«Пад мірным небам Беларусі»
13.06.2024Так называлася паэтычна-музычная імпрэза Мінскага гарадскога тэатра паэзіі, якая прайшла ў рамках ХХII Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2024» у Маладзечанскай дзіцячай школе мастацтваў.
З аматарамі роднага слова сустрэліся заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхаіл Пазнякоў, рэжысёр, сцэнарыст Мінскага гарадскога тэатра паэзіі Ганна Красоўская, паэт, бард, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Воранава, паэт, педагог, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Валянціна Драбышэўская.
У час імпрэзы гучалі песні і вершы пра нашу краіну, апяваліся яе дасягненні, міралюбнасць, імкненне народа да яднання. Галоўнай тэмай было захаванне памяці пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Падкрэслівалася, што беларусы здабылі Перамогу цаной вельмі вялікіх ахвяр. Тэматычны відэарад рабіў уражанні яшчэ больш эмацыянальнымі.
Усе выступоўцы падкрэслівалі, што культура збліжае людзей і народы, дапамагае пазбягаць канфліктаў. А яшчэ акцэнт рабіўся на тое, што беларусам трэба берагчы сваю нацыянальную адметнасць, ганарыцца родным словам, шанаваць Радзіму.
Алег БЯГАНСКІ
Фота: Аляксей ПЛАТКО
Па матэрыялам: https://mgazeta.by/категории/культура/«pad-mіrnyim-nebam-belarusі».html