Літаратурна-музычная гасцёўня “Радзіма мая міралюбная” з удзелам паэтаў і артыстаў
10.06.2023Падчас творчага форуму ў малой зале Палаца культуры прайшла літаратурна-музычная гасцёўня “Радзіма мая міралюбная”. Яна была прысвечаная самым дарагім мясцінам, якія заўсёды застаюцца ў патаемных куточках сэрцаў.
Вялі імпрэзу першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, журналістка, паэтэса Алена Стэльмах і старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, празаік, мовазнавец Міхаіл Пазнякоў. Апладысментамі гледачы сустракалі вядомых беларускіх паэтаў, якія вызначаюцца сваёй самабытнасцю і непаўторнасцю. Іх вершаваныя радкі – сама шчырасць, лірычнасць, само каханне, любоў да Радзімы, бясконцы душэўны боль за лёс Бацькаўшчыны. А беларуская мова такая, што замілоўвае і слых, і душу.
Падчас мерапрыемства былі падведзены вынікі Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Радком вярнуся па вясне” сярод маладых паэтаў ў гонар памяці лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міколы Мятліцкага. Пераможцамі конкурсу сталі Алена Басікірская (Мінск), Кацярына Роўда (Мінск), Рагнед Малахоўскі (Нарач), Кацярына Мізерыя (Кобрын), Дзіяна Трацян (Гродна), Андрэй Дарожкін (Гродна), Алена Новік (Дзяржынск), Аліна Шакаль (Дзяржынск).