«Паэтычная ліра Міншчыны»
11.06.2024Літаратурна-музычная сустрэча з такой назвай адбылася 11 чэрвеня ў Маладзечанскай дзіцячай школе мастацтваў.
Ва ўступным слове старшыня Мінскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Леанід Крыванос назваў гэту сустрэчу першым крокам XXIII Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2024».
Леанід Міхайлавіч прэзентаваў зборнік песенных твораў Міншчыны «Радзімы песенныя сцежкі». Сумесны праект з Мінскім абласным цэнтрам народнай творчасці прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
– Сёння песні літаратараў Міншчыны складаюць пэўную частку музычнай эстраднай спадчыны ўсёй краіны. У чым іх запатрабаванасць? Гэта пранізлівая грамадзянская лірыка. Яна сугучная з часам, спрыяе выхаванню ў моладзі грамадзянскай адказнасці, натхняе людзей на высакародныя ўчынкі, – адзначыў Леанід Крыванос.
У ліку тых, хто чытаў свае вершы, паэты Рагнед Малахоўскі, Максім Хацкевіч, Віктар Сабалеўскі. Пад гітару выканалі творы паэты, барды Уладзімір Цанунін, Марына Лайкова.
Сваю творчасць прадставілі нашы землякі паэтэса Тамара Бярэзіна і паэт-песеннік Канстанцін Цыбульскі. Прыемным сюрпрызам стала прэм’ера яго песні «Еду ў Маладзечна», якую Канстанцін Пятровіч, як заўсёды, выканаў шчыра і эмацыянальна.
Людміла ЦАР
Фота: Аляксей ПЛАТКО
https://www.mgazeta.by/%D0%BA%D0%B0%D1%82%D0%B5%D0%B3%D0%BE%D1%80%D0%B8%D0%B8/%D0%BA%D1%83%D0%BB%D1%8C%D1%82%D1%83%D1%80%D0%B0/%C2%ABpaetyichnaya-l%D1%96ra-m%D1%96nshchyinyi%C2%BB.html