Палажэнне аб правядзенні Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі "Маладзечна"
1. Дадзенае Палажэнне вызначае парадак арганізацыі і правядзення Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі "Маладзечна"(далей – конкурс).
2. Конкурс праводзіцца ў мэтах:
- падтрымкі маладых таленавітых выканаўцаў, павышэння ўзроўню іх выканальніцкага майстэрства і сцэнічнай культуры;
- стварэння неабходных умоў для выяўлення маладых таленавітых выканаўцаў для ўдзелу ў прэстыжных міжнародных фестывалях і конкурсах;
- падтрымкі лепшых традыцый беларускага эстраднага песеннага мастацтва.
3. Конкурс праводзіцца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, галоўнымі ўпраўленнямі ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў (далей – галоўныя ўпраўленні ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі), аддзеламі ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі раённых (гарадскіх) выканаўчых камітэтаў (далей – аддзелы ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі), дзяржаўнай установай "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь імя М.Я. Фінберга" (далей – Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М.Я. Фінберга).
4. Да ўдзелу ў конкурсе дапускаюцца маладыя выканаўцы, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, ва ўзросце ад 16 да 31 года ўключна (далей – удзельнікі).
Удзел у конкурсе азначае безумоўнае прыняцце і выкананне ўдзельнікам патрабаванняў дадзенага Палажэння.
Удзельнік можа быць дыскваліфікаваны рашэннем арганізацыйнага камітэту па падрыхтоўцы і правядзенні Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі (далей – аргкамітэт).
Падставы для дыскваліфікацыі:
- парушэнне патрабаванняў дадзенага Палажэння;
- адсутнасць на генеральных репетыцыях;
- адхіленне ад матэрыялаў, дасланых на конкурс;
- іншыя дзеянні ўдзельніка, якія наносяць урон правядзенню альбо іміджу конкурсу.
5. Інфармацыя аб правядзенні конкурсу размяшчаецца да пачатку правядзення конкурсу ў газеце "Культура", на афіцыйным сайце Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт і павінна змяшчаць звесткі пра час, месца правядзення конкурсу, умовы конкурсу, крытэрыі і парадак ацэнкі выкананняў удзельнікаў, парадак і тэрміны абвяшчэння вынікаў конкурсу, а таксама іншыя неабходныя звесткі.
6. Конкурс праводзіцца ў тры этапы:
- першы этап (раённы, гарадскі) з’яўляецца адборачным і праводзіцца аддзеламі ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі;
- другі этап (абласны, Мінскі гарадскі) з’яўляецца адборачным і праводзіцца галоўнымі ўпраўленнямі ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі;
- трэці этап (рэспубліканскі) з’яўляецца заключным і праводзіцца Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі імя М.Я. Фінберга ў час правядзення Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі.
Парадак правядзення адборачных этапаў конкурсу вызначаецца адпаведна аддзеламі і галоўнымі ўпраўленнямі (упраўленнямі).
7. Да ўдзелу ў трэцім этапе конкурсу ад кожнай вобласці і г. Мінска накіроўваюцца па тры ўдзельнікі.
8. Галоўныя ўпраўленні (упраўленні) на ўдзельнікаў, якія дапушчаны да ўдзелу ў трэцім этапе конкурсу, прадстаўляюць у Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М.Я. Фінберга наступныя матэрыялы:
- заяўку па форме згодна з дадаткам да дадзенага Палажэння;
- ксеракопіі старонак дакумента, які засведчывае асобу, якія змяшчаюць прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі такое маецца) удзельніка, чысло, месяц, год і месца яго нараджэння, фотаздымак, адрас рэгістрацыі, нумар дакумента і дату яго выдачы;
- творчую біяграфію з дадаткам копій дыпломаў іншых музычных конкурсаў і фестываляў;
- фотаздымак (у электронным выглядзе альбо на камп’ютарным носьбіце фармату jpg, памерам не менш 300 dpi/inch);
- фанаграму конкурснай песні "плюс адзін", "мінус адзін", якую ўдзельнік будзе выконваць у суправаджэнні аркестра (у электронным выглядзе альбо на камп’ютарным носьбіце фармату mp3) з прыкладаннем тэксту і абавязковым указаннем аўтараў музыкі і словаў.
Заяўкі на ўдзел у трэццім этапе конкурсу адпраўляюцца на адрас: 220002, г.Мінск, а/с № 1. Тэл. (017) 284 91 44; (017) 284 42 52; факс (017) 284 74 40. E-mail: mail@orchestra.by.
Тэрмін прадстаўлення заявак вызначаецца аргкамітэтам.
Выдаткі на праезд удзельнікаў і суправаджаючых асоб у г. Мінск і г. Маладзечна для рэпетыцый і ўдзелу ў трэцім этапе конкурсу ажыццяўляюць аддзелы ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, установы адукацыі і іншыя арганізацыі.
9. Матэрыялы, якія прадстаўляюцца для ўдзелу ў конкурсе, не рэцэнзуюцца і не вяртаюцца. Матэрыялы, пералічаныя ў пункце 8 дадзенага Палажэння і прадстаўленыя не ў поўным аб’ёме, да разгляду не прымаюцца.
10. Чарговасць выкананняў удзельнікаў у трэцім этапе конкурсу вызначаецца жараб’ёўкай. Змены чарговасці выкананняў і конкурснай праграмы ўдзельнікаў не дапускаюцца.
11. Для ўдзелу ва ўсіх этапах конкурсу ўдзельнікі прадстаўляюць дзве песні беларускіх аўтараў на беларускай мове працягласцю не больш за 3 хвіліны 40 секунд.
У першым і другім этапах конкурсу выконваюцца песні ў суправаджэнні фанаграмы "мінус адзін". Фанаграмы забяспечваюцца непасрэдна ўдзельнікамі. На трэцім этапе конкурсу адна песня выконваецца ў суправаджэнні фанаграмы "мінус адзін", другая песня – ў суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М.Я. Фінберга.
12. Выкананні ўдзельнікаў трэцяга этапа конкурсу ацэньвае журы, якое фарміруецца з ліку вядучых спецыялістаў у галіне музычнага эстраднага мастацтва, вядомых творчых работнікаў, і зацвярждаецца аргкамітэтам.
13. Журы:
- праслухоўвае выкананні ўдзельнікаў, якія дапушчаны да ўдзелу ў трэцім этапе конкурсу;
- дае ацэнку іх выкананню;
- прысуджае прэміі і дыпломы;
- адзначае ўдзельнікаў трэцяга этапа конкурсу, якія не сталі лаўрэатамі, дыпломамі.
14. Журы ацэньвае выкананні ўдзельнікаў, кіруючыся наступнымі крытэрыямі:
- узровень выканальніцкага майстэрства;
- яркая індывідуальнасць;
- мастацкі густ;
- уменне перадаць драматургію выкананых твораў.
На першым пасяджэнні журы па прапанове яго старшыні са складу членаў журы адкрытым галасаваннем выбіраецца падліковая камісія, якая складаецца з трох чалавек.
15. Выкананні ўдзельнікаў ацэньваюцца па дзесяцібальнай сістэме.
16. Па выніках праслухоўвання выкананняў удзельнікаў члены журы фіксуюць свае балы ў ацэначных лістах і перадаюць іх сакратару журы. Падлік балаў праводзіцца падліковай камісіяй у прысутнасці старшыні журы. Падліковая камісія інфармуе журы аб выніках выкананняў удзельнікаў, пасля чаго членамі журы падпісваецца выніковы пратакол.
17. Удзельнікі, якія набралі большую колькасць балаў, аб’яўляюцца пераможцамі конкурсу.
У выпадку, калі два і больш з удзельнікаў конкурсу набіраюць роўную колькасць балаў, пераможца конкурсу вызначаецца дадатковым галасаваннем журы. Пры гэтым голас старшыні журы з’яўляецца вызначальным.
18. Рашэнне журы канчатковае і не падлягае перагляду.
19. Члены журы на працягу правядзення конкурсу ўстрымліваюцца ад публічных адзнак таго ці іншага ўдзельніка ў сродках масавай інфармацыі. У час пасяджэння журы знаходжанне пабочных асоб не дазваляецца.
20. Пераможцы конкурсу ўзнагароджваюцца:
- Гран-пры – прызам імя Уладзіміра Мулявіна, грашовай прэміяй у памеры 120 базавых велічынь і дыпломам "Лаўрэат Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі" (далей – дыплом лаўрэата);
- першай прэміяй у памеры 100 базавых велічынь і дыпломам лаўрэата;
- другой прэміяй у памеры 80 базавых велічынь і дыпломам лаўрэата;
- трэцяй прэміяй у памеры 60 базавых велічынь і дыпломам лаўрэата.
Астатнія ўдзельнікі трэцяга этапа конкурсу адзначаюцца дыпломамі ўдзельнікаў.
21. Журы мае права ў межах устаноўленай колькасці прэмій:
- не прысуджаць Гран-пры;
- прысуджаць не ўсе прэміі і дыпломы;
- прысуджаць некалькі дыпломаў (акрамя Гран-пры і першай прэміі) з падзелам прэміі ў роўных долях паміж лаўрэатамі, уладальнікамі гэтых дыпломаў;
- у выпадку непрысуджэння адной або некалькіх прэмій змяняць памеры грашовых прэмій у межах устаноўленага прызавога фонду.
22. Фінансаванне падрыхтоўкі і правядзення конкурсу ажыццяўляецца за кошт:
- сродкаў, якія прадугледжваюцца ў рэспубліканскім і мясцовых бюджэтах на правядзенне цэнтралізаваных мерапрыемстваў;
- бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі, якая прадастаўляецца ў парадку, прадугледжаным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;
- іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
23. Выдаткі на праезд канкурсантаў і суправаджаючых іх асоб у г.Мінск і г.Маладзечна і назад для рэпетыцый і ўдзелу ў конкурсе забяспечваюцца аддзеламі, установамі адукацыі, іншымі арганізацыямі, якія накіроўваюць прадстаўнікоў для ўдзелу ў конкурсе.