Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2022" – адлік новага часу. Пачатак

11.06.2022

"XXI – адлік новага часу. Пачатак" - пад такой назвай ў Летнім Амфітэатры адбылося ўрачыстае адкрыццё XXI Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2022».

І гэта сімвалічна, бо сёлета музычны форум распачне чарговае дзесяцігоддзе і адкрые новую старонку сваёй гісторыі. Яго лепшыя традыцыі, закладзеныя народным артыстам Беларусі Міхаілам Фінбергам, будуць захоўвацца і адначасова дапаўняцца новымі мерапрыемствамі, каб фестываль развіваўся, пашыраўся, быў цікавым для прыхільнікаў мастацтва.

Адкрылі ўрачыстасць міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатолій Маркевіч і намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Іван Маркевіч.
Па традыцыі яно пачалося з віншавальнага прывітання ад кіраўніка дзяржавы. Анатолій Мечыслававіч зачытаў прывітальны адрас ўдзельнікам фестывалю ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.
А.Р.Лукашэнка адзначыў, што шматгадовая традыцыя фестывальных сустрэч на гасціннай маладзечанскай зямлі садзейнічае высакароднай справе захавання і ўзбагачэння неацэннай спадчыны беларускай культуры.

 

Жыхарам і гасцям горада была прадстаўлена прэм’ера канцэрта “ХХІ – адлік новага часу. Пачатак” у выкананні Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” пад кiраунiцтвам галоўнага дырыжора аркестра Максіма Расохi.
У праграме прынялі ўдзел: народны артыст Беларусі Мікалай Скорыкаў, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Вікторыя Алешка, Ірына Дарафеева, Наталля Тамэла, Дзмітрый Качароўскі, Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры”, лаўрэаты Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні і іншыя.

Падчас адкрыцця фестывалю па традыцыі адбылося ўзнагароджванне пераможцаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні.
Уладальнікам Гран-пры і спецыяльнага прыза Уладзіміра Мулявіна стала прадстаўніца Магілёўскай вобласці Ганна Рыбакова.


Рашэннем журы першую прэмію і званне лаўрэата атрымаў Самір Ёлчыеў (Віцебская вобласць, другую – Аліна Бурачэўская (г.Мінск), а трэцюю – Аляксандра Макольская (Мінская вобласць).

У гонар фестывалю завяршэннем першага святочнага дня стаў яркі феерверк.

поделиться в: