, каб прэзентаваць багатыя культурныя традыцыі свайго рэгіену, а таксама парадаваць гасцей творчымі нумарамі і работамі дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва.

 “Горад майстроў” адно з традыцыйных і вельмі чаканых мерапрыемстваў. Маладзечанцы і шматлікія госці лічаць сваім абавязкам наведаць гэту выставу-кірмаш. У юбілейны фестываль пляцоўка была як ніколі разнастайнай.  Майстры і рамеснікі – маладзечанцы і прыезджыя з усіх гарадоў нашай краіны не толькі прадставілі свае цудоўныя вырабы, але і радавалі гледачоў выдатна аформленымі экспазіцыямі, майстар-класамі. Яны ў чарговы раз пацвердзілі бясспрэчную ісціну, што беларуская зямля багатая на таленты.

Чацвёрты фестываль запар ва ўтульнай зале Палаца культуры прайшоў праект “Асобы эпохі”. Госцяй творчай імпрэзы ў гэтым годзе стала народная артыстка Беларусі Анастасія Масквіна. Яна з’яўляецца лаўрэатам Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, узнагароджана медалём Францыска Скарыны. З 2002 года – салістка Вялікага тэатра Беларусі, якая валодае моцным, прыгожым і мяккім сапрана. Шмат аматараў музычнага мастацтва сабраліся, каб пранікнуцца атмасферай творчасці. Сустрэча атрымалася цікавай і запамінальнай. Паміж гледачамі і народнай артысткай адбыўся жывы дыялог. Таксама Анастасія Ігараўна, дзякуючы мультымедыйным матэрыялам, акунула ўсіх у вір памяці свайго творчага жыцця. Непаўторная энергія жанчыны захапіла ўсіх прысутных.

Падчас творчага форуму “Маладзечна – 2021” адбыўся канцэрт харавога ансамбля “Concertino” Беларускага саюза кампазітараў. Мерапрыемства прайшло ў рамках культурна-адукацыйнага праэкту “Музыка беларускіх кампазітараў – пакаленню XXI стагоддзя” ў касцёле Святога Юзафа. Вакалісты выступілі з канцэртам беларускай харавой музыкі, прадставілі прэм’еры новых і добра вядомых твораў, якія сталі сапраўды “народнымі”, творы беларускіх кампазітараў-класікаў. У выкананні ансамбля “Concertino” прагучалі кампазіцыі Алены Атрашкевіч, Аліны Безенсон, Віктара Кісцені, Дзмітрыя Лыбіна, Яўгена Паплаўскага, Аляксандра Рашчынскага, Ігара Янкоўскага. Творчае мерапрыемства дазволіла слухачам блізка пазнаёміцца з беларускай музыкай, ацаніць яе высокі мастацкі ўзровень.

Упершыню на фестывалі на Цэнтральнай плошчы прайшоў парад духавых аркестраў Мінскай вобласці. Падчас творчага мерапрыемства “Фанфары Міншчыны” зводны аркестр, у які ўвайшлі два аркестры са Слуцка (дзіцячы і дарослы), па адным са Смалявічаў, Вілейкі, Маладзечна і Старых Дарог, з двух бакоў падышоў да цэнтральнай плошчы горада, дзе выканаў пяць агульных нумароў. Затым кожны з іх прадставіў сольны нумар. Удзельнікаў зводнага аркестра суправаджалі тры групы мажарэтак з Вілейкі, Стоўбцаў і Слуцка.

Увечары ў летнім Амфітэатры прайшло урачыстае адкрыццё юбілейнага ХХ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2021”. Па традыцыі яно пачалося з віншавальнага прывітання ад кіраўніка дзяржавы і ўзнагароджвання пераможцаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. У конкурсе прыняло ўдзел 20 юнакоў і дзяўчат з усіх абласцей краіны і горада Мінску. Уладальнікам Гран-пры і спецыяльнага прыза Уладзіміра Мулявіна стала прадстаўніца Віцебскай вобласці Ніколь Фургал. Рашэннем журы першую прэмію і званне лаўрэата атрымаў Дзяніс Чуракоў (Магілёўская вобласць), другую – Ганна Цітовіч (Брэсцкая вобласць), а трэцюю – Ангеліна Васілеўская (г.Мінск).

Жыхарам і гасцям горада была прадстаўлена прэм’ера канцэрта “Талака”, прысвечаная творчасці класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча і генія беларускай песні Ігара Паліводы, у выкананні Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”. Мастацкі кіраўнік і галоўны  дырыжор – народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесар Міхаіл Фінберг.

У гонар 20-га юбілею завяршэннем першага святочнага дня стаў яркі феерверк. Узнёсла і велічна загучала знакамітая песня Ігара Паліводы “Маладзечна”, якая абвесціла аб правядзенні фестывалю.

 

На другі дзень фестывальная сталіца Маладзечна працягвала жыць святам беларускай песні і паэзіі. На сцэне Палаца культуры адбыўся гала-канцэрт “Маладзічок” запальвае зоркі” лаўрэатаў IX адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок – 2021”. Маладыя таленты стварылі на сцэне сапраўднае дзіва. Чыстыя звонкія галасы і яркія цікавыя вобразы ўразілі гледачоў, пакінулі адчуванне незабыўнага свята. Ззянне юных зорачак разбудзіла душу і дакрынулася да сэрцаў кожнага.

Аўтарскі праект “Суразмоўцы” пісьменніка, заслужанага дзеяча культуры Навума Гальпяровіча з выязной версіяй праграмы тэлеканала “Беларусь 3” прайшоў у зале ўрачыстасцяў Палаца культуры. З пачатку свайго існавання “Суразмоўцы” трымаюцца на тым, што да размовы запрашаюць цікавых асоб, якія вызначыліся ў сваёй прафесіі, зрабілі значны ўклад у культурную, навуковую сферы жыцця краіны...Гасцямі праграмы ў Маладзечне сталі старшыня Саюза кампазітараў Беларусі Алена Атрашкевіч, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах і намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі, дырэктар па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Аляксандр Суша. Творчая сустрэча яшчэ раз падкрэсліла, наколькі шчырыя, таленавітыя, адданыя сваей Радзіме людзі жывуць у Беларусі.

Аматары літаратурнага і музычнага мастацтва горада Маладзечна падчас ХХ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі сталі ўдзельнікамі музычна-паэтычнай гасцёўні “Святло Радзімы. Радасць Перамогі”. Вялі імпрэзу ў малой зале Палаца культуры першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, журналістка, паэтэса Алена Стэльмах і старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, празаік, мовазнавец Міхась Пазнякоў. Апладысментамі гледачы сустракалі заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Навума Гальпяровіча, беларускіх паэтаў Уладзіміра Мазго, Віктара Шніпа, Валерыя Максімовіча, Таццяну Атрошанка і многіх іншых вядомых беларускіх паэтаў, якія вызначаюцца сваёй самабытнасцю і непаўторнасцю. Іх вершаваныя радкі – сама шчырасць, лірычнасць, само каханне, любоў да Радзімы, бясконцы душэўны боль за лёс Бацькаўшчыны. А беларуская мова такая, што замілоўвае і слых, і душу.

Адным з упрыгожванняў Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2021” стала адноўленая “Паўлінка”. Найстарэйшы спектакль у рэпертуары Купалаўскага тэатра прайшоў на сцэне канцэртнай залы Палаца культуры.

Адноўленая прэм’ера адбылася ў сакавіку гэтага года, ёю па традыцыі адкрылі новы сезон – 101-й. Пастаноўку ўзнавілі і амаладзілі,  у трупу прыйшло маладое пакаленне артыстаў. Вядома ж, час ідзе, і прыўносіць ў гэты спекталь нешта новае. Персанажы вельмі адрозніваліся у залежнасці ад таго, хто іх гуляў, аднак Паўлінка заўсёды была звонкая і пявучая. Маладзечна – гэта не толькі горад з багатай культурнай гісторыяй, гэта яшчэ і пачатковая кропка ў біяграфіі новай Паўлінкі Купалаўскага тэатра Анастасіі Варанковай. У цяперашняй выканаўцы галоўнай ролі родам з Маладзечна вельмі добры голас, яна вельмі чыста спявае. А яшчэ адна найважнейшая рыса пастаноўкі – цеплыня. Менавіта атмасферу чалавечай цеплыні і ветлівасці тэатр прывёз з сабой на фестываль.

Заключны гала-канцэрт дваццатага юбілейнага фестывалю “Маладзечна – насустрач шлягерам” у Амфітэатры адкрылі народныя артысты Беларусі Анастасія Масквіна і Уладзімір Громаў.

На сцэне сустрэліся беларускія паэты, кампазітары і артысты, якія на працягу 20 гадоў бралі ўдзел у жыцці фестывалю, песні якіх упрыгожвалі канцэрты фестывальных дзён. Сярод іх народны артыст Беларусі, кампазітар Васіль Раінчык, заслужаныя артысты Беларусі Аляксандр Саладуха, Жанет, Алёна Ланская, Вікторыя Алешка, кампазітар Алена Атрашкевіч, лаўрэаты конкурсу маладых выканаўцаў розных гадоў і іншыя. Завяршыўся вечар пад песню “Прыязджайце да нас у Беларусь” заслужанага дзеяча мастацтваў Алега Елісеенкава. Падчас яе на сцэну выйшлі ўсе, хто выступаў на канцэрце. Гледачы апладзіравалі артыстам стоячы.

Пасля закрыцця фестывалю “Маладзечна – 2021” культурнае жыццё горада не спынілася. Жыхароў раённага цэнтра чакаў культурны сюрпрыз у выглядзе канцэртнай праграмы “Прысвячэнне Песняру” дзяржаўнага ансамбля “Песняры”.

У вялікай зале Палаца культуры прайшоў канцэрт знакамітага беларускага калектыву, які быў прысвечаны 80-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна. Мелодыі новых і раней вядомых твораў не пакінулі раўнадушнымі наведвальнікаў урачыстага мерапрыемства.

 

Яшчэ адна яркая старонка ўвайшла ў гісторыю нашай культуры.

свернуть

2022

Дата фестывалю: 10, 11 чэрвеня

Галоўная пляцоўкалетні Амфітэатр

Галоўная падзея: фестываль прымеркаваны да Года гістарычнай памяці, юбілейных дат (140-годдзе беларускіх класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа), звязаных з лёсамі кампазітараў, паэтаў і выканаўцаў.

 

На галоўных гарадскіх пляцоўках 10 – 11 чэрвеня адбыліся шматлікія творчыя сустрэчы, цікавыя выставы, тэатральныя пастановы і самае галоўнае – конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні.

10 чэрвеня 2022

 Творчы форум пачаўся з прэзентацыі выставы “Памяць пакаленняў” мастакоў-ветэранаў з фондаў Беларускага саюза мастакоў.  Экспазіцыя была прысвечана Году гістарычнай памяці і прэзентавала жывапісныя творы разнастайнага жанравага і тэматычнага дыяпазону вядомых беларускіх мастакоў другой паловы ХХ стагоддзя.

Тэлеканал “Беларусь 3” і кінатэатр “Радзіма” падаравалі жыхарам і гасцям фестывальнага Маладзечна магчымасць на вялікім экране пабачыць дакументальны фільм “Імправізацыя”, прысвечанага памяці народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга. Фільм пра жыццё і творчасць маэстра, яго партрэт ствараўся праз успаміны сяброў і калег. Творчая каманда тэлеканала “Беларусь 3” знайшла ўнікальныя матэрыялы ў фондах Белтэлерадыёкампаніі, у архівах роднай школы Фінберга ў Мазыры, у музеі дзяржцырка ў Мінску.

Таксама адбылася творчая прэзентацыя выставы “Заўсёды з вамі. Міхаіл Фінберг”, прысвечаная 75-годдзю з дня нараджэння народнага артыста Беларусі. Сваімі думкамі пра жыццё і творчасць маэстра падзяліліся мастацкі кіраўнік, галоўны дырыжор Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” Максім Расоха, начальнік галоўнага упраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Ала Шахоцька. 

Ужо пяты фестываль запар ва ўтульнай зале Палаца культуры праходзяць творчыя сустрэчы з людзьмі-легендамі ў рамках праекта “Асобы эпохі”. Госцем творчай імпрэзы ў гэтым годзе стаў беларускі кампазітар, народны артыст Беларусі Леанід Канстанцінавіч Захлеўны. Асаблівым музычным падарункам стаў выступ салістаў Валянціна Кірыленкі і Таццяны Лазоўскай заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля народнай музыкі “Бяседа”.

На сцэне Палаца культуры адбыўся праект “Маладыя галасы Беларусі” з удзелам салістаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, выпускнікоў і студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі, Маладзечанскага маладзежнага народнага музычнага тэатра.

Высокае мастацтва імправізацыі, запальныя рытмы, рэдкае пачуццё ансамбля – ўсё гэта чакала жыхароў і гасцей святочнага Маладзечна на Цэнтральнай плошчы падчас творчага праекта “Мелодыя сэрца”. Гэта сумесная дзейнасць таленавітай моладзі дзяржаўных устаноў Мінскай вобласці: Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў і Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага. Лепшыя айчынныя творы беларускіх кампазітараў прагучалі ў суправаджэнні эстраднага аркестра “Бай-блюз” Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага.

Увечары ў летнім Амфітэатры прайшло урачыстае адкрыццё ХХI Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2022”.

Жыхарам і гасцям горада была прадстаўлена прэм’ера канцэрта “ХХІ – адлік новага часу. Пачатак” у выкананні Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”. Мастацкі кіраўнік – Максім Расоха.

У праграме прынялі ўдзел: народны артыст Беларусі Мікалай Скорыкаў, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Вікторыя Алешка, Ірына Дарафеева, Наталля Тамэла, Дзмітрый Качароўскі, Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры”, лаўрэаты Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні  і іншыя.

Падчас канцэрта па традыцыі адбылося ўзнагароджвання пераможцаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Уладальнікам Гран-пры і спецыяльнага прыза Уладзіміра Мулявіна стала прадстаўніца Магілёўскай вобласці Ганна Рыбакова.

Рашэннем журы першую прэмію і званне лаўрэата атрымаў Самір Ёлчыеў (Віцебская вобласць, другую – Аліна Бурачэўская (г.Мінск), а трэцюю – Аляксандра Макольская (Мінская вобласць).

У гонар фестывалю завяршэннем першага святочнага дня стаў яркі феерверк.

У межах ХХI Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2022” да Года гістарычнай памяці была арганізавана экспазіцыя “ПАРТАЛ ЧАСУ. Міншчына: гісторыя і сучаснасць”. прадстаўленая рэгіёнамі Мінскай вобласці.

Канцэпцыя экспазіцыі – прадстаўленне вех гісторыі Міншчыны праз паказ канкрэтных гістарычных падзей. Яна ўяўляла сабой анфіладу, якая ствараецца з 23 сектароў. Госці свята здзейснілі своеасаблівае “падарожжа ў часе” ад старажытнасці да сучаснасці.

Міншчына вядомая ў Беларусі і за яе межамі сваёй неацэннай гісторыка-культурнай спадчынай, унікальнымі творамі мастацтва. З яе гісторыяй звязаны імёны шматлікіх знакамітых дзеячаў культуры і мастацтва – асветніка і гуманіста С. Буднага, кампазітараў С. Манюшкі, М. Агінскага, майстроў паэтычнага слова Я. Купалы, Я. Коласа, М. Танка і іншых.

11 чэрвеня 2022

 У другі дзень на сцэне Палаца культуры адбылося уручэнне ўзнагарод “МУЗЫЧНЫ АЛІМП” Беларускага саюза кампазітараў.

Героямі музычнага вечера сталі стваральнікі адмысловых песенных узораў – музыкі, натоленай багаццем і хараством нашай зямлі, прыгажосцю пачуццяў. Падчас мерапрыемства былі ўручаны спецыяльныя дыпломы па розных намінацыях тым, хто прысвяціў свой лёс музыцы, хто стварае свае залатыя мелодыі сэрцам, хто годна і з гонарам жыве ў прафесіі!

Пераможцы творчага праекта “МУЗЫЧНЫ АЛІМП” – гл. артыкул, прысвечаны мерапрыемству: ссылка

Другі год запар праходзіць музычны канцэрт у касцёле Святога Юзафа. Фестывальная праграма ў гэтым годзе запрашала наведаць канцэрт майстроў мастацтва “Музыка беларускіх кампазiтараў – пакаленню ХХI стагоддзя”. Канцэртная праграма складалася з твораў беларускіх кампазітараў – Алены Атрашкевіч, Аліны Безэнсон, Яўгенія Глебава і іншых. Фартэпіянная і вакальная музыка, якая гучала ў касцёле, была напоўненая паэзіяй, лірыкай і духоўнасцю. У мерапрыемстве прынялі ўдзел народныя артысты Рэспублікі Беларусь Анастасія Масквіна, Ніна Шарубіна, Уладзімір Громаў, лаўрэат міжнародных конкурсаў Дзмітрый Шабеця, харавы ансамбль “Concertino” Беларускага саюза кампазітараў, струнны ансамбль “Амелія” Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага.

Прайшла творчая сустрэча з аўтарскай групай праекта “Наперад у мінулае” з нагоды 10-годдзя праекта. Рэжысёр і аўтар праекта – Анатоль Вечар, вядучая – Аксана Вечар, цяперашнія аранжыроўшчыкі – Сяргей Сухамлін і Арцём Кандрацюк падчас святочнай імпрэзы с задавальненнем распавядалі як стваралася праграма “Наперад у мінулае”, адказвалі на пытанні і нават падрыхтавалі для прысутных віктарыну.

Падчас пляцоўкі з асаблівым натхненнем дарылі народным песням новае жыццё заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Алена Ланская, Наталля Тамэла, вакальныя ансамблі “Карані” і “Журавушка”.

Напрыканцы сустрэчы была прадстаўлена 500-я народная песня “А ў полі жыта” у сучаснай апрацоўцы.

Таксама госці фестывальнага Маладзечна змаглі наведаць выставу фотаработ аўтараў праекта “Жывая спадчына”, якія былі зроблены  падчас здымак праграмы аб унікальных звычаях, што ўвайшлі ў спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

Адным з упрыгожванняў Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2022” стаў спектакль “Чорная Панна Нясвіжа” Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы паводле п’есы Аляксея Дударава.

Містыка, драма і трагічныя любоўныя перыпетыі – на сцэне Палаца культуры г.Маладзечна развярнулася незвычайная гісторыя кахання караля Жыгімонта і Барбары Радзівіл. Таемныя спатканні, перашкоды на шляху да шчасця, і, нарэшце, шлюб і смерць. Відовішчны і пачуццёвы спектакль сцвярджае, што галоўнае ў жыцці – захаваць здольнасць да вялікіх пачуццяў і вялікіх учынкаў. Цудоўнае майстэрства акцёраў, касцюмы і дэкарацыі перанеслі гледачоў у атмасферу былых часоў. Тое, што нам ніколі не адчуць і не ўбачыць, хіба што пабываць там можна толькі дакрануўшыся да мінулага ў выглядзе твораў мастацтва і пабудаваць гэты час і сусвет у сваім уяўленні, ад чаго ён набудзе яшчэ болей прывабнасці, недасяжнасці і казачнасці.

Заключны гала-канцэрт пад назвай “НАСТАЛЬГІЧНЫ ДЫВЕРТЫСМЕНТ” прайшоў на сцэне летняга Амфітэатра. Канцэртная праграма стала сцэнічным увасабленнем кнігі музыказнаўцы Вольгі Брылон, героямі якой з’яўляюцца выбітныя і знакамітыя майстры беларускай эстрады. Сюжет канцэрта-закрыцця будаваўся на хранікальных сюжэтах, урыўках з запісаў выступленняў артыстаў і сцэнічным увасабленні песен у “актуальным” гучанні.

“НАСТАЛЬГІЧНЫ ДЫВЕРТЫСМЕНТ” прайшоў у суправаджэнні самага старэйшага музычнага калектыву Беларусі, які быў створаны ў 1930 годзе, Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Іосіфа Жыновіча пад кіраўніцтвам дырыжора, заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Аляксандра Крамко. У канцэрце жыхары і госці горада Маладзечна здейснілі сваеасаблівае падарожжа да вытокаў беларускай эстрады, аднавілі яе лепшыя старонкі і ўзгадалі выдатных асобаў, якія сваёй творчасцю ўзнеслі айчыннае эстраднае мастацтва на незвычайную вышыню.

На сцэне Амфітэатра выступілі народны артыст Беларусі Уладзімір Громаў, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева, Аляксандр Саладуха, Алена Ланская, Уладзіслаў Місевіч, заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль “Сябры”, Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры”, група “Аура”, ансамбль “Чараўніцы” і іншыя.

Напрыканцы вечара дырэкцыі фестывалю была ўручана кніга “Беларуская эстрада. Настальгічны дывертысмент” і падарачны медаль Уладзіміра Мулявіна, прывезены з радзімы песняра. Медаль, адліты ва Уральскай майстэрне імя Дубровіна, быў перададзены старшыні Маладзечанскага райвыканкама Юрыю Мікалаевічу Горлаву.

Прыемныя сюрпрызы фестывалю не скончыліся. Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Мечыслававіч Маркевіч аб’явіў Падзяку Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь за шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у развіццё беларускага музычнага мастацтва артысту Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча ўстановы “Беларуская дзяржаўная ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга філармонія” Аляксандру Крамко, а таксама  музыказнаўцы Вользе Брылон і старшай дачцы Уладзіміра Мулявіна Марыне, якая ўнесла свой уклад у выдавецтва кнігі “Беларуская эстрада. Настальгічны дывертысмент”.

Завяршылася свята кампазіцыяй “Песні вяртаюцца”, на сцэну выйшлі ўдзельнікі канцэрта. Гледачы апладзіравалі артыстам стоячы.

свернуть

2023

Дата фестывалю: 9, 10 чэрвеня

Галоўная пляцоўкалетні Амфітэатр

Галоўная падзея: фестываль прымеркаваны да Года міру і стварэння, адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар М.Я.Фінберга

9 і 10 чэрвеня горад Маладзечна напоўніўся яркімі фарбамі і беларускімі мелодыямі. На фестывалі ў гэтым годзе беларуская народная класіка ў зусім новым гучанні, хіты маладых выканаўцаў пад нацыянальны аркестр і ўдзельнікі з усёй краіны і дзевяці рэгіёнаў Расіі.

Музычна-паэтычны форум у Палацы культуры пачаўся з прэзентацыі інтэрактыўнай пляцоўкі “Колеры роднага слова”. Мастакі Міншчыны прадставілі ілюстрацыі да твораў вядомых беларускіх пісьменнікаў. Экспазіцыя была прысвечана лепшым, высокамастацкім кніжным ўзорам, якія знайшлі свае ўвасабленне на літаратурна-мастацкай выставе. На адкрыцці прысутнічалі афіцыйныя асобы – першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення культуры Мінскага абласнога выканаўчага камітэта – Таццяна Мікалаеўна Хмель. Таксама да гасцей звярнуўся старшыня грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў” Глеб Анатольевіч Отчык. Кожны з іх падзяліўся сваімі ўражаннямі аб выставе, выказалі словы захаплення, а таксама яны адзначылі, што жывапісныя творы мастакоў Алена Лось, Міхаіл Басалыга, Васіль Шаранговіч адлюстроўваюць культурную спадчыну Беларусі.

У калейдаскопе творчых сустрэч асаблівымі ў першы дзень сталі праект “Асоба эпохі” і канцэртны вечар заслужанага дзеяча мастацтваў, кампазітара Алега Елісеенкава. Падчас творчай імпрэзы ў малой зале Алег Мікалаевіч шчыра і душэўна расказваў пра сябе, творчы шлях. Не засталася без увагі і тэма малой радзімы, кампазітар прызнаўся ў каханні да Маладзечна, дзе прайшло дзяцінства і юнацтва маэстра. Расказаў ён і пра нядаўна напісаныя песні, якія былі ўключаны ў праграму творчага вечара - “Жаўруковая мова” на словы Уладзіміра Мазго і “Мы дома не госці” на вершы Алеся Бадака (видео ES__8536 в конце). Упрыгожваннем мерапрыемства сталі музычныя кампазіцыі Алега Елісеенкава ў вакананні маладых выканаўцаў г.Маладзечна.

Праз гадзіну на сцэне канцэртнай залы Палаца культуры прайшоў творчы вечар прэм’ер і эксперыментаў кампазітара “Добрыя людзі”. Публіцы былі прадстаўлены новыя песні і любімыя хіты ў выканнанні новых артыстаў, а таксама кампазіцыі ўражэнцаў Маладзечанскага раёна. Сцэну ўпрыгожвалі старыя фотаздымкі горада Маладзечна, панавала душэўная атмасфера і гучныя авацыі на працягу ўсяго канцэрта.

Яшчэ адной знакавай педзеяй першага дня стала адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар Міхаіла Фінберга на пляцоўцы Палаца культуры. Народны артыст Беларусі, кавалер ордэна Францыска Скарыны, славуты савецкі і беларускі дырыжор, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі бязмежна любіў Беларусь і аддана служыў культуры. Міхаіл Якаўлевіч стаяў ля вытокаў фестывалю, а яго аркестр стаў своеасаблівым брэндам форуму. З урачыстымі словамі на мерапрыемстве выступілі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатолій Мечыслававіч Маркевіч, старшыня Маладзечанскага раённага выканаўчага камітэта Юрый Мікалаевіч Горлаў. На адкрыцці таксама прысутнічалі салісты Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М.Я.Фінберга”.

Мемарыяльная дошка – работа скульптараў Уладзіміра Слабодчыкава, Арцёма Мядзведзева і архітэктара Віктара Карако.

Увечары ў летнім Амфітэатры прайшло урачыстае адкрыццё творчага форуму і па традыцыі яно пачалося з віншавальнага прывітання ад кіраўніка дзяржавы. Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатолій Мечыслававіч Маркевіч зачытаў прывітальны адрас Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнка. Прэзідэнт адзначыў, што за гады існавання творчы форум значна пашырыў мастацкія гарызонты і стаў знакавай культурнай падзеяй. Тысячы гледачоў стануць сведкамі зараджэння новых зорных імён і атрымаюць асалоду ад цікавых праектаў.

Беларуская народная класіка ў зусім новым гучанні і хіты маладых выканаўцаў пад нацыянальны аркестр – канцэртная праграма “Все звезды сошлись” на сцэне Маладзечанскага Амфітэатра. Фестываль беларускай песні і паэзіі сёлета адкрылі фіналісты і пераможцы тэлепраектаў “Фактар.by” і “X-Factor. Belarus”. У суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя Фінберга яны выканалі самыя вядомыя хіты “Песняроў” і ўласныя кампазіцыі. Відэаролікі перад выступамі артыстаў, знятыя спецыяльна да фестывалю, паказваюць старажытную беларускую культуру і рамяство. Маладыя таленты, пераносяцца ў розныя часы гісторыі Беларусі. Па задумцы аўтараў, пражыўшы гісторыю кожнага часу, героі вяртаюцца ў сучасны свет з разуменнем важнасці і гонару за сваю краіну.

У гонар фестывалю завяршэннем канцэртнай праграмы стаў яркі феерверк.

Фестывальная сталіца Маладзечна 10 чэрвеня працягвала жыць святам беларускай песні і паэзіі. Другі дзень пачаўся з адной з галоўных падзей праграмы – Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. За права атрымаць запаветную ўзнагароду  змагалicя 21 удзельнік з шасці абласцей і горада Мінска.

Напярэдадні прайшла інтэрактыўная жараб’ёўка канкурсантаў. Падчас ІІ туру ўдзельнікі праявілі свае вакальные здольнасці пад фанаграму “-1”. Выступленні прайшлі на высокім узроўні і парадавалі публіку. III тур прайшоў у суправаджэнні Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М.Я.Фінберга” пад кіраўніцтвам Максіма Рассохі.

Гаворачы аб арганізацыі конкурсу, члены журы адзначылі дынаміку ў бок шоу. У гэтым годзе арганізавалі прамую трансляцыю конкурсных выступленняў. Кожны нумар быў мастацка аформлены: прыгожы відэарад, падтанцоўка, цікавыя мастацкія рашэнні.

“Ім быць на беларускай сцэне!” - да такой думкі прыйшлі члены журы конкурсу. Лепшых вакалістаў адзначылі, запомнілі. Цікавыя галасы аркестр імя Фінберга плануе запрасіць у будучыя канцэртныя праграмы.

Рашэннем журы ўладальнікам Гран-пры і спецыяльнага прыза Уладзіміра Мулявіна стаў прадстаўнік Мінскай вобласці Данііл Савеня.

Студэнт 3-га курса Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў па спецыяльнасці “мастацтва эстрады (спевы)”, займаецца ў Алены Атрашкевіч. На конкурсе выконваў дзве кампазіцыі – “Жаданая” і “Святая асветніца”, музыку да якіх напісала яго педагог. Перамогу ў конкурсе ў Маладзечне Данііл назваў сур’ёзным крокам да больш высокіх мэт, магчыма, да ўдзелу і перамогі ў конкурсах па-за краінай. Малады чалавек прызнаўся, што Маладзечна лічыць сваёй малой радзімай, бо 9 гадоў вучыўся ў Маладзечанскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннямі зроку.

Першае месца лаўрэата ў яшчэ аднаго прадстаўніка Мінскай вобласці Маргарыты Шыбаевай. Другое – раздзялілі Аляксандр Журовіч (г.Мінск) і Аляксандр Малашэнка (Віцебская вобласць). Трэцяе месца дасталася прадстаўніку Магілёўскай вобласці Дар’і Часлаўскай.

Урачыстае ўзнагароджанне лаўрэатаў прайшло падчас канцэрта-закрыцця на сцэне  летняга Амфітэатра.

Увечары на сцэне Палацы культуры з аншлагам прайшоў канцэрт “Мы вам жадаем” заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля народный музыкі “Бяседа” (мастацкі кіраўнік – народны артыст Рэспублікі Беларусь Леанід Захлеўны).

Артысты выканалі любімыя слухачамі хіты “За маладых”, “Чарка на пасашок”, “Запрагай-ка, бацька, лошадзь”, “Ой, вішэнькі”, “Мы Вам жадаем”. Таксама адбылося і некалькі прэм’ер.

Напрыканцы праграмы гледачы апладзіравалі стоячы і не хацелі развітвацца з артыстамі. Калектыў па жаданню публікі падараваў слухачам яшчэ адну музычную кампазіцыю.

У межах форуму да Года міру і стварэння была арганізавана каля 50 мерапрыемстваў.

Апладысментамі гледачы сустракалі вядомых беларускіх паэтаў, якія вызначаюцца сваёй самабытнасцю і непаўторнасцю, падчас літаратурна-музычнай гасцёўні “Радзіма мая міралюбная”. Таксама былі падведзены вынікі Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Радком вярнуся па вясне” сярод маладых паэтаў ў гонар памяці лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міколы Мятліцкага.

У Мінскім абласным краязнаўчым музеі адбылося адкрыццё выставы галаграм  “Паэзія музейных каштоўнасцей”. Ва ўрачыстай цырымоніі прыняла ўдзел начальнік галоўнага ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама Ала Канстанцінаўна Шахоцька. На экспазіцыі былі прадстаўлены рарытэты з фондаў музеяў Мінскай вобласці, побач з якімі размешчаны галаграмы. У наведвальнікаў была магчымасць параўнаць арыгінал з яго аптычнай копіяй. Эпіграфамі да экспанатаў выстаўкі сталі трапныя вершаваныя радкі з твораў беларускіх паэтаў.

Па вуліцы Прытыцкага і ля кінатэатра “Радзіма” разгарнула сваю работу пляцоўка “Міншчына – ты сэрца Беларусі”, якая адлюстравала адзінства гісторыі і сучаснасці. Гасцей свята чакала жывое ўвасабленне твораў беларускай літаратуры, тэматычныя інтэрактыўныя экспазіцыі. Адметным ушанаваннем літаратурнай спадчыны,  якую беларусы будуць адкрываць для сябе бясконца, стала тэатралізаванае ўвасабленне твораў, якія ўражваюць сваёй яскравасцю і глыбінёй.

Для дзяцей арганізатары свята правялі мноства цікавых мерапрыемстваў і забаў. У гарадскім парку разгарнулі работу пляцоўкі “Беларускі АРТ–куток” і “Акадэмія дзяцінства”. Яе наведвальнікі змаглі атрымаць асалоду ад выступленняў дзіцячых калектываў і асобных выканаўцаў г.Маладзечна, а таксама зазірнуць на майстар-клас па дэкаратыўна-прыкладной творчасці; пагрузіцца ў атмасферу свята з беларускім фэйс-артам; прадэманстраваць свае творчыя здольнасці на арт-зоне “Беларуская маляванка” і адчуць атмасферу адзінства, склаўшы разам агульны арнамент з размаляваных элементаў.

Знайшлі сабе занятак у святочныя дні і моладзь фестывальнага Маладзечна, наведаўшы творчую крэатыўную прастору “Арт-фэст” на Цэнтральнай плошчы. Яскравай падзеяй пляцоўкі сталі фестываль-конкурс беларускай эстраднай песні маладых аўтараў і аўтарскіх калектываў, канцэртная праграма Дзяржаўнага ансамбля народнага танца Рэспублікі Інгушэціі і выступленні артыстаў дзяржаўнай тэатральна-відовішчнай ўстановы “Маладзежны тэатр эстрады”. Таксама ўсіх гасцей парадавала калекцыя яркіх гарэзных персанажаў у шоу роставых лялек і шоу хадулістаў “Art-Show Disar”.

Разнастайная праграма была падрыхтавана і для аматараў тэатральнага мастацтва. Мінскі абласны драматычны тэатр прадставіў казку па п’есе Сяргея Бялова “Вучань ведзьмака, альбо бітва чарадзеяў” і спектакль па п’есе Алены Паповай “Шукаю сапраўднага мужчыну”.

Для дзяцей малодшага ўзросту ў Мінскім абласным тэатры лялек “Батлейка” адбыліся экалагічная казка “История одной улитки” і спектакль “Цудоўная дудка”.

Падчас фестывалю Центральная плошча ператварылася ў кіназалу пад адкрытым небам. На пляцоўцы “Магія начы” прайшлі вячэрнія кінапаказы мастацкіх фільмаў “Белыя росы” і “Кадэт”.

Адно з традыцыйных і вельмі чаканых мерапрыемстваў, якое праходзіць у рамках фестывалю, “Горад майстроў”. Майстры і рамеснікі – маладзечанцы і прыезджыя з усіх гарадоў нашай краіны, а таксама госці з  9 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, у тым ліку Рэспублікі Мардовія, не толькі прадставілі свае цудоўныя вырабы, але і радавалі гледачоў выдатна аформленымі экспазіцыямі.

Так, прайшла творчая арт-пляцоўка “Пляцём узор краіны роднай” удзельнікаў ІІ фестывалю лозапляцення “ДзіваФэст”. Лепшыя майстры лозапляцення Рэспублікі Беларусь прадставілі свае вырабы, прэзентавалі выставы і правялі майстар-класы. Удзельнікі фэсту былі ўзнагароджаны спецыяльнымі падарункамі і дыпломамі за захаванне і папулярызацыю культурнай спадчыны, за адраджэнне і развіццё мастацкага рамяства – пляценні з лазы.

Майстры ў чарговы раз пацвердзілі бясспрэчную ісціну, што беларуская зямля багатая на таленты.

Заключны гала-канцэрт “Любімыя песні. Спяваем разам” прайшоў на сцэне летняга Амфітэатра.

Праграма праходзіла ў фармаце народнага караоке, дзе ўсе кампазіцыі дубліраваліся бягучым радком на відэаэкранах. Музычны матэрыял – сучасныя і народныя песні, а таксама хіты мінулых гадоў у новым гучанні. Гледачы змаглі праспяваць разам з народнымі артыстамі Беларусі Анатолем Ярмоленкам, Уладзімірам Громавым, заслужанымі артыстамі Рэспублікі Беларусь Ірынай Дарафеевай, Вікторыяй Алешка, Жанет, Нацыянальным акадэмічным народным хорам Рэспублікі Беларусь імя Г.І.Цітовіча, заслужанымі калектывамі Рэспублікі Беларусь ансамблем танца, музыкі і песні “Белыя росы”, Беларускім дзяржаўным ансамблем “Песняры”, групай “AURA”, арт-групай “Беларусы” і іншымі.

Фестываль завяршыўся маладзёжнай дыскатэкай “ФЭСТ М”, якая прайшла на Цэнтральнай плошчы з удзелам DJ Jeneva і Рэтра Вуман Трыо “Розовые розы”.

свернуть